Аляксандр Класкоўскі

Беларускія чыноўнікі любяць сёння цвердзіць пра вайну, у якой яны, канечне ж, бароняць дзяржаву. Па-першае, спадзяюцца, што вайна ўсё спіша, у тым ліку і тое, што яны ігнаруюць нават свае ж драконаўскія законы. А па-другое, у такім кантэксце місія функцыянераў нібыта адразу ж набывае высакародны і гераічны арэол.

Вось і міністр інфармацыі Ігар Луцкі днямі на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў заявіў, што мы, маўляў, апынуліся ў стане інфармацыйнай вайны, прычым “вайны вельмі разнастайнай паводле набору ўжываных метадаў і спосабаў яе вядзення, нацэленай не проста на нанясенне шкоды дзяржаве, а на яе знішчэнне”.

Яшчэ болей, незалежныя медыі, на думку міністра, “сталі непасрэднымі ўдзельнікамі інфармацыйнай вайны, адкрыта выступіўшы на баку агрэсараў”. Во як! Секануў дык секануў! Памагатыя агрэсараў – значыць, ворагі, а з ворагамі на вайне, як вядома, размова кароткая.

А цяпер давайце адкінем штучны пафас “абаронцаў дзяржавы” ды зазірнём у Канстытуцыю. Яна гарантуе, па-першае, свабоду меркаванняў, перакананняў, іх вольнае выказванне. Гэта азначае, што медыі могуць пісаць пра самыя розныя рэчы, у тым ліку і непрыемныя для важных шышак, крытыкаваць уладу. І калі сайты ўносяцца ў чорны спіс за тое, што маўляў, негатыўна асвятляюць сітуацыю пасля выбараў, то гэта поўнае чынавенскае свавольства. У якім законе напісана, што медыі мусяць толькі пляскаць вам, панове начальнікі, у ладкі? Асабліва пасля таго, як вы ператварылі тыя выбары ў здзек.

А па-другое, дзяржава паводле Канстытуцыі гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці. Aэта азначае, што пан міністр мусіць не падзяляць прэсу на сваю і чужую, а аднолькава дбаць як пра “СБ. Беларусь сегодня”, так і пра “Нашу Ніву” ды “Народную Волю”.

На практыцы ж мы бачым, што сваёй, дзяржаўнай, прэсе – карт-бланш, хоць яна, улёгшы ў прапагандысцкае мачылава, зусім страціла ўяўленне пра закон і прафесійную этыку, недзяржаўныя ж медыі сёння фактычна знішчаюцца. Папяровым выданням не даюць друкавацца і распаўсюджвацца, дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў заблакіраваны, журналістаў садзяць за краты. Бо яны ж, паводле чынавенскай логікі, ворагі, якія разбураюць дзяржаву.

Вось так лексікон вайны развязвае функцыянерам рукі. Хаця насамрэч дзяржава – гэта апарат чыноўнікаў, якіх, па ідэі, наймае народ, каб тыя абслугоўвалі яго інтарэсы. Але ў нас чыноўнікі прысабечылі дзяржаву, пераключылі яе функцыі на абслугоўванне ды абарону інтарэсаў свайго саслоўя.

Трызненне пра змову сусветнай закулісы супраць сінявокай рэспублікі – гэта класічны перавод стрэлак. Усе аўтарытарныя рэжымы, усе дыктатуры культывуюць вобраз ворага ды эксплуатуюць міфы пра знешнюю пагрозу. Мы, маўляў, такія белыя і пухнатыя, а падступныя ворагі зайздросцяць нашым поспехам і хочуць скрышыць наш самы справядлівы лад.

Так што беларускае чынавенства з падобнай замшэлай рыторыкай выглядае надзвычай банальна, убога. І заўважце: у палымяных прамовах гэтых “абаронцаў дзяржавы” – ні слова пра тое, чаму грымнуў цяперашні востры ўнутрыпалітычны крызіс.

Рэальная ж карціна, якую і імкнуцца адлюстроўваць незалежныя СМІ, палягае ў тым, што беларусы, якіх шмат гадоў адсоўвалі ад палітыкі, сталі ператварацца з насельніцтва ў грамадзян, у палітычную нацыю. Іх абурылі фальсіфікацыі ды гвалт на мінулых выбарах. Мноства нашых суайчыннікаў палічылі, што іх галасы ўкрадзены. І значная частка грамадства ўзнялася на барацьбу за свае правы.

Удумаемся: тыя, хто сёння пратэстуе, проста захацелі рэальна мець тыя правы, што запісаны ў Канстытуцыі, у тым ліку – магчымасць вольна абіраць уладу. І за гэта людзей месяць дручкамі, кідаюць на нары, абвяшчаюць ворагамі і марыянеткамі замежных лялькаводаў. Хоць яны не засланы з Амерыкі ці з Марса, яны тутэйшыя. Проста беларускае грамадства за тры дзесяцігоддзі пасля распаду СССР значна пасталела, кіраўніцтва ж краіны ментальна засталося ў глыбокім саўку.

Вось у чым сутнасць унутрыпалітычнай калізіі. І не трэба прыплятаць “падступны” Захад. Цвердзячы пра лялькаводаў, чыноўнікі рознага калібру, па сутнасці, абражаюць свой народ, бо, як выглядае, не лічаць, што ён здольны быць самастойным палітычным суб’ектам.

“Не народ для ўрада, а ўрад для народа”, – сказаў некалі Кастусь Каліноўскі. Сёння беларусы дамагаюцца, каб гэта стала ў нас рэчаіснасцю.

Тыя, хто ўзняўся на пратэст, акурат і хочуць бачыць Беларусь здаровай, моцнай, заможнай, дэмакратычнай дзяржавай. А вось вы, панове чыноўнікі, сваім чапляннем за старое, імкненнем закансерваваць учарашні дзень выракаеце краіну на дэградацыю. Рэакцыйная палітыка сённяшняй кіроўнай вярхушкі, па сутнасці, і справакавала ўнутрыпалітычны крызіс. Гэтая цемрашальская палітыка, калі ўсё здаровае ідзе пад нож дзеля ўратавання гнілога рэжыму, разбурае эканоміку, права, мараль, культуру. Такім чынам фактычна ідзе руйнаванне дзяржавы, пра якую вы нібыта клапоціцеся.

Так што не трэба прыкрывацца дзяржавай, пан Луцкі! Вашы ваяўнічыя эскапады недарэчныя. На сучасным слэнгу гэта называецца нацягваць саву на глобус. Калі ж адкінуць слоўнае шалупінне, то выразна бачны марныя высілкі функцыянераў уратаваць свае крэслы, спыніць хаду часу, між тым як набліжаецца заканамерны фінал яшчэ адной дыктатуры.

Публікацыя з № 97 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: