ЗША заклікаюць Мінск вызваліць усіх палітвязняў і пачаць дыялог з Каардынацыйнай радай

346
Турма № 8 у Жодзіна. Фота з адкрытых крыніц
Турма № 8 у Жодзіна. Фота з адкрытых крыніц

Вызваліць усіх палітвязняў і незаконна затрыманых, а таксама пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю заклікаў беларускія ўлады намеснік дзяржсакратара ЗША Стывен Біган на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін – удзельніц АБСЕ. Пасяджэнне праходзіць у гэтыя дні, 3–4 снежня, у фармаце відэаканферэнцыі, паведамляе “Еўрарадыё”.

Біган казаў пра тое, што ў Беларусі са жніўня парушаюцца абавязацельствы перад АБСЭ і груба парушаюцца правы чалавека. Палітвязнямі прызнаныя больш за сто чалавек, затрыманых за рэалізацыю правоў чалавека і фундаментальных свабод.

Біган спасылаўся на дадзеныя з даклада, падрыхтаванага па беларускай сітуацыі ў рамках “Маскоўскага механізму” АБСЕ. Па словах дыпламата, дакладчык робіць справядлівую выснову, калі заклікае ўлады спыніць рэпрэсіі, прыслухацца да людзей і правесці свабодныя і справядлівыя выбары.

“Яны павінны пачаць канструктыўны дыялог з Каардынацыйнай радай і беларускай грамадзянскай супольнасцю”, – сказаў Біган.

Даклад па Беларусі, падрыхтаваны ў рамках “Маскоўскага механізму” АБСЕ Вольфгангам Бенедэкам, згадваў у сваім выступленні і міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў. Ён таксама пагадзіўся з высновамі дакладчыка: Беларусі патрэбныя новыя выбары і грамадскі дыялог. Па словах Рау, АБСЕ можа садзейнічаць гэтаму працэсу.

Пра сітуацыю ў Беларусі на саміце таксама казалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Літвы і Латвіі.

Кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус, у прыватнасці, заклікаў міжнародную супольнасць больш актыўна рэагаваць на палітычны крызіс у Беларусі: аказваць ціск на беларускія ўлады, патрабаваць адказнасці за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і дапамагаць грамадзянскай супольнасці.

Латвійскі міністр Эдгарс Рынкевічс таксама заклікаў партнёраў па АБСЕ падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць. Звяртаючыся да афіцыйнага Мінска, ён заклікаў спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў і пачаць палітычны дыялог з апазіцыяй.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які таксама выступаў на пасяджэнні СМЗС АБСЕ, выказаўся супраць “надуманага выкарыстання асобнымі дзяржавамі – удзельніцамі АБСЕ састарэлых палітызаваных механізмаў” і супраць “прыняцця дзяржавамі-ўдзельніцамі аднабаковых абмежавальных мер”. Макей у чарговы раз заявіў пра контрпрадуктыўны характар ​​санкцый, “асабліва эканамічных, якія ніколі не дасягаюць сваіх мэтаў і толькі паглыбляюць прорву недаверу паміж краінамі”.

Поделиться ссылкой: