
Сёння старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прыехала на сустрэчу са студэнтамі журфака БДУ. Яна праходзіла ў закрытым фармаце: на сустрэчу запрасілі не ўсіх студэнтаў, паведамляе “Еўрарадыё”.
Тым не менш тэлеграм-канал “Студэнцкая думка” апублікаваў некаторыя пытанні і адказы, якія прагучалі на сустрэчы. Напрыклад, Качанава прызналася, што падпісаная не толькі на тэлеграм-канал “Пул Першага”, але і на Сцяпана Пуцілу (яго канал у Беларусі прызнаны экстрэмісцкім).
Таксама чыноўніца паведаміла, што ў недзяржаўных СМІ пра яе шмат пішуць хлусні. “Што тычыцца недзяржаўных СМІ: я ў добрых стасунках з галоўным рэдактарам “Нашай Нівы”. Але як я магу добра ставіцца да НН, калі пра мяне там толькі хлусня? Я заўсёды была вельмі адкрытая, кожны месяц у мяне была прамая трансляцыя, дзе я адказвала на пытанні. І вось я потым чытаю ў “Нашай Ніве” пра мяне хлуслівыя факты, і гэта спрэс працягваецца. Таму, разумееце, калі адзін журналіст “Нашай Нівы” спрабаваў са мной пагаварыць, я сказала: мне, можа быць, і цікава з вамі пагаварыць, але вы ж потым напішаце няпраўду”, – сказала Качанава.
Адна са студэнтак спыталася, чаму супраць журналістаў ужываюцца рэпрэсіі.
“Журналістаў прыцягваюць да адказнасці, як і іншых людзей, за несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Журналісты, роўна як і іншыя людзі (а гэта законы не 2020 года, а тыя, што дзейнічаюць ужо шмат гадоў), за несанкцыянаваныя мерапрыемствы павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”, – упэўненая Качанава.
Праўда, яна забывае, што журналісты на несанкцыянаваных акцыях працуюць. Паводле логікі спадарыні Качанавай, да такой самай адказнасці трэба прыцягваць і міліцыянераў, якія прысутнічаюць на гэтых жа акцыях.
“Калі рэпрэсіраваць журналістаў і затрымліваць іх, то хто будзе асвятляць усё, што адбываецца?” – запыталася студэнтка.
І атрымала адказ: “А навошта гэта асвятляць?”