Протаіерэй без Бога ў галаве

2793
Міхась Скобла
Міхась Скобла

Слухаць пропаведзі духоўнага айца Свята-Елісавецінскага манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка асабліва любяць тыя, каму ў жыцці бракуе пяшчоты бліжніх. Памяншальна-ласкальныя формы – улюбёны прамоўніцкі прыём гэтага царкоўнага дзеяча: Будучи в Черногории, я спал на камушках, дабы не изнежиться, в палатке в вагончике, где однажды у меня сгорело всё: денежки, сосудики, святыньки…” Слухаюць манахіні і манастырскія паслушніцы свайго духоўніка і умиляются, усёй душой аддаючыся пад яго клапатлівую апеку.

Праўда, апека тая пры бліжэйшым разглядзе нярэдка прыходзіць у супярэчнасць з хрысціянскімі пастулатамі, найперш з Гасподнімі дзесяццю запаведзямі. Дзве з іх, памятаем, адназначна перасцерагаюць: не забі! не ілжэсведчы! Парушэнне запаведзяў лічыцца смяротным грахом.

Але ці для ўсіх? Падобна на тое, што для протаіерэя Лемяшонка запаведзяў тых наогул не існуе, ён сам сабе ўсталёўвае правілы паводзін ва ўлонні, здавалася б, далёкай ад анархіі праваслаўнай царквы.

Гэтак на нядаўнім манастырскім сходзе (трансляваным анлайн), калі адна з паслушніц расказала пра збітага АМАПАм на вуліцы юнака, якому падчас затрымання зламалі нагу, протаіерэй груба перабіў яе і прачытаў цэлую лекцыю пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, якую ён бачыць даволі своеасабліва. Калі змірэнная з выгляду жанчына згадала пра пераслед першых хрысціян, то пачула ў адказ літаральна наступнае: Не надо сравнивать христиан с несанкционированным шествием!”

“Пастырь овец православных” Лемяшонак, відаць, лічыць, што старшыня рымскага выканкама ў Іудзеі Понтый Пілат шторазу выдаваў дазволы на хрысціянскія сходы ў каменяломнях, куды прыхільнікаў новай веры падвозілі на камфартабельных аўтобусах…

А калі відавочна напалоханая грозным воклічам паслушніца ўсё ж асмелілася заікнуцца пра зверствы АМАПа, пра якія ёй расказала маці скалечанага хлопца, то была асаджана яшчэ больш рашучай тырадай протаіерэя: “А тебе не жалко ОМОН? Настоящие мученики – это ОМОН. Если бы не ОМОН, ты знаешь, что здесь было бы!”

Вось так з небывалай лёгкасцю афіцыйны прадстаўнік БПЦ далучыў да почату пакутнікаў за веру амапаўцаў, чыя зброя – не крыж і слова Божае, а акрываўленыя дубінкі. Калі гэта не здзек з царквы, не кашчунства над яе святынямі, то – што?

Але асабліва цынічна з вуснаў царкоўнага дзеяча прагучала парада маці збітага… пакаяцца. Пакаяцца перад… АМАПам. За лішнія, так бы мовіць, клопаты. За тое, што сына на няправільны шлях наставіла, пусціла на шэсце. То бок Лемяшонак фактычна апраўдаў гвалт і нявечанні мірных людзей, якія ўжо неаднойчы закончыліся смерцю пацярпелых. І гэта ў час, калі адносна адной з такіх трагедый (смерць Рамана Бандарэнкі) ідзе следства. Нехлямяжа, з няўцямнымі тлумачэннямі, з шантажом і рэпрэсіямі лекара, які абследаваў цела забітага, але – ідзе. Ды тое не хвалюе вольнага ад усіх законаў (свецкіх і царкоўных) протаіерэя. Ён сам сабе закон і сам сабе пры патрэбе грахі адпусціць.

Рахманагалосая паслушніца, аддамо ёй належнае, да апошняга спрабавала апеляваць і да манастырскага духоўніка, і да прысутнай грамады, якая таксама перашкаджала ёй гаварыць. Урэшце ў протаіерэя скончылася цярпенне, і ён проста паслушніцу… паслаў. Літаральна сказаў: “Пошла ты!..”

І камяні “не возопили”, і дах не абрынуўся ў тым Свята-Елісавецінскім манастыры, дзе адбываўся гэты дэманстратыўна-блюзнерскі тэатр аднаго акцёра. Дарэчы будзе сказаць, што пра тую “обитель” даўно ідзе погаласка як пра надзейна схаваны за манастырскімі сценамі штаб “русского мира” пад самым Мінскам (манастыр знаходзіцца ў вядомых Навінках). Там выдаецца адпаведная літаратура, туды прыязджаюць з публічнымі лекцыямі розныя сумнеўныя дзеячы, якія прапаведуюць зусім не біблейскія каштоўнасці. Вось, напрыклад, цытата з выступлення нейкага Антона Маньшына, які быў прадстаўлены насельнікам манастыра як “падпалкоўнік расійскага ГРУ”: “Скоро нашу святую Русь, без разделения на Белую, Малую и Великую, ждет война. Надеюсь, что присутствующие здесь мужчины примут в ней деятельное участие”.

Калісьці пры савецкай уладзе існаваў ваяўнічы атэізм, а на прыкладзе Свята-Елісавецінскага манастыра мы бачым, як ідзе ў наступленне ваяўнічае праваслаўе. Дарэчы, падобным чынам наступала яно і на Данбасе, дзе прыходы і манастыры РПЦ часта рабіліся прытулкамі для змагароў за гэтак званую Данецкую народную рэспубліку.

Між іншым, сын протаіерэя Лемяшонка Дзмітрый, які часта бывае ў бацькавым манастыры, адкрыта носіць (сведчаць сацыяльныя сеткі) майкі з надпісам “ДНР”, з выявай расійскага двухгаловага арла на грудзях. А яблык ад яблыні, як вядома, недалёка адкочваецца.

Заканчваючы гэты допіс, я даведаўся, што протаіерэй Лемяшонак забараніў бываць у сваіх уладаннях акцёру Аляксандру Ждановічу – вядомаму Маляванычу з тэлевізійнай “Калыханкі”. Той кіраваў прыманастырскім дзіцячым тэатрыкам ды вось меў неасцярожнасць трапіць “на суткі” пасля аднаго з мірных шэсцяў. І святы айцец тут жа паказаў акцёру на парог.

Але, выганяючы Маляваныча (сумленнага чалавека і глыбокага верніка), манастырскі духоўнік, я перакананы, не меў права сказаць, як спрадвеку гаварылі ў народзе: вось Бог, а вось парог. Бо такую “обитель”, дзе адкрыта зневажаюцца хрысціянскія каштоўнасці, Бог даўно пакінуў. Напэўна, не мае Бога гэты царкоўны служка і ў сваёй галаве, апанаванай “русскомирской” ідэалогіяй.

Такая галава і такі манастыр, на маю думку, дыскрэдытуюць усю Беларускую праваслаўную царкву, якую ў бліжэйшай будучыні могуць пакінуць многія сумленныя вернікі. Мітрапаліту Веніяміну варта ўсё ж больш пільна прыгледзецца да таго, што адбываецца ў манастырах, якія знаходзяцца пад яго апекай.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: