«Рэжым Лукашэнкі ўжо захістаўся, вось-вось паваліцца». Што сказала Ціханоўская ўкраінскай «Свабодзе»

1786
Святлана Ціханоўская. Фота: https://t.me/tsikhanouskaya/408
Святлана Ціханоўская. Фота: https://t.me/tsikhanouskaya/408

Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю ўкраінскай службе “Радыё Свабода”. Беларуская “Свабода” выбрала самыя яскравыя моманты з яго, якія датычацца Беларусі.

Пратэсты ў Беларусі паказваюць, што беларусы ўжо не спыняцца ў барацьбе за сваю годнасць, за свае правы. І тое, што мы ўжо не зможам вярнуцца ў стан, у якім жылі шмат гадоў. У стан такога напаўрабства, калі «мая хата з краю». Людзі ўжо самі хочуць прымаць рашэнні ў сваёй краіне, хочуць быць важнымі, хочуць самі будаваць будучыню сваёй краіны.

[Арышты журналістаў] – гэта яшчэ адна чырвоная лінія, якую перайшлі сілавікі. Журналісты заўсёды былі недатыкальнымі, нават у час ваенных дзеянняў, таму што іх праца – асвятляць падзеі. Яны не бяруць удзел у масавых акцыях, яны проста выконваюць свой абавязак. Але ў Беларусі праўда нікому не патрэбная. І такім вось чынам намагаюцца закрыць журналістам рот. Але людзі выконваюць сваю працу і бясстрашна ўсё роўна будуць працягваць гэта рабіць. Людзі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, як і багата беларусаў. Таму нашая задача цяпер – вызваляць людзей, што мы і робім.

Ультыматум працуе насамрэч. Яго ўмовай было тое, што калі Лукашэнка не сыйдзе, то мы ўзмоцнім ціск, што ў прынцыпе і адбываецца. Мы цяпер кажам ужо пра эканамічныя санкцыі. І ўсё больш людзей цяпер далучаецца да страйкаў на заводах. Мы абвяшчалі нацыянальны страйк. Ён не атрымаўся маштабным адразу, але ўзмацняецца цяпер.

Каардынацыйная рада дзеяздольная. Бо яшчэ тады, калі людзі былі ў Беларусі, было створана шмат працоўных груп, якія выконваюць розную працу па каардынацыі дваровых рухаў, медыкаў… Ніхто не распаўся, ніякага расколу няма.

Праз свой узрост і стан здароўя Святлана Алексіевіч не бярэ актыўнага ўдзелу ў каардынацыі працы КР. Але яна, скажам так, сімвал гэтага пратэставага руху. Яна дае інтэрв’ю, яна абсалютна за беларускі народ, за светлую, вольную будучыню. І яна як можа, там, дзе яна можа быць, шмат пра нас гаворыць, расказвае. Гэта таксама немалы ўнёсак у нашую барацьбу.

Я не з’яўляюся членам Каардынацыйнай рады. Бо на той момант, калі яна фарміравалася, я была не ў Беларусі. Але мы з імі каардынуемся. Мы нават не тое што паралельныя структуры, мы разам, у нас адна мэта.

Увесь свет бачыць, што людзі са зброяй і іх так званы галоўнакамандуючы казалі пра тое, што можна і баявую зброю выкарыстоўваць супраць мірных грамадзян. Дык хто яны? Абаронцы?!

Камунікацыі [з уладамі] няма. Мы ўвесь час казалі пра дыялог. І гэта не павінен быць Лукашэнка, гэта павінны быць людзі з ягонага атачэння, якія маглі б узяць на сябе такую адказнасць і пачаць размову з людзьмі. Вось гэта будзе крок наперад з боку рэжыму.

Рэжым Лукашэнкі ўжо захістаўся, і дужа моцна, вось-вось паваліцца. Але я дужа сумняваюся ў якімсьці ўварванні [Расіі]. Бо няма неабходнасці. У нас ніякім чынам не вядзецца гаворка пра геапалітыку. Наша барацьба скіраваная супраць аднаго чалавека, супраць рэжыму і дыктатуры. У нас абсалютна мірная рэвалюцыя, супраць каго якія войскі ўводзіць?

Поделиться ссылкой: