Не пакінулі ў бядзе. Гомельскія праваабаронцы дапамаглі шматдзетнай сям’і

249
Марына Кавалёва і Леанід Судаленка. Фота з асабістага архіва Марыны Кавалёвай
Марына Кавалёва і Леанід Судаленка. Фота з асабістага архіва Марыны Кавалёвай

Грузавік колатых бярозавых дроў на зіму завезлі праваабаронцы з Гомеля ў вёску Пракопаўка шматдзетнай сям’і. Галава гэтай вясковай сям’і апынуўся ў СІЗА пасля акцыі пратэсту.

Яго жонка, маладая маці Марына, паведаміла праваабаронцам, што яе муж Леанід Кавалёў, які працуе ў Гомелі таксістам, удзельнічаў у акцыі пратэсту, калі амапаўцы прымянялі спецсродкі. Ён адседзеў ужо 10 сутак, вярнуўся дамоў, а потым яго зноў выклікалі ў міліцыю. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА, абвінавачваюць яго ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293) і нібыта ў незаконных дзеяннях у дачыненні да паляўнічай зброі – артыкул 295 Крымінальнага кодэкса. Прынамсі, так тлумачыць маці трох малалетніх дзяўчынак.

– Калі Марына расказала мне сваю гісторыю, я вырашыў дапамагчы сям’і. Я сам шматдзетны бацька і добра разумею, якія праблемы зваліліся на галаву гэтай жанчыны. Грамадою сабралі за тыдзень больш за тысячу рублёў, купілі дровы і яшчэ сёе-тое для дзяцей. Падрабязную справаздачу дам усім, хто спрычыніўся да дапамогі, – кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Дапамога ад гомельскіх праваабаронцаў. Фота з асабістага архіва Марыны Кавалёвай
Дапамога ад гомельскіх праваабаронцаў. Фота з асабістага архіва Марыны Кавалёвай

– Я так удзячна людзям за дапамогу, а то тут ужо палохалі, што дзеці мае зімой будуць у холадзе, значыць, у сацыяльна небяспечным становішчы. Прызнаюся, мне нават няёмка, бо, апроч дроў на зіму, прывезлі і перадалі харчовыя наборы, абутак, адзенне і нават ласункі, – кажа Марына.

Поделиться ссылкой: