
«З-за палітычнай няспеласці быў адхілены ад пасады дырэктар Інстытута археалогіі і рэдактар «Украінскага гістарычнага часопіса», член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Фёдар Шаўчэнка. Цяпер падобнае адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Фактычна за сваю адкрытую грамадзянскую пазіцыю, афіцыйна з-за заканчэння тэрміну кантрактаў навукоўцы масава звальняюцца з акадэмічных устаноў Беларусі», – адзначаецца ў звароце ўкраінскіх гісторыкаў.
У заканчэнні заявы ўкраінскія супрацоўнікі Інстытута гісторыі заяўляюць, што «рашуча выступаюць супраць парушэння акадэмічных свабод навукоўцаў Рэспублікі Беларусь».
Першага снежня стала вядома, што кантракт з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі не будзе працягваць кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі Сяргей Рыбчонак. 54-гадовы навуковец выступіў у падтрымку сваіх калег, якіх кіраўніцтва Акадэміі навук апавясціла аб звальненні.
Ён далучыўся да акцыі салідарнасці калег, якія раней заявілі аб сыходзе з інстытута. Гэта Вадзім Аніпяркоў, Васіль Варонін, Андрэй Мацук, Уладзімір Тугай і Андрэй Унучак.
Навукоўцы сыходзяць з Акадэміі навук з-за таго, што Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, Алесь Жлутка, Мікалай Волкаў, Андрэй Радаман, Таццяна Папоўская і Уладзімір Шыпіла, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, ужо атрымалі дакументы ад кіраўніцтва аб звальненні.