Ціханоўская заявіла, што хоча сустрэцца з Пуціным

605
Святлана Ціханоўская. Фота з адкрытых крыніц
Святлана Ціханоўская. Фота з адкрытых крыніц

Паводле слоў Ціханоўскай, апаненты Аляксандра Лукашэнкі імкнуцца кантактаваць з Расіяй як з важным суседам, паведамляе “Радыё Свабода”.

Прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская хацела б сустрэцца з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю ўкраінскай службе “Радыё Свабода”.

“Мы хацелі б выказаць свой пункт гледжання, хацелі б пачуць пазіцыю Расіі па беларускім пытанні. Мы суседзі. І мы будзем працягваць нашы адносіны і ў будучыні. Я хацела б пагаварыць. І беларусы гэтага вельмі чакаюць. Не падтрымкі Лукашэнкі, а заявы пра беларусаў, пра наша жаданне будаваць сваю будучыню разам, а не намаганнямі аднаго чалавека”, – сказала Ціханоўская.

Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з абвешчанай ЦВК перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 9 жніўня. Пуцін зрабіў гэта на наступны дзень пасля галасавання, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

“Павіншаваць павіншаваў. Але, вы ведаеце, мне здаецца, Расія не чакала, што пратэстны рух (у Беларусі) на гэты раз будзе моцным. І гэтая барацьба, гэты рух пратэсту супраць хамства, непавагі і антыгуманнасці адбываюцца ўжо цяпер. Вы разумееце? У той час ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца. Толькі беларусы самі ведалі, што гэтым разам усё будзе інакш. І, як мы бачым, тады Расія падтрымлівала Лукашэнку. Але цяпер ідзе нейкі працэс чакання. Няма актыўнай падтрымкі (з боку Расіі)”, – сказала Ціханоўская.

Да гэтага часу, як заявіла Ціханоўская, з боку Крамля не паступала сігналаў аб яе магчымай сустрэчы з Пуціным.

У Крамлі казалі, што кантактаў з Ціханоўскай не плануецца

У кастрычніку 2020 года прэс-сакратар расійскага кіраўніка Сяргей Пяскоў казаў, што кантактаў Пуціна са Святланай Ціханоўскай не плануецца.

Такім чынам Пяскоў адказаў на пытанне, ці азначаюць словы Пуціна, што Масква “ў кантакце з усімі ўдзельнікамі, з усімі бакамі канфлікту” ў Кыргызстане, што падобны кантакт магчымы і з апазіцыяй у Беларусі.

“Спадарыня Ціханоўская не знаходзіцца ў Беларусі, наўрад ці можна сказаць, што яна неяк удзельнічае ў жыцці Беларусі, – сказаў Пяскоў. – Якіх-небудзь кантактаў не плануецца”.

У той жа час Ціханоўская паведаміла “Радыё Свабода”, што плануе наведаць Украіну бліжэйшым часам. Дата такога візіту ўзгадняецца з Кіевам, Святлана сказала, што размаўляла пра гэта з міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебам.

Святлана Ціханоўская ўжо сустракалася з лідарамі Аўстрыі, Літвы, Германіі, Польшчы, Францыі і іншых дзяржаў. Яна заявіла, што атрымала запрашэнне на сустрэчу ад новаабранага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Поделиться ссылкой: