“Стой! Баяцца!”

756
БТ
Фото https://thinktanks.by

Цікава глядзець беларускае тэлебачанне, асабліва калі яно вяшчае пра ўнутраныя справы. Нашы наступнікі будуць абараняць дысертацыі на тэму “Скажэнне рэальнасці сродкамі СМІ”. “Скажэнне” – гэта, канешне, мякка сказана. Маняць, вокам не міргнуўшы! З вячэрніх навін суботы 21 лістапада: быццам пратэстуючыя заклікалі дактароў не аказваць дапамогу хворым.

А як бы паканкрэтней, не так, як на базары. Дзе заклікалі, на якім рэсурсе, калі заклікалі, хто? З дакладным цытаваннем. Няхай бы і той зламыснік пакаяўся перад камерай.

Адметна, што да публічных “раскаянняў” дадумаліся толькі пад канец рэжыму. І вось затрыманы (альбо наняты) юнак прызнаецца, што адзін раз спрабаваў марыхуану і адзін – грыбы. Ага, злараднічае голас за кадрам, а вы казалі, што сярод вас няма наркаманаў!

“Паскудства, брат, і не пытайся!” Я не пра грыбы – пра сюжэты, якія ў нас лічацца тэлежурналістыкай. Здольныя на такое вычварэнства або самі мухаморамі аб’еліся, або масандрай абпіліся.

Грубай сілай, фізічным гвалтам спрабуюць падавіць волю незашоранай, прагрэсіўнай часткі грамадства – і пры гэтым абылгаць, прынізіць маральна, даказаць, што лепшага абыходжання яна, гэтая частка, не заслугоўвае. Здзекуюцца нават з загінуўшых. Мы разумеем, чаму не распачата ніводнай крымінальнай справы супраць тых, хто тварыў тэрор. Бо нават адзіная можа сапсаваць імідж “мужных абаронцаў народа”. Успамінаецца плакат на пенсіянерскім шэсці: “Стой! Баяцца! Я твой зашчытнік!”

Вынайшлі новае слова для азначэння – “экстрэмісты” (“вандалізму” аказалася недастаткова.) Прычына масавага пратэсту – фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах – наогул не ўпамінаецца, як вяроўка ў доме вісельніка. Дрот на чыгуначных рэйках – вартая жалю выдумка. Беларусь у сярэднявечнай цемры. Беларусь у багне. Іншага пры такім стылі кіраўніцтва проста не можа быць.

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ, пісьменніца.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампава па спасылцы.

Поделиться ссылкой: