Звольнены гомельскі выкладчык, якога прызвалі на вайсковыя зборы, “партызаніў” адзін дзень

1684
Яўген Малікаў
Яўген Малікаў

30 лістапада звольненага за ўдзел у пратэстах выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарта, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава прызвалі на вайсковыя зборы і ў гэты ж дзень адпусцілі.

Пра гэта Малікаў напісаў 1 снежня на сваёй старонцы Facebook: “Не да канца зразумеў чаму, але факт застаецца фактам: мае вайсковыя зборы працягваліся ўсяго толькі адзін дзень замест меркаваных 25”. І дадаў даведку, падпісаную ваенкомам Гомеля палкоўнікам Савянком: “Малікаў Яўген Раманавіч з 30 лістапада па 30 лістапада 2020 года праходзіў ваенныя зборы ў колькасці адзін дзень (у рэзерве) у вайсковай часці 11724”.

Гэтая часць, як вядома, знаходзіцца пад Добрушам, там утылізуюць боепрыпасы яшчэ савецкіх часоў. Рэзервісты ж за КПП пабачылі такую карціну: “На тэрыторыі часці нешта грабаў бульдозер, ляжалі дзве агромністыя кучы пяску і шчэбеню. А калі на тэрыторыю часці завезлі спачатку маленькую бетонамяшалку, а пасля заехаў ужо вялікі прамысловы МАЗ-бетонавоз, у нас з’явіліся пэўныя цьмяныя падазрэнні”.

Пашыхтаваўшы “партызан” (а прывезлі туды ваеннаабавязаных з Гомеля, Жлобіна, Светлагорска), прадстаўнік вайсковай часці прапанаваў выйсці наперад тым, хто быў пад адміністрацыйным арыштам, сядзеў на “сутках”, хадзіў на мітынгі: “Вы не патрэбныя, ідзіце назад у аўтобус”.

“Выкажу, – піша Малікаў, – асцярожнае меркаванне: мінулы вопыт прызываў паказаў ідэолагам вайсковай часці, што на занятках па палітпадрыхтоўцы (ці як яна там у іх называецца) пры наяўнасці кліента 23.34 ідэолагі абсалютна прайграюць бітву за душы ваеннаабавязаных… Відаць, пабаяліся не вытрымаць ідэалагічнай канкурэнцыі”.

Яўгену 40 гадоў, шаснаццаць з іх выкладаў гісторыю архітэктуры ва ўніверсітэце. У арміі ў маладыя гады не служыў – не ўзялі па зроку. Сёлета ён быў адным з актыўных удзельнікаў масавых пратэстных акцый у Гомелі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, падтрымаў таксама пікет калег з тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога і быў пакараны пяццю суткамі арышту.

19 лістапада рэктар БелДУТа Юрый Кулажанка звольніў Малікава з працы, а перад тым вынес яму вымову. Услед за звальненнем выкладчыка і прызвалі на вайсковыя зборы.

“Арышт у ізалятары замянілі на 25 сутак збораў”, – жартаваў выкладчык.

Поделиться ссылкой: