37 краін АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі да дыялогу па ўрэгуляванні крызісу. Расіі ў спісе няма

510
Фота з адкрытых крыніц
Фота з адкрытых крыніц

Мінску варта падтрымаць спробы АБСЕ спрыяць нацыянальнаму дыялогу з улікам парушэнняў правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве ад імя 37 дзяржаў – удзельніц АБСЕ, якое на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) гэтай структуры ў пятніцу зачытала пастаянны прадстаўнік Фінляндыі пры гэтай міжнароднай арганізацыі Пяйві Лайвала дэ Раз’ера. Расіі ў спісе падпісантаў заявы няма, піша “Наша Ніва” са спасылкай на ТАСС.

«Мы гатовыя падтрымаць і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу з мэтай устойлівага ўрэгулявання цяперашняга крызісу, забяспечыўшы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню», – гаворыцца ў заяве, якую пашырыла прадстаўніцтва Фінляндыі пры АБСЕ.

«За апошнія некалькі месяцаў мы сталі сведкамі сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Справаздача дакладчыка “Маскоўскага механізму” [АБСЕ], прафесара Вольфганга Бенедэка, дала нам вялікую колькасць доказаў аб мірных дэманстрантах, якія падвергліся жорсткім нападам і катаванням з боку ўладаў проста за тое, што яны настойвалі на правядзенні свабодных і справядлівых выбараў, на лепшай дэмакратычнай будучыні для сваёй краіны», – адзначаецца ў дакуменце.

37 дзяржаў АБСЕ таксама паведамілі пра тое, што, «згодна з вартымі даверу паведамленнямі пасля прэзідэнцкіх выбараў колькасць арыштаў мірных дэманстрантаў, журналістаў і праваабаронцаў ацэньваецца ў 30000». «Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітвязняў працягвае расці і налічвае больш за 100 прозвішчаў. Няма ніякіх указанняў на тое, што ўлады расследуюць тысячы задакументаваных паведамленняў аб жорсткасцях і катаваннях з боку міліцыі, зафіксаваных з сярэдзіны жніўня, або аб забойствах пратэстуючых. Мы асуджаем прымяненне сілы супраць беларусаў, якія выкарыстоўваюць свае правы чалавека і асноўныя свабоды», — сказана ў сумеснай заяве.

Поделиться ссылкой: