Пра перавагі мірнага пратэсту

195
Мінск 16 жніўня 2020 года. Фота з адкрытых крыніц
Мінск 16 жніўня 2020 года. Фота з адкрытых крыніц

Пра асаблівасці беларускіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, гвалту і несправядлівасці, іх адметнасці і перавагі на партале “Беларускага Радыё Рацыя” разважае Мікола Бянько.

Самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту адбылася 16 жніўня 2020 года – праз тыдзень пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Адначасова ў Мінску і ва ўсіх астатніх гарадах, пасёлках і нават вёсках на вуліцы выйшлі сотні тысяч, калі не мільён грамадзян. Пратэстуючыя трымалі ў руках крэатыўныя плакаты, бел-чырвона-белыя і дзяржаўныя сцягі. Жанчыны выйшлі на акцыю ў прыгожых сукенках і з кветкамі ў руках. Нягледзячы на рэкордную колькасць людзей на вуліцах, не фіксаваліся ніякія акты вандалізму, не было выпадкаў нападу на адміністрацыйныя будынкі, не білі шыбы ў крамах, не падпальвалі прыватныя аўтамабілі. Словам, пратэст беларусаў быў вельмі арганізаваным, дысцыплінаваным і мірным.

Ілюстрацыяй высокай культуры пратэстуючых сталіся растыражаваныя па ўсім свеце фотаздымкі грамадзян, якія здымалі абутак перад тым, як устаць з нагамі на вулічныя лавы. Незвычайны ўсплёск грамадскай актыўнасці, пік якой прыпаў менавіта на 16 жніўня, абумоўлены некалькімі прычынамі.

Па-першае, надзвычайнай палітызацыяй усяго беларускага грамадства, выкліканай стомленасцю ад стылю кіравання Аляксандра Лукашэнкі і памылковай рэакцыяй улады на пандэмію каранавіруснай інфекцыі. Па-другое, перакананасцю грамадзян у тым, што рэальныя вынікі выбараў зусім не адпавядаюць лічбам, агучаным ЦВК. Па-трэцяе, удалай кампаніяй альтэрнатыўных кандыдатаў, якія ў сваёй рыторыцы намацалі аргументы, здольныя мабілізаваць шырокія масы. Але самае галоўнае: беларусы жахнуліся метадамі задушэння мірных пратэстаў, на якія пайшлі сілавікі.

Нематываваная жорсткасць, непрапарцыйны гвалт і садызм абурылі апалітычных людзей, якія ўпершыню ў жыцці выйшлі на вуліцы гарадоў, каб выказаць нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Можна сказаць, улада дапусціла фатальную памылку, калі быў дадзены загад на тое, каб адбіць у беларусаў раз і назаўжды жаданне выходзіць на акцыі пратэсту. У адносна невялікай Беларусі не знайсці ніводнай сям’і, у якой калі не сваякі, то знаёмыя не пацярпелі б ад гвалту ўладаахоўнікаў.

Адметна, што рэкордныя мітынгі дэмаралізавалі вертыкаль і сілавікоў, якія проста на некалькі дзён зніклі з публічнай прасторы. А байцы АМАП увогуле з’явіліся на вуліцах гарадоў толькі праз месяц, калі трошкі суцішыліся эмоцыі. Дзясяткі тысяч прыхільнікаў пераменаў у абласных гарадах і сама меней 300 тысяч мінчан у сталіцы – пра такую колькасць мітынгуючых маглі толькі марыць дэмакратычныя палітыкі 1990-х. Аднак выхад грандыёзнай грамады на мітынгі па ўсёй краіне зусім не абрынуў увадначассе аўтарытарны рэжым. Насуперак наіўным меркаванням, распаўсюджаным у ранейшыя часы, дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі зацягнулася на некалькі месяцаў.

Некаторыя гарачыя галовы раз-пораз агучваюць думку, што, маўляў, рэвалюцыя ў Беларусі прайграла ў той момант, калі грамадзяне зрабілі стаўку на мірныя пратэсты і не скарысталіся колькаснай перавагай менавіта 16 жніўня. Сапраўды, такую колькасць людзей, каб яны былі настроеныя агрэсіўна, не спынілі б вартыя жалю тысячы байцоў АМАП. Ды і танкі былі б супраць такой грамады нямоглыя. Аднак перспектывы дэмакратызацыі Беларусі былі б ад такога падыходу туманныя. Ды і не адбылося б столькі падзей у наступныя месяцы, якія, з аднаго боку, аб’ядналі беларусаў, а з іншага – поўнасцю дэлегітымізавалі ўладу. Месяцы драматычнага супрацьстаяння грамадзян з рэпрэсіўнай машынай – гэта ўнёсак у незваротнасць будучых пераменаў. Больш за тое, улада нарабіла за апошнія тыдні столькі памылак, што ў яе прыхільнікаў не засталося нават гіпатэтычнай магчымасці рэканструяваць рэжым у будучыні.

Поделиться ссылкой: