Віктар КАЗЬКО: «Беларускі народ адчуў: пад пагрозай яго будучыня»

1716
Віктар Казько
Віктар Казько

Калі патрабуецца вызначыць сутнасць нашага часу коратка і ёмка, двума-трыма словамі, то ў памяці нязменна ўзнікае “дзікае паляванне ліхалецця”. Так называлася адна мудрая і заглыбленая ў беларускі першасвет кніга. Каб зразумець выклікі “ліхалецця”, якое вось ужо амаль чатыры месяцы віруе ў нашай краіне, я і адправіўся ў госці да аўтара гэтага вызначэння – пісьменніка Віктара КАЗЬКО. 

– Віктар Апанасавіч, згадаўшы на пачатку нашай гутаркі “дзікае паляванне ліхалецця”, я не магу абмінуць і вашу новую аповесць “Нашчадкі казённага лёсу” (часопіс “Дзеяслоў”, №№104-105) – гэта цэлае даследаванне аб прыродзе страху. Мне запомніліся адтуль развагі пра чалавека, надкусанага страхам, які страчвае сваё людскае аблічча. Як вы лічыце, улада за апошнія чатыры месяцы нас ужо “надкусіла”, ёй ужо ўдалося застрашыць беларусаў?

Хай страшыцца ўлада, якая трымаецца ўжо толькі на штыках, бо народ запалохаць ёй якраз не ўдалося. Народ як ніколі згуртаваны і як ніколі бясстрашна выходзіць пратэставаць супраць беззаконня, якое пануе ў краіне. Паўтаруся: трэба баяцца ўладзе за тое, што яна сёння творыць. Яе паказная смеласць трымаецца на дубінках, на турмах, на катаваннях. Гэта ж не можа працягвацца бясконца. Прыйдзецца адказваць і разлічвацца па даўгах. А чаму народ не ўдалося застрашыць? Бо ён адчуў: пад пагрозай апынулася яго будучыня, у народа адчуванне, што яго забіваюць. Мы ўсе – маладыя і старыя – адчулі, што не толькі мову страчваем, не толькі дзяржаўнасць, а страчваем сваё заўтра. Само існаванне народа сёння пастаўлена пад пытанне.

– У мяне мароз ідзе па скуры, калі чытаю прызнанні тых, хто прайшоў праз катаванні ў аўтазаках, у ІЧУ і турмах. Сапраўды, такое адчуванне, што ўлада не згодных са сваёй палітыкай хоча фізічна вынішчыць. І мірнымі шэсцямі тут наўрад ці абаронішся…

Мэта ва ўлады адна – пусціць кроў, шмат крыві, і задушыць любое іншадумства. Яна, як мы ўбачылі, не спыняецца і перад забойствам. І народ адчуў, што трэба змагацца за сябе, за краіну. Скажу адкрыта: я прыхільнік больш радыкальных мер. Калі ў жніўні-верасні ў пратэстных акцыях бралі ўдзел дзвесце-трыста тысяч мінчан, трэба было падымаць усю Беларусь. Лукашэнка неяк сам сказаў: маўляў, калі б іх сабралася 700–800 тысяч, я не сядзеў бы ў гэтым крэсле…

– Але ж пратэстныя акцыі не спыняюцца…

Так, працягваем хадзіць. Гэта бачыцца мне чыста беларускай якасцю – ісці да канца. Як хадзілі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызаны, калі немцы палілі вёскі разам з людзьмі. Пра гэта добра сказана ў нашага земляка Дастаеўскага: “Быццё толькі тады пачынае па-сапраўднаму быць, калі яму пагражае небыццё”.

– Каардынацыйнай радай заведзены адзіны рэестр злачынстваў сілавых структур. У той жа час людзі ў пагонах хаваюць свае твары: маўляў, мы ўсяго толькі выконваем загады…

Прывяду тут адно параўнанне, думаю, будзе дарэчы. Нядаўна я чытаў запіскі аднаго былога вязня Асвенцыма. Калі прыбывалі новыя яўрэйскія этапы, іх адпраўлялі ў газавыя камеры адмысловыя зондэркаманды, створаныя з саміх яўрэяў. Зразумела, не па сваёй волі, пад прымусам. Выбар быў просты – жыццё і праца ў зондэркамандзе або смерць у газавай камеры. Не ўсе выбіралі зондэркаманду… Пасля вайны, калі пачаўся Нюрнбергскі працэс, тыя, з зондэркамандаў, апраўдваліся: “Мы нічога не рабілі, толькі падпальвалі печы крэматорыяў”. Але яўрэі-абвінаваўцы дамагаліся, каб іх віна разглядалася па тых жа артыкулах, па якіх судзілі вядомага ката Эйхмана… Так што пакаранне настане і для тых, хто “толькі падпальваў печ”.

– Так не хочацца параўноўваць беларускую рэчаіснасць з нацысцкім “новым парадкам”…

Але гэтыя параўнанні напрошваюцца самі сабой. І лукашэнкаўскія “зондэркаманды” апраўдваюцца: у нас загады, у нас кантракты… Нядаўна ў маскоўскім часопісе “Наш современник” мне трапіўся на вочы артыкул Уладзіміра Багамолава (мы былі з ім знаёмыя, ён сам аднекуль з-пад Масквы, а падзеі ў творах адбываюцца ў Беларусі – “Іван”, “Зося”, “У жніўні 44-га”). Дык вось ён сабраў матэрыял па Трэцім рэйху. І як жа той “новы парадак” перагукваецца з нашай сучаснасцю, з тым, што адбываецца з акрэсцінскімі і жодзінскімі сядзельцамі! Выйшаўшы на волю, яны мусяць аплаціць знаходжанне ў турме. Тое ж патрабавалі і нацысты. Яны забівалі сваіх ахвяр і дасылалі іх сваякам патрабаванні заплаціць за смяротнае пакаранне, за вяроўку, за мыла, нават за паштовую марку, што прыклейвалася на патрабаванне. Вось з каго бярэ прыклад беларускі ўзурпатар, які некалі публічна захапляўся Гітлерам… Але беспакараным нічога не застанецца. Сёння кара не насцігне, дык на лёсе нашчадкаў адгукнецца.

– Правасуддзя давядзецца чакаць так доўга?

Паводле маіх адчуваннящ, беларускі Нюрнберг не за гарамі. Хоць хто ведае… Неяк я фільм глядзеў пра вар’яцкі дом. Там пацыенты захапілі ўладу, выгналі законную адміністрацыю, карацей кажучы, шызафрэнікі пачалі вязаць венікі. Пад баян танцы ладзілі, газету сваю выпускалі… Адбывалася нешта падобнае на сённяшнюю Беларусь. Бо колькі ж у нас бязглуздзіцы, жорсткай бесчалавечнай бязглуздзіцы на самым версе! Адтуль жа ўсё ідзе, там усё вырашаецца. Неяк я прачытаў у інтэрнэце: “Былы прэзідэнт адчуў з..й дно”. Вось ён цяпер і круціцца на тым дне… Але галоўнае – у яго няма дзяржаўніцкага адчування краіны, адчування свайго народа. Ён увесь народ гатовы ва ўласныя ворагі запісаць.

– Больш за 30.000 ужо ёсць – затрыманых, асуджаных, збітых. Думаю, яны дзесьці рэгіструюцца з адпаведнай пазнакай.

Відаць, базы такія ёсць. Вось я нядаўна слухаў нашага “месію”, які называў сябе інтэрнацыяналістам. Тэрмін гэты (“воіны-інтэрнацыяналісты”) нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Пад яго прыкрыццём Крэмль фактычна займаўся інтэрнацызмам, прычым па ўсім свеце – у Афганістане, у Анголе, у сваіх жа сярэднеазіяцкіх рэспубліках. Вось і ў Беларусі, як аскепку СССР, працягваецца тая самая палітыка. Я добра памятаю выпадак, калі ў Жыткавіцкім раёне згарэў на пажары беспрытульны чалавек. І начальнік над усімі начальнікамі грэбліва сказаў: маўляў, падумаеш, бомж загінуў, што яго шкадаваць…

– А згадайма нядаўні выпадак – смерць Рамана Бандарэнкі. Тым жа начальнікам было сказана: “Дык ён жа п’яны быў”. І дагэтуль шукаюць алкаголь у крыві забітага. Як быццам п’яных у нас можна забіваць…

Паўтаруся: гэта вядзе да стварэння яшчэ аднаго Асвенцыма. Паслухаеш – правінцыйны акцёр лухту нясе. Але гэтай лухтой кіруецца ўвесь шматлікі дзяржаўны апарат. А вазьміце паказуху дзяржаўнага тэлебачання. Такое адчуванне, што сюжэты для яго здымаюцца школьнікамі. Днямі я глядзеў, як добры міліцыянер пераводзіў бабульку праз вуліцу. Праўда, яна чамусьці ўпіралася… А сёння ўключыў БТ і пачуў: “Доходы населения в этом году увеличились на 6,3 процента”. Дабрадзеі! А чаму не гаворыцца, наколькі выраслі кошты? Паўсюль гэта вялікая і маленькая дзяржаўная хлусня. Я не магу глядзець беларускае тэлебачанне – проста закіпаю. Гэта ж як просценька сёння стала хлусіць, гледзячы ў вочы! Увогуле, у мяне такое адчуванне, што ўсе мы жывём у чаканні нейкага апакаліпсісу. І асабліва гэта адчуванне нагнятаецца з тэлеэкрана. Гэта так па-гебельсаўску – чым большая хлусня, тым больш яна застаецца ў галовах. Як выглядае, у нас і на БТ з’явіліся зондэркаманды, якія змагаюцца за свае 30 срэбнікаў. Дарэчы, у Беларусі гэта самая ўстойлівая валюта, тут курс яе стабільны, як нідзе.

– На дзяржаўным тэлебачанні цяпер самы запатрабаваны жанр – пакаянні “ворагаў народа”. Бачылі?

Бачыў я тых пакаянцаў – гэта ж жах! Божачка, што з імі вытвараюць! Яны раскайваюцца, што хадзілі на маршы, што рыхтавалі тэрарыстычныя акты. Такога і гітлераўцы не выраблялі. Падпалілі рэйхстаг, але ж выпусцілі з турмы Георгія Дзімітрова. У сталінскіх засценках у паэта Мікалая Забалоцкага выбілі паказанні, як ён капаў тунель да Японіі… Так і ў нас. Помню, які твар мела Святлана Ціханоўская, калі рабіла сваё тэлепрызнанне. Можна толькі здагадвацца, чым яе шантажавалі перад тым, як яна, атрымаўшы 15 тысяч долараў, на літоўскай мяжы заплакала на грудзях збавіцеля…

– Дарэчы, як вы ацэньваеце яе палітычную дзейнасць?

Рана параўноўваць Ціханоўскую з Жаннай д’Арк, але яна імкліва набірае вагу і робіцца сапраўднай палітычнай фігурай.

– Амаль штодзень адбываюцца арышты і суды, вось і днямі ў сваім доме не Пружаншчыне быў арыштаваны пчаляр і паэт Мікола Папека. І мне прыгадаўся верш Ларысы Геніюш “Сталіназаўры”, дзе ёсць радкі: “Судзіць я не ўмею, дароўваць – тым больш, / бо гэта – пладзіць бесхрыбетных, / якія за танны за Юдавы грош / па вязніцах мучаць паэтаў”. Чаму ў нас да гэтай пары не вымерлі сталіназаўры?

Трапнае слоўца – сталіназаўры. Нібыта выкапнёвы від, а такі жывучы. У сувязі з гэтым мне прыгадалася адна гісторыя. Пасля смерці Сталіна ў наш дзіцячы дом быў спушчаны загад зняць помнік правадыру. Сабраліся дырэктары школы і дзетдома, старшыня мясцовага калгаса – тры франтавікі. Скінулі помнік з п’едэстала, а што з ім далей рабіць? Разбіць, утапіць у рацэ? Вырашылі – на ўсякі выпадак – закапаць пад яблынькай, якую назвалі Сталінкай. І мы, дзеці, хадзілі каля тае яблыні, азіраючыся, ведаючы, што пад ёй ляжыць Сталін. Думаю, з падобнай мэтай (каб азіраліся!) была створана і “Лінія Сталіна” пад Мінскам. Так што для сталіназаўраў у нас атмасфера спрыяльная.

– Нядаўна ў Мінск на амаль сакрэтныя перамовы прыязджаў міністр замежных спраў Расіі Лаўроў. Як вы лічыце, якую карту ў Беларусі сёння спрабуе разыграць Масква?

Маскоўская карта адна – трымаць Беларусь пры сабе як базу, як буфер. Крэмль дзякуючы пуцінскай палітыцы страціў Украіну і баіцца страціць апошні плацдарм – Беларусь. Таму Лукашэнку ён будзе падтрымліваць да апошняга. Крыўдна за беларускі народ, які безумоўна заслугоўвае лепшай долі. Разумная моладзь вымушана з’язджаць, хто застаўся – прыдушаны прыгонным кантрактным правам. Глядзіце, колькі спецыялістаў у розных галінах ужо звольнена. Мы быццам сталі жыць у горадзе Глупаве Салтыкова-Шчадрына і перажываем “Акаянныя дні”, сто гадоў таму апісаныя Буніным.

– Мне дык прыходзіць на памяць ваша ўжо згаданае “Дзікае паляванне ліхалецця”. А што вы думаеце пра новую Канстытуцыю, над праектам якой нібыта працуюць “лепшыя юрысты”?

І Канстытуцыя, і анансаваны народны сход – усё гэта сумнеўныя праекты. Круцяць-чмуцяць… Але нездарма ж гаворыцца: Бог не цяля, бачыць круцяля. Помніце, як галоўны круцель сказаў у інтэрв’ю Гардону, што не ўяўляе сябе без прэзідэнцкай пасады. Маўляў, устану раніцай – і што я буду рабіць? Так можа разважаць толькі пустадомак, які за жыццё не стварыў ні добрай сям’і, ні паўнавартаснай дзяржавы.

– Увесь свет дзівіцца з беларускіх пратэстаў – мірных і памяркоўных, нягледзячы на ўсе правакацыі ўлады. Ці прывядуць яны да так патрэбных у краіне перамен?

Мы стагоддзямі маўчалі, як камяні. Маўчанне было нашай мовай. І камусьці пачало здавацца, што беларусы – акамянелы народ. Нам складвалі на грудзях рукі і пасыпалі галовы попелам, называлі нас добрымі і лагоднымі, казалі, што няўмольнае кола гісторыі нам не павярнуць. Але вось мы загаварылі – гучна, на ўвесь свет. І нас свет чуе. Што будзе далей – цяжка сказаць. Усё будзе залежаць ад нас саміх. Бо ўся наша ранейшая гісторыя – гэта адны і тыя ж вялікія граблі. Вельмі не хацелася б зноў і зноў на іх наступаць.

Публікацыя з № 96 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: