У “партызаны” за неблаганадзейнасць?

299
Яўген Малікаў
Яўген Малікаў

Выкладчыка гісторыі архітэктуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарта, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава, звольненага з працы пасля ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту, 30 лістапада прызвалі на вайсковыя зборы.

“Сказалі ў ваенкамаце, што прыйшоў час паслужыць. Стаім зараз на прахадной  нейкай вайсковай часці пад Добрушам. Арышт у ізалятары замянілі на 25 сутак збораў”, – паведаміў па тэлефоне журналісту “Народнай Волі” звольнены выкладчык.

Яўгену 40 гадоў. У арміі ў маладыя гады ён не служыў – не ўзялі па зроку.

Выкладчык Малікаў сёлета быў адным з актыўных удзельнікаў масавых пратэстных акцый супраць ізаляцыі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, фальсіфікацыі  выбараў і гвалту сілавікоў. Ён таксама падтрымаў пікет калег з тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога і быў пакараны пяццю суткамі  арышту. Паказальна, што на пратэстным маршы, які ладзіўся ў Гомелі ў сярэдзіне верасня, у калоне былі плакаты ў падтрымку выкладчыка і гісторыка Малікава. Да таго ж студэнты БелДУТа правялі пікет салідарнасці з выкладчыкам, калі той адбываў арышт у ізалятары. Ва ўніверсітэце Малікаў 16 гадоў выкладаў гісторыю архітэктуры, ніякіх спагнаняў за гэты час не меў.

19 лістапада рэктар БелДУТа Юрый Кулажанка звольніў Малікава з працы, а перад гэтым вынес яму цягам тыдня дзве вымовы.

Поделиться ссылкой: