
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні нават яшчэ больш пагоршылася. Такую заяву зрабіла 4 снежня вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Мішэль Бачэлет. Сёння ў Савеце ААН па правах чалавека праходзіла абмеркаванне сітуацыі ў нашай краіне, пра гэта піша “Еўрарадыё”.
У сваім выступленні Бачэлет гаварыла пра больш за 27 тысяч чалавек, якія былі затрыманыя ў Беларусі за апошнія месяцы (насамрэч ужо каля 31 тысячы). “Пажылых людзей таксама арыштоўвалі ў час штотыднёвых маршаў пенсіянераў, – адзначала яна. – Шмат каго з іх каралі арыштамі, штрафы ў адносінах да пратэстуючых таксама робяцца ўсё больш сур’ёзнымі”.
Былі згаданы і больш за 900 фігурантаў крымінальных спраў, а сярод іх “удзельнікі выбарчай кампаніі, журналісты, праваабаронцы, блогеры”. Гаворка ішла і пра тое, што арыштаваных пратэстуючых утрымліваюць у перапоўненых камерах без нармальнай вентыляцыі, што павышае рызыкі заражэння COVID-19.
“Улады павінны садзейнічаць правядзенню мірных акцый пратэсту, прымяненне сілы павінна быць прапарцыйнай і выключнай мерай”, – заявіла вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Мішэль Бачэлет падкрэслівае: урад Беларусі павінен спыніць парушэнні правоў чалавека. Яна заклікала беларускія ўлады пачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог з удзелам усіх зацікаўленых, “забяспечыць незалежнае і адкрытае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання”.
Каманда вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека хацела б наведаць нашу краіну, але дазволу дагэтуль няма.