
Савет па правах чалавека ААН у Жэневе 4 снежня прыняў заяву з асуджэннем пераследавання журналістаў і супрацоўнікаў СМІ рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе “Радыё Свабода”.
У заяве, якую ад імя 41 дзяржавы агучыў Джуліян Брэйтуэйт, сталы прадстаўнік Вялікабрытаніі ў Савеце па правах чалавека, гаворыцца: «Мы глыбока занепакоеныя празмерным ужываннем сілы ўладамі супраць журналістаў, у тым ліку паведамленнямі пра катаванні і жорсткае, бесчалавечнае альбо прыніжальнае для годнасці абыходжанне і пакаранне. (…) Пачынаючы з мая 390 журналістаў паведамілі пра пэўную форму пераследавання. Пакаранні журналістаў за тое, што яны выконвалі сваю працу, недапушчальныя, і мы заклікаем Беларусь неадкладна вызваліць усіх затрыманых і зняць з іх усе абвінавачанні».
У заяве згадваюцца крымінальныя абвінавачанні, прад’яўленыя журналістцы тэлеканала «Белсат» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), якая была затрыманая пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Пераменаў» у Мінску 15 лістапада.
«Мы настойліва заклікаем Беларусь паважаць свабоду слова для ўсіх, у тым ліку для журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Мы заклікаем Беларусь выконваць рэкамендацыі “Маскоўскага механізму” АБСЭ ў пытаннях свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі. Штораз большыя абмежаванні для незалежных СМІ павінны спыніцца», – заключаецца ў заяве 41 дзяржавы ў Савеце па правах чалавека ААН.