Ён бачыў Беларусь незалежнай і неўміручай

104
Уладзімір Караткевіч
Уладзімір Караткевіч

26 лістапада споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Як Баба-Яга стала… паўстанцам Машэкам

Перачытваючы нядаўна Івана Буніна, яго знакамітыя “Акаянныя дні”, я па інерцыі пагартаў увесь ягоны шасцітомнік і спатыкнуўся вокам на вершы “Баба-Яга”. Ён падаўся мне знаёмым, хоць, прызнацца, Буніна-паэта я амаль не чытаў, паланёны яго чароўнай прозай. Так бывае – каб самахоць не дамяшаць лыжку расчаравання ў бочку любові да пэўнага пісьменніка, пачынаеш неяк інстынктыўна абмінаць тыя жанры, дзе твой улюбёнец не дасягнуў належнай вышыні. Так у мяне сталася з Буніным, чыя паэзія маé чытацкія рэцэптары пакідае амаль безуважнымі (ох, і даў бы мне выспятка за гэта ганарлівы нобелеўскі лаўрэат!).

Пачатак “Бабы-Ягі” безуважным мяне не пакінуў: “Гулкий шум в лесу нагоняет сон – / к ночи нá море пал сырой туман. / Окружен со всех четырех сторон / Темной осенью островок Буян”. Зрабіўшы закладку ў кнізе, я ўзбуджана захадзіў па пакоі. Адкуль гэта пазнавальная інтанацыя, гэты знаёмы парадак слоў?

І тут да мяне дайшло – “Машэка”! Верш Уладзіміра Караткевіча пра беларускага паўстанца! Я хуценька адшукаў на паліцы яго зборнік “Матчына душа” і ўпэўніўся, што памяць, з кожным годам усё больш дзіравая, на гэты раз мяне не падвяла. “Машэка” пачынаўся так, быццам Уладзімір Сымонавіч з Іванам Аляксеевічам за адным сталом сядзелі і ў бурымэ гулялі. Ёсць такая літаратурная гульня, калі адзін верш пішацца рознымі паэтамі на зададзеныя рыфмы і загадзя вядомую тэму. “Лісце алае засыпае роў, / Пушчу чорную апавіў туман. / Атачон з усіх чатырох старон / Золкай восенню мой лясны будан”.

Бунінская “Баба-Яга” датуецца 1908 годам, караткевічаўскі “Машэка” – 1955-м. Зразумела, хто каму наследаваў і, нібы месяц у сонца, пазычаў паэтычнае святло (з’ява ў сусветнай літаратуры даволі распаўсюджаная).

На жаль, факт гэтай пазыкі-наследавання не быў заўважаны даследчыкамі ні ў папулярным, з накладам 60.000 асобнікаў, 8-томным Зборы твораў Уладзіміра Караткевіча, ні ў акадэмічным 25-томным, які працягвае выходзіць у свет (выйшла ўжо 18 тамоў).

І гэта не дзіўна, бо творчасць Караткевіча – як айсберг: і на паверхні выглядае як гара, але яшчэ большая гара схавана ў глыбіні. А ў глыбіню не кожны даследчык данырне, не кожны мае адпаведны глыбакаводны “скафандр”. І ўсё ж мáю спадзяванне, што з цягам часу нехта данырне і да грота “Караткевіч і Бунін” ды агледзіць яго з усіх бакоў.

25 тамоў – больш, чым у Якуба Коласа

Увогуле, трэба прызнаць, творчасць Уладзіміра Караткевіча “ў глыбіню” даследавана мала. Але каму тут выстаўляць рахунак? Затузанаму бязглуздымі рэарганізацыямі акадэмічнаму Інстытуту літаратуры, які фактычна прыкрыты яшчэ гадоў дзесяць таму? Караткевічаўскаму музею ў Оршы, які захоўвае мемарыяльныя набыткі, але на даследчыцка-публікатарскую працу не мае ні кадраў, ні рэсурсаў? Ці шматлікім “прынагодным караткевічазнаўцам” пры ўніверсітэцкіх кафедрах, якія паабаранялі кандыдацкія дысертацыі па творчасці пісьменніка, але ні разу не папрацавалі ў ягоным маладаследаваным архіве?

Маладаследаваным – бо аднаго нястомнага і вернага Караткевічу Анатоля Вераб’я ўсё ж недастаткова, каб апрацаваць увесь архіў, адначасова вышукваючы караткевічаўскія тэксты па прыватных зборах і збіраючы пісьменніцкі эпісталярый літаральна па ўсім свеце. І найперш патрэбны ўседлівыя тэкстолагі, якія заняліся б параўнальным аналізам рукапісаў і апублікаваных за савецкім часам твораў, якія няшчадна нявечыліся цэнзурай.

Мяркуючы па фальклоры, беларусы – ад прыроды талакоўцы. Згадайма народныя прыказкі: адна пчала мёду не наносіць; адна галавешка і ў печы не гарыць… Але насамрэч – яшчэ як гарыць і другія запальвае! Менавіта дзякуючы таму самаму Анатолю Вераб’ю ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і пачаў выходзіць згаданы 25-томнік (гэта самы аб’ёмны збор твораў; дагэтуль рэкардсменам быў Якуб Колас, чыя спадчына змясцілася ў 20 тамах). Заўважце: у Караткевіча было 8, а стала 25. Дадалося адразу ажно 17 тамоў!

А там што ні том, то адкрыццё. Скажам, А.Вераб’ём адшуканы караткевічаўскі тэкст да славутага паланэза “Развітанне з Радзімай”, напісаны ў далёкім 1965 годзе і з тае пары нідзе не публікаваны. Не трапіла ў папярэднія зборы твораў і ранняя аповесць “Перадгісторыя”. У 25-томніку ўпершыню сабраны лісты пісьменніка, яго дарчыя надпісы і малюнкі (іх сабралася ажно 600, на цэлы асобны том).

Ён бачыў Беларусь незалежнай і неўміручай
Малюнак Ул.Караткевіча.

Як Караткевіча ледзь не абакралі на сяброў

Мяне як чытача парадавала, што ў новым выданні выпраўлена вялікая памылка, якая мела месца ў 1987–1991 гадах, калі выходзіў Збор твораў Караткевіча ў 8 тамах. Каб расказаць пра яе, неабходна зрабіць невялічкае адступленне ў мінулае.

1968 год. У выдавецтве “Беларусь” рыхтуецца да друку паэтычны зборнік Рыгора Семашкевіча “Леснічоўка”. Раптам перад здачай рукапісу ў набор Галоўліт выяўляе ідэалагічную дыверсію – адзін з вершаў прысвечаны студэнту філфака БДУ (Семашкевіч там выкладаў), паэту-пачаткоўцу Алесю Разанаву, які незадоўга перад гэтым разам з Віктарам Ярцам і Лявонам Барташам разварушылі ўвесь філфак, сабраўшы подпісы за выкладанне ўсіх дысцыплін па-беларуску. Зразумела, верш з прысвячэннем цэнзура зняла, а дырэктару выдавецтва наківалі пальцам за страчаную пільнасць.

Апёкшыся на малацэ, і на ваду дзьмухаць будзеш. Таму любыя прысвячэнні ў наступных кнігах разглядаліся ледзь не пад мікраскопам і пры найменшых сумненнях выдаляліся. Вось тут і трапіў пад раздачу паэтычны зборнік Караткевіча “Мая Іліяда” (1969). У ім было знята ажно дванаццаць прысвячэнняў тым сябрам паэта, якія з афіцыйнага гледзішча не выглядалі ідэйна беззаганнымі. Пад рэдактарскую рэзекцыю трапілі наступныя вершы: “Дзядзькаў кубак” (з прысвячэннем Васілю Сёмуху), “О любоў мая, Беларусь!” (прысвечаны Ларысе Геніюш), “Скарына пакідае радзіму” (прысвячэнне Вячаславу Рагойшу), “Генуэзская крэпасць” (ахвяраваны Уладзіміру Дамашэвічу), “Энкелад” (меў прысвячэнне Валянціну Тарасу), “Балада пра дзіка і чалавека” (тут падазрэнне выклікаў кінааператар Анатоль Забалоцкі, які здымаў з Караткевічам дакументальныя фільмы на Палессі, а пазней – “Каліну чырвоную” В.Шукшына)…

Караткевіч пасля выхаду “Маёй Іліяды” ў свет апынуўся ў непрыемным становішчы. Мне расказваў светлай памяці Васіль Сёмуха, як “Валодзя на чым свет стаіць лаяў выдавецтва, званіў сябрам і выбачаўся”. Шляхотны, далікатны Уладзімір Караткевіч, які сваю сяброўскую вернасць засведчыў аўтографам на кнізе, падараванай Міколу Аўрамчыку: “…ад таго, хто ніколі не падводзіў сяброў і заўсёды ўмеў любіць іх”.

І як жа добра, што ў 25-томніку ўсе прысвячэнні сябрам акуратна адноўлены. У тым ліку над вершам “О любоў мая, Беларусь!”, ахвяраваным Ларысе Геніюш, якую Уладзімір Сымонавіч лічыў сваёй духоўнай маці. Паказальны і той факт, што толькі яму Ларыса Антонаўна даверыла рэдагаванне сваёй кнігі “Невадам з Нёмана” (1967). Пра тое рэдагаванне варта расказаць асобна.

Ён бачыў Беларусь незалежнай і неўміручай
Ул.Караткевіч з Л.Геніюш, Н.Мацяш, Д.Бічэль і В.Коўтун.

Чым у Зэльве саграваўся Караткевіч

Уладзімір Караткевіч ніколі не працаваў рэдактарам, ён увогуле не служыў ва ўстановах з дакладным працоўным графікам, калі не лічыць непрацяглага настаўнічання пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пісьменнік бярог свой час і сваю свабоду. Але Ларысе Геніюш адмовіць не мог.

Калі ў 1966 годзе да яго трапіў рукапіс будучай кнігі, яна яшчэ не мела назвы. Азнаёміўшыся са зместам зборніка, Караткевіч захацеў пабыць не толькі ягоным рэдактарам, але і хросным бацькам. Ён чорным чарнілам упэўнена накрэсліў пасярод старонкі назву – “Айчына”. Але Геніюш чамусьці яе не ўпадабала і прапанавала некалькі сваіх – на выбар: “Льняное прадзіва”, “Мы – беларусы”, “Клёкат бусліны”, “З кахання і веры”, “Насуперак долі”, “Вытканае з зарніц”, “Невадам з Нёмана”…

Аддамо належнае густу Караткевіча-рэдактара – ён выбраў найлепшы варыянт. І – узяўся за працу. Дзеля ўзгаднення сваіх паправак нават прыязджаў у Зэльву і жыў там цэлы тыдзень. Гасцінная Ларыса Антонаўна аднойчы пачаставала Караткевіча крупнікам – хмельным напоем, які гатавала сама паводле адмысловага рэцэпта. (Вось ён, занатаваны рэдактарам-спажыўцом: 0,5 літра спірту (ці добрай гарэлкі), 0,5 кіпеню, 4 лыжкі мёду разбавіць у кіпені і змяшаць са спіртам, дадаць трохі карыцы, гваздзікі, мускатных арэхаў і духмянага перцу; усё разам варыць 15 хвілін, але не кіпяціць).

Магчыма, мёду не хапіла, і крупніку тым разам было зварана малавата. А рэдактар, відаць, разлічваў на больш шчодры пачастунак за сваю, як сам выказаўся, “катаржную працу”.

Паэтка, якая восем гадоў кіркавала вечную мерзлату ў ГУЛАГу, катаржную працу разумела па-свойму. Яна не на жарты засердавала і без доўгіх роздумаў выправадзіла свайго рэдактара з хаты. У Мінску Караткевіч зразумеў, што ляпнуў лішняе, і напісаў у Зэльву прабачальны ліст. Доўга яшчэ Ларыса Антонаўна ў лістах да сяброў згадвала свайго рэдактара-“катаржніка”, але ўжо без злосці.

Жадаючы як найхутчэй загладзіць сваю віну, Уладзімір Караткевіч адшукаў у сталічным Батанічным садзе насенне цюльпанаў рэдкага гатунку і паслаў Ларысе Геніюш, чый кветнік быў найлепшым у Зэльве…

Дык а ці строгім рэдактарам быў Караткевіч? Я гартаў падрыхтаваны ім для набору машынапіс і скажу так: рэдагаваў патрабавальна, але не прыдзірліва, часам з аглядкай на Галоўліт. Скажам, выкрасліў радок, дзе Беларусь займала прастору “ад хваль Угры (рака на Смаленшчыне. – М.С.) аж па сіні Буг”, а замест часта ўжыванага паэткай слова “крывіцкі” знаходліва падстаўляў зусім не сінонімы “бясстрашны”, “магутны”, “тутэйшы”.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што самыя вялікія скарачэнні ў вершах зроблены не рукой Караткевіча. Больш за сотню радкоў проста да нечытэльнасці затушаваны. Верагодна – цэнзарам, пільнасць якога рэдактар і стараўся якраз прыменшыць, расстаўляючы пад вершамі ваеннай пары даты – 1936, 1938, 1939.

Ларыса Геніюш з разуменнем ставілася да хітрыкаў Караткевіча і давярала яму. Калі кніга “Невадам з Нёмана” выйшла ў свет, сігнальны асобнік прывёз у Зэльву рэдактар. Як потым ён сам успамінаў, “адагрэўся ў зэльвенскай гасціне душой”. Відаць, гэтаму паспрыяў і больш шчодра наліваны духмяны крупнік…

«Мой лялькавод – Караткевіч!»

Свабоды і хоць бы шэсць дзясяткаў гадоў жыцця прасіў у лёсу малады Уладзімір Караткевіч. Узамен абяцаўся напісаць сто тамоў, дадаючы ў дужках: пры штодзённай катаржнай працы (усё ж, выходзіць, катаржна працаваць можна не толькі з кіркай, але і з пяром). Сюжэтаў і задум у яго было столькі, што ён жартам прапаноўваў іх сябрам на продаж. Але чаго вартыя былі б самыя арыгінальныя задумы без караткевічаўскай неўтаймоўнай фантазіі, без яго вобразнага бачання свету, без усяго таго, што з часавай адлегласці звычайна абазначаецца адным словам – геній.

Ён бачыў Беларусь незалежнай і неўміручай
Ул.Караткевіч з жонкай Валянцінай.

Караткевіч зрабіў вельмі шмат. 25 тамоў за 25 гадоў сталай творчай працы – гэта, несумненна, творчы подзвіг. Усё напісанае пісьменнікам – гэта невычарпальная крыніца нацыянальнага аптымізму, недахоп якога заўважна адчуваецца ў нашым знявераным грамадстве. У наш змрочны час трэба проста чытаць і перачытваць яго творы, мець у душы радкі-скрыжалі “На Беларусі Бог жыве” ці: “Бог пайшоў, жыццё ідзе пад кручу, / Ты ж ідзі і не губляй спакой. / Ёсць замест прыватнай неўміручасці / Неўміручасць нацыі тваёй”. Гэта не тэарэмы. Іх не трэба даказваць. Гэтыя словы проста трэба часцей паўтараць – наўслед за Караткевічам, які ў самыя беспрасветныя савецка-імперскія часы называў Беларусь Краінай (менавіта з вялікай літары).

Чытаючы яго жыццялюбныя творы, увабраўшы іх у сэрцы, беларусы застануцца народам. Пры любой уладзе. Усцешна, што гэта разумее моладзь. На адным з нядаўніх пратэстных маршаў над галовамі тысяч людзей я пабачыў транспарант: “Мой лялькавод – Караткевіч!”. На душы адразу палягчэла. З такім вядоўцам мы абавязкова дойдзем да той Беларусі, за якую змагаліся нашы папярэднікі, за якую і сёння самаахвярна змагаецца наш народ. Пад бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй, якія нязменна прысутнічаюць на малюнках Уладзіміра Караткевіча.

Публікацыя з № 94 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: