Валерый Карбалевіч: “Аперацыя прыкрыцця”

4649
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Пра заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт новай Канстытуцыі, зробленую ім у час наведвання 6-й бальніцы, разважае палітолаг Валерый Карбалевіч.

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы мінскі шпіталь № 6, выказаўся наконт канстытуцыйнай рэформы. «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду», – сказаў ён.

Не першы раз Лукашэнка выказвае падобную думку – што новая Канстытуцыя патрэбная для новага прэзідэнта. Напрыклад, 1 сакавіка 2019 года ў час «Вялікай размовы» ён казаў, што змены ў Асноўным законе павінны адбыцца пасля бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў.

Яшчэ Лукашэнка тлумачыў, што новую Канстытуцыю ён рыхтуе для свайго пераемніка, паўнамоцтвы якога будуць абмежаваныя. Бо, маўляў, нельга абы-каму давяраць такую вялізную ўладу.

Цяпер Лукашэнка ўсё гэта паўтарыў. Прычым у момант, калі ў краіне адбываецца рэвалюцыя. Аднак тыя планы, якія з’явіліся адзін-два гады таму, ён мяняць не збіраецца.

На што варта звярнуць увагу? Пра канстытуцыйную рэформу шмат разважаюць высокія чыноўнікі, дзяржаўныя медыя, шмат разоў падымаў гэтую тэму і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Аднак за гэтыя месяцы ніякага афіцыйнага праекта новага варыянта Канстытуцыі ў публічнай прасторы не з’явілася. Усё адбываецца ў глыбокай таямніцы.

Няма і ніякага графіка канстытуцыйнай рэформы. Незразумела, хто будзе зацвярджаць новую Канстытуцыю, калі і ці будзе рэферэндум па гэтым пытанні, з якой даты яна ўступіць у дзеянне, калі адбудуцца новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Адказаў на гэтыя пытанні няма.

Дарэчы, адсутнасць дакладнага алгарытму транзіту – гэта адзін з праблемных момантаў у беларуска-расійскіх адносінах. Бо, гледзячы па ўсім, Лукашэнка абяцаў Пуціну ў Сочы, што дзеля заспакаення беларускага грамадства неадкладна прапануе беларусам такі графік. Цяпер Лукашэнка ад гэтага ўхіляецца.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у дзяржаўных установах, аблвыканкамах з’явіўся нейкі варыянт праекта Асноўнага закону. Але змены ў органах дзяржаўнага кіравання там мінімальныя, паўнамоцтвы прэзідэнта застаюцца амаль нязменнымі. З выступлення Лукашэнкі ў шпіталі вынікае, што ён супраць нават такой нявіннай прапановы, як пераход да прапарцыйнай сістэмы выбараў. Маўляў, яна будзе расколваць грамадства. Таму становіцца больш зразумелай ягоная рэпліка на нарадзе 16 лістапада, што «Канстытуцыю ламаць не трэба».

Атрымліваецца, што ўся гэтая гульня ў канстытуцыйную рэформу вядзецца дзеля адцягвання ўвагі ад галоўнага пытання, якое спараджае палітычны крызіс у краіне, – пытання пра легітымнасць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Гэта такая аперацыя прыкрыцця, дымавая заслона.

І яшчэ адна важная рэпліка ад Лукашэнкі: «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце. І я ніколі не дапушчу таго, каб, прымаючы новую Канстытуцыю, хтосьці сфальшывіў ці потым выбары па новай Канстытуцыі хтосьці сфабрыкаваў».

Гэта асаблівасць палітычнага стылю Лукашэнкі – выказваць сцверджанне ў форме адмаўлення. Калі б ён яшчэ не казаў пра недапушчальнасць фабрыкацыі выбараў, то, можа, яшчэ хтосьці і даў бы веры, што Канстытуцыю ён пад сябе не робіць. А так – сачыце за адмаўленнямі Лукашэнкі. Шмат што зразумееце.

Поделиться ссылкой: