Пацярпеў ад гвалту і стаў падазраваным

793
Юрась і Алена Чаранковы
Юрась і Алена Чаранковы

Гісторыя 54-гадовага слесара нафтаперапрацоўчага завода з Мазыра Юрася Чаранкова і яго жонкі Алены, настаўніцы матэматыкі СШ №6, як нельга лепей ілюструе цяперашнюю сітуацыю з існуючымі парадкамі і законнасцю ў краіне. Дакладней, з бязмежным здзекам з гэтай самай законнасці і парадку, не кажучы ўжо пра здаровы сэнс.

А здарылася вось што. 11 жніўня міліцыянеры схапілі Юрася з жонкай на бульвары Юнацтва непадалёку ад дома, калі яны пасля працы выйшлі на шпацыр. Гэта зусім не цэнтр. І час быў не позні – каля 9 вечара. Яшчэ нават сонца не паспела як след схавацца за небасхіл.

«Наляцелі, нібы тыя звяры. Выглядала, што ў іх было нейкае заданне хапаць грамадзян і зрываць злосць на іх за пройгрыш на выбарах галоўнакамандуючага», – расказваў пасля таго жудаснага жнівеньскага аўторка Чаранкоў. 

Атака на «Пагоню»

У Юрася былі гематомы ад пабояў на грудзях, жываце, ягадзіцы, нагах. Адну нагу надзвычай моцна выцялі дручком, яна апухла каля ступні і амаль не згіналася. Слесар не мог нармальна хадзіць і ажно дзесяць дзён знаходзіўся на бальнічным. У тлумачальнай запісцы на патрабаванне адміністрацыі завода ён так і напісаў: «Падчас прагулкі быў жорстка затрыманы міліцыяй і па-зверску збіты. Да траўматолага звярнуўся 16.08.20 пасля вызвалення».

Тым не менш на падставе міліцэйскіх рапартаў і пратаколаў Чаранкову і яго жонцы Алене суддзя Марына Буглак прысудзіла па 15 сутак арышту. Абвінавачванне стандартнае: удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, выкрыквалі лозунгі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!».

Чаранкоў схільны быў лічыць, што затрымалі яго, а заадно і жонку таму, што на ім была майка з выявай «Пагоні» на грудзях, а на спіне – з надпісам «Жыве Беларусь!». Гістарычныя беларускія сімвалы сталі чамусьці для цяперашняга рэжыму не адлюстраваннем патрыятызму і нацыянальнай годнасці, а гэткім раздражняльнікам, які трэба душыць, таптаць, знішчаць. Суды ж асабліва не ўнікалі ў складзеныя міліцыяй адміністрацыйныя пратаколы –  працаваў цэлы канвеер дзеля ізаляцыі не згодных з вынікамі выбараў. 

З бульвара – у калонію

У суд Чаранкова нават не вазілі – асудзілі ў міліцыі на другія суткі пасля затрымання. Месцаў у ізалятары Мазырскага РАУСа ўжо не хапала, і многіх, у тым ліку і Юрася, адвезлі ў калонію №20, дзе ён правёў яшчэ двое сутак.

Вызвалілі слесара Чаранкова ды іншых «сядзельцаў» на чацвёрты дзень – таго патрабавалі калегі па працы і кіраўніцтва НПЗ, якія звярнуліся ў райаддзел міліцыі.

На волі Юрась Чаранкоў не толькі зняў пабоі, але і падаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта, каб выявілі вінаватых у гвалце і прыцягнулі да адказнасці. Тое ж самае зрабіла і яго жонка Алена. Указалі Чаранковы нават прозвішчы нападнікаў, бо ведалі іх – гэта ўчастковыя Ігар Пілановіч і Андрэй Аскерка. Дачку апошняга Алена Чаранкова нават вучыла ў школе. 

«Дадатковыя праверачныя дзеянні»

Праверка па заяве мужа і жонкі Чаранковых наконт супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі зацягнулася. 26 жніўня старшы следчы маёр юстыцыі Блінец падоўжыў яе на месяц і перадаў матэрыялы праверкі ва ўпраўленне СК па Гомельскай вобласці, а там ўжо новы следчы Высоцкі працягнуў правядзенне праверкі яшчэ на два месяцы – да 15 лістапада, як пазначана ў лісце №15387 на адрас Чаранковых, «у сувязі з неабходнасцю правядзення дадатковых праверачных дзеянняў».

Правяраць як быццам правяралі, але ўжо 6 лістапада следчы па аддзелах унутраных спраў Фядотаў напісаў Юрасю і Алене Чаранковым, што следства паводле іх заявы пра нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі РАУС «прыпынена да атрымання вынікаў экспертызы». 

Падазраваны ў абразе

Тым часам у самім Мазыры на пачатку лістапада следчы райаддзела СК падпалкоўнік юстыцыі Кананучанка прызнаў Юрася Чаранкова «падазраваным у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369 Крымінальнага кадэкса». Гэта публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Артыкул прадугледжвае нават арышт да трох гадоў.

Кананучанка ўстанавіў, што ў тэлеграм-канале «Мазыр 97%» невядомыя змясцілі каментарыі, якія ўтрымліваюць «абразлівыя і паклёпніцкія звесткі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў як прадстаўнікоў улады ў адносінах да супрацоўнікаў АУС Мазырскага райвыканкама ўчастковых інспектараў міліцыі Ігара Пілановіча і Андрэя Аскеркі».

Паводле меркавання следчага, адзін з каментарыяў з прыкметамі абразы належыць менавіта Юрасю Чаранкову. З гэтай прычыны ён і падазраваны, а жонка – сведка.

Каментарый Чаранкова сапраўды быў у адкрытым доступе – словы ў ім літаратурныя, тры з якіх, магчыма, і крыўдныя ці нават абразлівыя. Так слесар адрэагаваў на сваё і жончына збіццё ўчастковымі міліцыянерамі, калі тыя 11 жніўня «выконвалі службовыя абавязкі як прадстаўнікі ўлады». 

Эміграцыя

Чаранковы не сталі чакаць развязкі крымінальнай справы і на днях пакінулі межы Беларусі. Юрась запісаў нават відэазварот да калег з НПЗ, у якім зазначыў: яго з жонкай віна толькі ў тым, што яны «адкрыта і паўсюды расказвалі, што з імі адбылося». І дадаў: «Шаноўныя мае калегі, трымайцеся, думайце што рабіць далей. Маўчаннем мы нічога не зменім у гэтай краіне».

Сказаў гэта з сумам і спадзевам на хуткае вяртанне.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: