
Суддзя Мазырскага раёна Аляксандр Град 27 лістапада прызнаў рэгіянальнага назіральніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Уладзіміра Целепуна вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і на падставе артыкула 23.34 КаАП аштрафаваў на 810 рублёў. Суд адбыўся на выязным пасяджэнні ў памяшканні РАУС.
Міліцыя затрымала Уладзіміра 15 лістапада, калі ў горадзе праходзіла шэсце супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, у выніку якога ў Мінску загінуў Раман Бандарэнка. На назіральніка капітан міліцыі Вадзім Раговіч склаў адміністрацыйны пратакол нібыта за ўдзел у недазволеным пікеце, а маёр Аляксандр Ляўданскі – пратакол вынятку мабільнага тэлефона. Аднак у апошні момант міліцэйскае начальства перадумала адпраўляць назіральніка ў ізалятар.
На судзе Уладзімір Целяпун і яго сын Юрый як прадстаўнік хадайнічалі пра выклік сведкаў. Дзіўна, але суддзя задаволіў хадайніцтва, відаць, таму, што пасяджэнне адбывалася ў міліцыі. Акрамя складальнікаў пратаколаў сведчыць пра ўдзел назіральніка ў недазволеным масавым мерапрыемстве прыйшлі старшы лейтэнант Аляксандр Канопліч і маёр Аляксандр Пашэвіч.
Міліцыянеры казалі на судзе, што Целяпун удзельнічаў у “шэсці”, хоць у пратаколе гаворка вялася пра “пікет”. Апроч таго, заяўлялі, што Уладзімір “не меў акрэдытацыі назіральніка”. Патлумачыць, якую акрэдытацыю мусіць мець назіральнік ад БХК, міліцыянеры не змаглі. Прагляд відэа пра нядзельнае шэсце ў Мазыры не дадаў нічога да галаслоўных абвінавачванняў: назіральнік быў па-за калонай.
“У мяне склалася ўражанне, што суддзя загадзя пастанавіў аштрафаваць мяне. Верагодна, атрымаў такое даручэнне. І робіцца гэта дзеля таго, каб не толькі журналісты, але і назіральнікі не фіксавалі факты гвалту міліцыі над мірнымі дэманстрантамі”, – сказаў журналісту “Народнай Волі” Уладзімір Целяпун.
Штраф назіральнік мае намер аспрэчыць пасля атрымання матывіровачнай часткі пастановы.