“Сучасныя героі Беларусі – случчакі ХХІ стагоддзя”: Старшыня Рады БНР звярнулася да беларусаў з нагоды 100-годдзя Слуцкага збройнага чыну

211

27 лістапада спаўняецца 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну, калі беларусы на Случчыне са зброяй у руках выйшлі на змаганне супраць бальшавіцкай улады. У гэты дзень традыцыйна ўшаноўваецца памяць пра герояў-случчакоў і ўсіх барацьбітоў за свабоду і незалежнасць Беларусі. З гэтай нагоды да ўсіх беларусаў звярнулася Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР, вышэйшага дзяржаўнага органа Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 года дзейнічае ў выгнанні.

“Сто гадоў таму, шэсцьдзесят гадоў пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, беларускі народ зноў паўстаў, каб бараніць сваю зямлю ад навалы з усходу. Слуцкая брыгада, 10000 случчакоў пад сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, пайшла паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Сто гадоў у вольным свеце беларусы адзначаюць іх гераічны чын і ганарацца імі”, – зрабіла невялікі экскурс у гісторыю спадарыня Сурвілла ў пачатку сваёй прамовы.

“У гэтым годзе да слуцкіх герояў далучыліся сотні тысяч новых герояў, якія выступілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, каб вызваліць свой край ад хлусні, ад гвалту і ад прыгнёту. Нашыя новыя героі – наша моладзь, нашы жанчыны, нашы пенсіянеры і інваліды, лекары, якія стараюцца выратаваць народ ад страшнага каранавіруса, студэнты, спартсмены. Кожны беларус, у якога б’ецца беларускае сэрца, ніколі не забудзе, з якой нянавісцю б’юць, калечаць і забіваюць наш народ сілавікі. Не забудзе і будзе змагацца да перамогі. Увесь свет захапляецца годнасцю нашага народа, перажывае разам з ім яго бяду і гатовы яму памагчы”, – так апісвае падзеі ў сённяшняй Беларусі старшыня рады БНР, праводзячы пэўныя гістарычныя паралелі з падзеямі стогадовай даўніны.

“Дарагія суродзічы! З вялікай верай кажу вам: мы пераможам. Дзякуючы нашым героям 2020 года, нашых случчакоў ХХІ стагоддзя, Беларусь зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў свету. Дык слава героям Беларусі! Наш народ ніколі не забудзе пра вашую адвагу і ваш гераізм”, – такімі словамі падтрымала ўсіх беларусаў, якія не баяцца выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, Івонка Сурвілла.

Поделиться ссылкой: