Мікола Купава на рэабілітацыі

80
Мікола Купава
Мікола Купава

Адзінаццаты дзень змагаецца з кавідам адзін з найстарэйшых беларускіх мастакоў Мікола КУПАВА. Мы датэлефанаваліся да Мікалая Мікалаевіча і даведаліся, што тэмпература, дзякуй Богу, спала, адчувае ён сябе значна лепш, зараз знаходзіцца на рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне. А пачынаў лячэнне ў 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Дарэчы, ляжаў у траўматалагічным аддзяленні – зараз кавідныя хворыя ляжаць ва ўсіх аддзяленнях, дзе ёсць вольныя палаты.

– Лячылі добра і шмат, – распавёў мастак. – І таблеткамі, і ўколамі, і на апараце ШВЛ паляжаў. Здаецца, выкараскаўся. Цяпер прыехаў нарэшце на рэабілітацыю ў рэспубліканскі цэнтр у Аксакаўшчыне. У палаце два чалавекі. Заўважу: усё медыцынскае абслугоўванне бясплатнае.

Мікола Купава – лаўрэат дыплома і медаля Францыска Скарыны. Ён стваральнік цэлай галерэі партрэтаў дзеячаў беларускай культуры: Цёткі, Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Каліноўскага, Купалы, Коласа, Караткевіча. Яго творы вызначаюцца самабытнасцю, асаблівай вытанчанасцю і высакароднасцю. Адзін з іх майстар падарыў нашай газеце, ён вісіць на ганаровым месцы ў кабінеце галоўнага рэдактара.

У 1991 годзе мастак удзельнічаў у распрацоўцы эталона Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня».

Мы жадаем спадару Міколу здароўя і добрага настрою! Нягледзячы ні на што.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: