За 20 гадоў – у 200 разоў: як падаражэў праезд у мінскім грамадскім транспарце

92
Грамадскі транспарт у Мінску
Грамадскі транспарт у Мінску

Праезд у мінскім грамадскім транспарце зноў падаражэў. Еўрарадыё падлічыла, што гэта будзе 33-ці рост цэн з 2000 года. За 20 гадоў кошт талончыка на адну паездку ў аўтобусе, тралейбусе ці трамваі вырас у 187,5 раза. А жэтончык на адну паездку ў метро аказаўся самым крутым эквівалентам грошай: ён за 20 гадоў падаражэў ажно ў 200 разоў!

Да цяперашняга снежня праезд у грамадскім транспарце Мінска даражэў у снежні мінулага года. Тады цана адной паездкі вырасла на 5 капеек. Гэта не так жорстка, як было, напрыклад, у пачатку нулявых. З лета 2003 года да лета 2007-га праезд даражэў роўна ў тры разы. З лета 2002 да лета 2007 года праезд даражэў роўна ў пяць разоў.

Каб не быць галаслоўнымі, мы звялі ўсе павелічэнні тарыфаў у спіс. Цяпер кожны можа прасачыць, наколькі даражэй з гадамі становіцца быць мінчанінам.

Статыстыка

2000 — 40 рублёў
2001 — 60 рублёў (+50%)
2001 — 80 рублёў (+33%)
2002 — 120 рублёў (+50%)
2002 — 150 рублёў (+25%)
2002 — 180 рублёў (+20%)
2003 — 200 рублёў (+11,1%)
2003 — 220 рублёў (+10%)
2003 — 250 рублёў (+13,6%)
2004 — 300 рублёў (+20%)
2004 — 360 рублёў (+20%)
2005 — 400 рублёў (+11,1%)
2005 — 460 рублёў (+15%)
2006 — 500 рублёў (+8,7%)
2007 — 600 рублёў (+20%)
2010 — 700 рублёў (+16,7%)
2011 — 850 рублёў (+21,4%)
2011 — 900 рублёў (+5,8%)
2011 — 950 рублёў (+5,5%)
2011 — 1300 рублёў (+36,8%)
2012 — 1500 рублёў (+15,3%)
2012 — 1700 рублёў (+13,3%)
2013 — 2000 рублёў (+17,6%)
2013 — 2500 рублёў (+25%)
2013 — 3000 рублёў (+30%)
2014 — 3700 рублёў (+23,3%)
2014 — 4500 рублёў (+21,6%)
2015 — 5500 метро (+22,2%) / 5000 аўтобус (+11,1%)
2016 — 60 капеек (+9%) / 55 капеек (+10%)
2017 — 65 капеек (+8,3%) / 60 капеек (+9%)
2018 — 70 капеек (+7,6%) / 65 капеек (+8,3%)
2019 — 75 капеек (+7,1%) / 70 капеек (+7,6%)
2020 — 80 капеек (+6,6%) / 75 капеек (+7,1%)

Як бачым, з моманту дэвальвацыі ў 2011 годзе і да дэнамінацыі ў 2016 годзе праезд падаражэў у 6,5 раза. А за шэсць з паловай апошніх гадоў падаражэў удвая. У красавіку 2013 года талончык і жэтончык каштавалі 3700 рублёў (37 капеек пасля дэнамінацыі), у жніўні 2014-га — 4000 рублёў (40 капеек “новымі”), а ў снежні 2014-га — 4500 рублёў (45 капеек). Цяпер талончык і жэтончык каштуюць па-рознаму. Але ўсё роўна не танней: са снежня 2020 года — 80 капеек у наземным транспарце і 75 капеек у метро.

За 20 гадоў – у 200 разоў: як падаражэў праезд у мінскім грамадскім транспарцеСпросцім гэту складаную матэматыку, ужыўшы да кошту праезду методыку “Індэкса бігмака”. У 2010 годзе мінчане маглі купіць за адзін долар 13 паездак на транспарце, а ў 2020 годзе — толькі 3 паездкі.

Тры апошнія гады павышэнні цэн на праезд адбываюцца раз на год. “Рэкордная” колькасць падаражэнняў была ў 2011 годзе — адразу 4 разы.

Сабекошт праезду

Нашы чыноўнікі неаднаразова выказваліся пра тое, што талончыкі і жэтончыкі не акупляюць сабекошт праезду ў транспарце. У розных інтэрв’ю яны называюць розныя лічбы: то гараджане аплачваюць 30% ад сабекошту, то 50%.

У 2009 годзе ўлады гаварылі пра тое, што сабекошт праезду роўны 1800 рублям. Атрымліваецца, што талончык пакрываў каля 40%. У 2010 годзе сабекошт быў 1800 (талончык 700, 39%), у 2011-м — 3000 рублёў (талончык каштаваў 1300 рублёў, 43%).

Хто павышае кошт?

Лічыцца, што ўсё адбываецца так: ініцыятыва аб павышэнні цэн ідзе ад “Мінсктранса”, яны падаюць запыт аб павышэнні цаны і прыблізны кошт. Мінгарвыканкам рыхтуе рашэнне аб унясенні змяненняў у тарыф. Потым гэта рашэнне ўзгадняецца з шэрагам арганізацый: Міністэрства эканомікі, МАРГ, намеснікі старшыні Мінгарвыканкама, “Сталічны транспарт і сувязь”. І пасля гэтага рашэнне прымаецца на ўзроўні Мінгарвыканкама, адпаведны ўказ публікуецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Ці будуць мінчане калі-небудзь аплачваць праезд на 100%?

Размовы пра гэта ходзяць пачынаючы з 2011 года. Напярэдадні атрымання крэдыту ад ЕўрАзЭС Нацбанк РБ гаварыў пра тое, што “тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту будуць паслядоўна павышацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё да канца 2011 года 70% затрат на іх аказанне, у 2012 годзе — не менш за 85%, у 2013 годзе — не менш за 90%”.

У комплексе мер па рэалізацыі “Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады”, зацверджаных пастановай Саўміна №18, гаворыцца пра “дасягненне на 1 студзеня 2018 г. 70-працэнтнага ўзроўню кампенсацыі даходамі выдаткаў на перавозкі пасажыраў гарадскім і прыгарадным транспартам і падтрыманне з 2019 года гэтага ўзроўню пры зніжэнні выдаткаў на перавозкі і аказанні падтрымкі найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян”.

Поделиться ссылкой: