Алексіевіч на Савеце ААН па правах чалавека: Дыялог патрэбны, але не любой цаной

491
Святлана Алексіевіч. Фота з адкрытых крыніц
Святлана Алексіевіч. Фота з адкрытых крыніц

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч заклікала Савет ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання, паведамляе “Радыё Свабода”.

Алексіевіч уваходзіць у прэзідыум Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, яна вымушана пакінула краіну ў канцы верасня і знаходзіцца ў Германіі.
«Мая родная Беларусь перажывае адзін з драматычных момантаў у сваёй гісторыі», – заявіла пісьменніца, выступаючы 4 снежня ад імя міжнароднага ПЭН-цэнтра ў ходзе інтэрактыўнага дыялогу Савета ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі.

«Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасці і фальсіфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохвання, арыштамі і катаваннямі», – сказала Алексіевіч. Яна падкрэсліла, што сотням людзей у Беларусі пагражае крымінальнае пераследаванне, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну.

«На жаль, як часта ўжо бывала ў беларускай гісторыі, моманты найвышэйшага духоўнага ўздыму не аддзеленыя ад ахвяраў, – адзначыла пісьменніца. – 11 лістапада малады мастак Раман Бандарэнка стаў ахвярай не справакаванага гвалту з боку людзей з закрытымі тварамі, якія збілі яго. Ён быў дастаўлены ў міліцыю, а затым у бальніцу ў коме з цяжкімі траўмамі галавы. 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі».

Член прэзідыума Каардынацыйнага савета падкрэсліла, што беларускае грамадства і інтэлектуальная эліта краіны з’яўляюцца «прыхільнікамі мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу, дыялогу».

«Аднак дыялог не можа рэалізавацца любой цаной, – сказала яна. – Ад імя грамадзянскай супольнасці я заклікаю Савет ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання».

Поделиться ссылкой: