«Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сцяга ўратаваў яўрэйскую дзяўчынку ад Халакосту

208
Сямейнае пахаванне Дуж-Душэўскіх. Петрашунскія могілкі, Коўна (Літва)
Сямейнае пахаванне Дуж-Душэўскіх. Петрашунскія могілкі, Коўна (Літва)

На надмагіллі стваральніка бел-чырвонага-белага сцяга Клаўдыюша (Клаўдзія) Дуж-Душэўскага апрача імёнаў ягонай жонкі і адзінага сына ёсць імя Марыны Расіцкене. У час вайны, рызыкуючы жыццём, ён выратаваў яе з ковенскага гета і выхаваў як уласную дачку, распавядае “Радыё Свабода”.

Дуж-Душэўскі пахаваны ў Літве. Гэтую краіну ён называў сваёй другой радзімай, а сябе – «рамантыкам беларуска-літоўскага збліжэння». Большую частку жыцця ён пражыў у Коўне. Менавіта там адбылася гэтая гісторыя.

Як Літва стала другой радзімай стваральніка нацыянальнага сцяга

Да восені 1939 года Коўна ўсё яшчэ было сталіцай Літвы. Клаўдыюш Дуж-Душэўскі жыве там разам з сям’ёй. Гэта паважаны ў Літве інжынер, працуе ў Міністэрстве сувязі. Яму – 48, жонцы Алене на 7 гадоў менш, а сыну Сцяпану – 8. Бел-чырвона-беламу сцягу, які ён стварыў у час вучобы ў Пецярбургскім горным інстытуце, ужо больш за 20 гадоў.

Сем фактаў пра бчб-сцяг

  • Эскіз белага сцяга з чырвонай стужкай Дуж-Душэўскі намаляваў у пачатку 1917 года. За аснову ён узяў колеры «Пагоні».
  • Яшчэ ўзімку сцяг выкарыстоўвалі толькі беларускія студэнты ў Пецярбургу.
  • У сакавіку ён стаў галоўным элементам у час «Дня беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Мінска.
  • Сцягі, пашытыя паводле эскіза Клаўдыюша Дуж-Душэўскага, разаслалі ў мясцовыя арганізацыі.
  • У жніўні на 1-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.
  • У снежні ў Мінску пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачаў працу Першы Усебеларускі з’езд.
  • 1918 год – афіцыйны сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.
Выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне, знойдзеная ў час рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013 годзе. Спецыялісты не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў час галасавання дэлегаты Першага Усебеларускага з'езду ў снежні 1917-га
Выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне, знойдзеная ў час рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013 годзе. Спецыялісты не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў час галасавання дэлегаты Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917-га.

Пераезд Клаўдыюша Дуж-Душэўскага ў Літву быў шмат у чым выпадковы. Не здолеўшы праз рэвалюцыю скончыць інстытут у Пецярбургу, ён спачатку на нядоўгі час трапляе ў кантраляваны бальшавікамі Мінск. Там пачынае працу губернскім геолагам і ў красавіку 1919 года едзе па службе ў Вільню. Акурат у гэты час горад займаюць польскія войскі. У Мінск Дуж-Душэўскі больш не вярнуўся. У Вільні ён становіцца дыпламатычным прадстаўніком БНР у краінах Балтыі. Некаторы час статус горада застаецца няпэўным. Толькі ў 1922 годзе Вільню далучаюць да Польшчы. Дуж-Душэўскі пратэстуе. Ён крытыкуе падзел Беларусі і за гэта на некалькі тыдняў трапляе ў сумна вядомую Лукіскую турму.

Пасля вызвалення ён прымае рашэнне пакінуць гэты горад. Прычына была не толькі ў палітыцы. Неўзабаве пасля нараджэння тут памірае першае дзіця Клаўдыюша і Алены. Вільня стала для яго месцам траўмы. Нават пазней, калі яна была сталіцай савецкай Літвы, у якую ў Дуж-Душэўскага было мноства магчымасцей перабрацца, ён застаўся ў Коўне.

Алена і Клаўдыюш Дуж-Душэўскія разам з сынам Сцяпанам, 1932
Алена і Клаўдыюш Дуж-Душэўскія разам з сынам Сцяпанам, 1932

Спакойнае жыццё сям’і Дуж-Душэўскіх працягваецца да лета 1940 года. У чэрвені Літву далучаюць да СССР.

Той перыяд жыцця Дуж-Душэўскага да дробязяў ведае гісторык з Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне Томаш Блашчак, які працуе над біяграфічнай кнігай пра стваральніка беларускага сцяга.

«Ужо пасля далучэння Вільні да Літвы, увосень 1939 года, Дуж-Душэўскі перадае ўсе свае беларускія справы ксяндзу Адаму Станкевічу ў Вільню. Гэтыя справы – створаны ім жа ў Коўне “Цэнтр беларускай дзейнасці ў Літве”. Па сутнасці, гэта была фармальная пасада. Я не сустрэў ніводнага следу, каб ён неяк ангажаваўся ў беларускую справу апошнія гады перад акупацыяй», – расказвае Блашчак.

Дуж-Душэўскі быў упэўнены, што бальшавікі не даруюць яму дзейнасці ў беларускіх арганізацыях і ў БНР. У жніўні яго арыштоўваюць і абвінавачваюць у «антысавецкай дзейнасці».

Дзве акупацыі і два зняволенні Дуж-Душэўскага

Гінтарасу Расіцкасу сёння 60 гадоў, ён жыве ў Лондане, але родам з Коўна. Клаўдыюша Дуж-Душэўскага ён не мог памятаць, бо нарадзіўся праз год пасля ягонай смерці. Але стваральніка беларускага нацыянальнага сцяга добра ведала ягоная мама Марына Расіцкене. Дуж-Душэўскі лічыў яе сваёй дачкой. Яны пахаваныя побач на Петрашунскіх могілках у Коўне.

«Майго роднага дзеда звалі Мойшэ Ландаў. У 1940 годзе ён, як і Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, быў арыштаваны бальшавікамі і трапіў у ковенскую турму. Маме было тады 11 гадоў. Дзед Мойшэ сядзеў у адной камеры разам з Клаўдыюшам, і яны вельмі пасябравалі. І не толькі яны. Пакуль Клаўдыюш і мой дзядуля сядзелі ў турме, жонка Клаўдзія Алена і мая бабуля Лібэ стаялі ў чарзе, каб перадаць ежу сваім мужам. І яны таксама пасябравалі. Клаўдыюш і Мойшэ пакляліся адзін аднаму, што калі нехта з іх не выжыве, то другі паклапоціцца пра яго сям’ю», – распавядае Гінтарас Расіцкас.

Следзтва трывала год, але не паспела завяршыцца. У чэрвені 1941 года Германія нападае на акупіраваную бальшавікамі Літву. Клаўдзій Дуж-Душэўскі ўцякае з турмы. Міністэрства сувязі, у якім ён працаваў дагэтуль, больш не існавала. Дуж-Душэўскі ўладкоўваецца інжынерам на фабрыцы гумовых ботаў Inkaras, а пазней становіцца яе дырэктарам.

Лёс яўрэйскай сям’і Ландаў быў іншы. Калі пачалася нямецкая акупацыя, уся сям’я з трыма дзецьмі трапіла ў гета Віліямпаль (Коўна).

«Немцы прывялі майго дзеда Мойшэ працаваць на фабрыку Inkaras, дзе Клаўдыюш працаваў ужо дырэктарам. Паколькі яны былі сябрамі з часоў турмы, было вырашана, што мая маці Марына таемна выйдзе з гета, а Клаўдыюш схавае яе дома. Некаторы час Клаўдыюш дапамагаў хавацца і брату маёй маці дзядзьку Давіду», – працягвае расповед Гінтарас Расіцкас.

Марына Расіцкене
Марына Расіцкене

Хаваць яўрэяў у хаце Дуж-Душэўскаму ўдаецца некалькі месяцаў. У жніўні 1943 года яго і жонку Алену арыштоўвае за гэта гестапа. Спачатку іх змяшчаюць у тую самую турму, дзе Дуж-Душэўскі сядзеў і чакаў суда пры бальшавіках. Пазней Клаўдыюша і Алену высылаюць у канцлагер Правянішкі. Там Дуж-Душэўскія праседзелі больш за 4 месяцы. Іх вызвалілі з дапамогай знаёмых з тарфянога трэста, куды потым уладкоўваецца Клаўдзій. Марыну ўвесь гэты час удаецца хаваць ад немцаў.

«Калі Чырвоная Армія падышла пад Коўна, немцы знішчылі многіх яўрэяў з гета. Але мае дзядуля і бабуля Мойшэ, Лібэ, цётка Міра і дзядзька Давід не былі ў гэтай групе. Рэшту яўрэяў вывезлі з гета ў канцлагер Дахаў. Паездка была вельмі складаная. Прыйшлося шмат хадзіць. Мужчыны і жанчыны былі падзеленыя. Бабуля і цётка Міра пайшлі разам. Неяк так здарылася, што бабуля параніла нагу, і пачаўся моцны крывацёк. Яна памерла на вачах у цёткі», – узгадвае Гінтарас Расіцкас.

Калі амерыканцы вызвалілі канцлагер Дахаў, Мойшэ Ландаў і сын Давід засталіся ў Германіі. Брат Марыны скончыў там універсітэт. Пазьней ён разам з бацькам зьехаў у ЗША. Марына ўвесь гэты час была з Дуж-Душэўскімі ў Коўне.

«Цётка Міра вярнулася ў Літву. Мяркую, што першы час яна жыла разам з Дуж-Душэўскімі. Усе жахі вайны моцна закранулі яе псіхіку. Мама клапацілася пра яе ўсё жыццё. Клаўдзій удачарыў маю маму. Пасля вайны яна скончыла сярэднюю школу, атрымала кваліфікацыю інжынера машын і абсталявання лёгкай прамысловасці ў Ковенскім політэхнічным інстытуце. Мой бацька, Чэславас Расіцкас, вучыўся ў той самай групе. Яны ажаніліся, атрымалі прызначэнне ў Клайпедзе. Там у 1958 годзе нарадзіўся мой брат Эдвардас, а ў 1960 годзе я. Мая мама памерла 29 снежня 1977 года. Яе пахавалі на Петрашунскіх могілках разам з сям’ёй Клаўдзія», – працягвае расповед Гінтарас Расіцкас.

Дуж-Душэўскага Марына Расіцкене перажыла на 18 гадоў. Заканчэнне вайны не прынесла спакою стваральніку беларускага сцяга. Ён ідзе працаваць у Ковенскі ўніверсітэт, але ў 1946 годзе супраць Клаўдзія зноў заводзяць справу, канфіскуюць у час вобшуку кандыдацкую работу, а самога арыштоўваюць. Праз год з прычыны недастатковых доказаў яго вызваляюць, справу спыняюць, але тым не менш звальняюць з універсітэта за «ідэалагічную непаспяховасць».

Наступныя пяць гадоў Дуж-Душэўскі працуе архітэктарам у праектным бюро. У 1952 годзе яго чарговы раз арыштоўваюць, усё за тую ж «антысавецкую дзейнасць». У час вобшуку канфіскуюць кнігі Дуж-Душэўскага. Сёння некаторыя з іх, з пазнакай «изъято во время обыска», можна сустрэць у віленскіх бібліятэках. Клаўдыюша асуджаюць на 25 гадоў турмы. Зняволенне ён адбывае ў сумнавядомай турме КДБ у Вільні. Але ў 1955 годзе, моцна хворага, яго вызваляюць па амністыі. Апошнія 4 гады жыцця ён праводзіць дома ў Коўне.

«Тата лічыў Марыну сваёй сястрой»

Юлюс Душаўскас-Дуж
Юлюс Душаўскас-Дуж

Юлюсу Душаўскасу-Дуж 60 гадоў, ён жыве ў Вільні. Юлюс – адзіны ўнук стваральніка беларускага нацыянальнага сцяга. Ён былы марак, адплаваў 25 гадоў у Ціхім акіяне і Атлантыцы. З 1994 года на «вялікай зямлі». Ягоны бацька Сцяпан быў адзіным сынам Клаўдыюша і Алены.

Гінтараса і Эдвардаса Расіцкасаў ён называе стрыечнымі братамі, хоць паміж імі няма кроўнага сваяцтва.

«Марына вырасла разам з маім бацькам, і ён лічыў яе сваёй сястрой. Да дзеда яна трапіла праз сябра, адваката. Ён папрасіў прытуліць ягоную дачку, калі яны былі ў турме. Дзед Клаўдзій, дзякуючы нейкім махінацыям, даўшы некаму хабар, забраў гэтую дзяўчынку з гета. Паводле легенды, яе спачатку выдавалі за пакаёўку ў доме дзеда», – расказвае гісторыю сваёй сям’і Юлюс Душаўскас-Дуж.

За ратаванне яўрэяў Клаўдыюш і Алена Дуж-Душэўскія пасмяротна атрымалі ўзнагароду ад прэзідэнта Літвы. Гэта адбылося па просьбе яўрэйскай супольнасці ў Літве.

Сямейны альбом Дуж-Душэўскіх
Сямейны альбом Дуж-Душэўскіх

«Патроху пра дзеда расказвала бабуля, як яна выйшла ў Санкт-Пецярбургу замуж за яго, як пераехалі ў Літву, як прыйшлі саветы – пасадзілі, прыйшлі немцы – і пасадзілі, прыйшлі зноў саветы – зноў пасадзілі. Пасля смерці дзеда бабуля ўжо не выходзіла замуж, жыла ў Вільні. У час вайны і пасля, каб пракарміць сям’ю, яна выкладала іспанскую, партугальскую, нямецкую мовы. Дажыла да 1990 года і памерла, маючы 92 гады, у нашым доме ў Вільні», – распавядае Юлюс Душаўскас-Дуж.

Бацька Юлюса Сцяпан нарадзіўся ў 1931 годзе ў Коўне, але ўсё жыццё пражыў у Вільні. Ён быў хімікам, доктарам навук, удзельнічаў у беларускім жыцці горада.

Сям'я Дуж-Душэўскіх, 1935 год
Сям’я Дуж-Душэўскіх, 1935 год

«Спачатку ён нічога не расказваў пра дзеда. Упершыню я даведаўся, што мой дзед быў беларускім дзеячом і аўтарам нацыянальнага сцяга, калі мне было 16 гадоў. Пазней, калі мне было 20, тата зноў мне пра гэта нагадаў. Але доўгіх размоў пра гэта не было. У той час усе баяліся “старэйшага брата”, які ўсё ведае, усё чуе і ўсё бачыць.

Калі я бачу сёння мора бел-чырвона-белых сцягоў у Беларусі, то цешуся, што наша сям’я нечым паспрыяла руху на карысць незалежнасці. Калі чую заявы, што гэта фашысцкі сцяг, то заўсёды кажу сам сабе: кожны выказваецца па меры сваёй адукацыі. Я падтрымліваю людзей у Беларусі. Усё гэта рана ці позна мусіла скончыцца. Я вельмі спадзяюся, што бел-чырвона-белы сцяг будзе зноў дзяржаўным у Беларусі», – падсумоўвае Юлюс Душаўскас-Дуж.

Сваім прадзедам ганарыцца і Марус Душаўскас-Дуж. Пра тое, што той быў актыўным беларускім дзеячом, ён ведаў даўно. А пра тое, што прадзед стварыў бел-чырвона-белы сцяг, дазнаўся 6 гадоў таму. Сёлета ён разам з жонкай і сынамі ўдзельнічаў у «Балтыйскім шляху салідарнасці з Беларуссю» пад бел-чырвона-белым сцягам.

Марус Душаўскас-Дуж разам з сынамі на «Балтыйскім шляху салідарнасці з Беларуссю»
Марус Душаўскас-Дуж разам з сынамі на «Балтыйскім шляху салідарнасці з Беларуссю»

«Мы падтрымліваем рэвалюцыю ў Беларусі і верым у беларускую свабоду. Людзі маюць права на свабоду і справядлівыя выбары. Мне вельмі балюча бачыць, як сілавыя структуры, прызначаныя абараняць людзей, збіваюць, катуюць і забіваюць іх. Таму заявы Лукашэнкі, што бел-чырвона-белы сцяг – фашысцкі, асабліва закранаюць», – кажа ён.

«Наша сям’я будзе заўсёды яму ўдзячная»

Беларускі нацыянальны сцяг побач з літоўскім і надпісам па-англійску «Разам» размешчаны і на профілі ў сацсетках унучкі Марыны Расіцкене Крысціны, якая жыве ў Лондане. Пра ролю Дуж-Душэўскага ў жыцці яе бабулі яна ведала і раней, а вось пра тое, што ён яшчэ і стваральнік сцяга, які яна ў пачатку пратэстаў у Беларусі змясціла ў сваім Фэйсбуку, жанчына дазналася ад «Радыё Свабода».

«Сапраўды? Я пра гэта не ведала. Вялікі вам дзякуй. Я моцна кранутая. Я вельмі падтрымліваю беларусаў. Я ведала з расповедаў таты, што Клаўдыюш выратаваў маю бабулю, удачарыўшы яе. Наша сям’я будзе заўсёды ўдзячная яму за гэта. Ён быў вялікім чалавекам», – гаворыць яна.

«Балтыйскі шлях салідарнасці з Беларуссю», жнівень 2020 года
«Балтыйскі шлях салідарнасці з Беларуссю», жнівень 2020 года

Поделиться ссылкой: