Топавы матч пройдзе без гледачоў…

77
Топавы матч пройдзе без гледачоў…
Фота з адкрытай крыніцы

28 лістапада пройдзе апошні тур чэмпіянату Беларусі па футболе, які і высветліць, хто будзе з медалямі і якой вартасці.

Гэтае першынство адметнае тым, што да апошняга тура на медалі прэтэндуюць адразу шэсць каманд: барысаўскі БАТЭ (29 гульняў, 57 ачкоў), салігорскі “Шахцёр” (29/56), гродзенскі “Нёман” (29/53), “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна (29/53), “Дынама” (Брэст) (29/51) і “Дынама” (Мінск) (29/51).

Дарэчы, стала вядома, што топавы матч тура паміж сталічным “Дынама” і БАТЭ пройдзе на стадыёне “Дынама” абсалютна без гледачоў “у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася, а таксама паводле рэкамендацый мясцовых органаў улады”.

Напэўна, у гэтай сітуацыі апошняе слова сказаў зусім не каранавірус, а тыя самыя “мясцовыя органы ўлады”, якія, хутчэй за ўсё, вырашылі перастрахавацца і не пусціць на арэну балельшчыкаў БАТЭ і “Дынама”, якіх ідэалагічна надзейнымі ніяк не назавеш. Могуць і якую-небудзь акцыю правесці на трыбунах, таму і ўспомнілі пра каранавірус.

Дарэчы, матчы з удзелам хакейнага “Дынама” праводзяцца на “Мінск-Арэне” ў закрытым памяшканні, і там ніхто не думае забараняць уваход балельшчыкам на арэну “ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася”.

Але, як бы там ні было, ужо ў гэтую суботу мы даведаемся імя новага чэмпіёна (брэсцкае “Дынама” свой мінулагодні поспех ужо дакладна не паўторыць.Аўт.), а таксама прызёраў першынства.

Вось расклад матчаў апошняга тура: “Славія” (Мазыр) – “Энергетык-БДУ” (Мінск), “Дынама” (Мінск) – БАТЭ (Барысаў), “Дынама” (Брэст) – “Нёман” (Гродна), “Іслач” (Мінскі раён) – “Гарадзея”, “Віцебск” – “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), “Шахцёр” (Салігорск) – “Мінск”, “Белшына” (Бабруйск) – “Рух” (Брэст), “Слуцк” – “Смалявічы”.

Усе гульні пачнуцца ў 14.00.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: