Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыць

462

Чым крызіс адрозніваецца ад дэфолту і як адбіваецца на эканоміцы? Разбіраецца “Радыё Свабода”.

Эканамічны дэфолт – гэта немагчымасць плаціць па сваіх даўгах. Адрозніваюць тэхнічны дэфолт і сапраўдны.

«Тэхнічны дэфолт – гэта калі па нейкіх прычынах тэрмін плацяжа прапусцілі, то бок дзяржава не банкрут, але па нейкіх прычынах у канкрэтны дзень заплаціць не змагла. Устойлівая неплацежаздольнасць – гэта і ёсць дэфолт», – тлумачыць фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Чым дэфолт адрозніваецца ад крызісу

Калі ў краіне дэфолт, гэта не значыць, што няма чаго есці ці знікла валюта ў абменніках. Гэта менавіта немагчымасць плаціць па крэдытах.

«Тэарэтычна можа быць і так: у краіне няма крызісу, нічога страшнага не адбываецца, але дзяржава не плаціць па даўгах. Можа быць і наадварот – крызіс, няма чаго есці, але краіна па-ранейшаму плаціць па сваіх даўгах», – кажа Вадзім Іосуб.

У Беларусі неўзабаве будзе крызіс ці дэфолт?

Пакуль эксперты прадракаюць у Беларусі крызіс, а не дэфолт.

«Відавочна, набліжаецца крызіс, але гэта паступовае, плаўнае ўпаўзанне ў крызіс. Паступова будуць зніжацца заробкі ў валютным эквіваленце. Гэта выклікана найперш унутрыпалітычным крызісам, прававым дэфолтам. У гэтай сітуацыі адсутнічае падтрымка ад сусветных фінансавых арганізацый, няма дзе пазычыць грошы, за выключэннем Расіі. Таксама па эканоміцы могуць ударыць эканамічныя санкцыі», — кажа Вадзім Іосуб.

На гэтым фоне назіраюцца адток капіталу з Беларусі і рэлакацыя бізнесу, найперш у сферы ІТ.

Ці магчымы дэфолт?

Штогод Беларусі трэба аддаваць прыблізна 3,5 мільярда долараў даўгоў і працэнтаў па іх. Золатавалютныя рэзервы (ЗВР) у Беларусі – больш за 7 мільярдаў долараў.

«Каб цалкам траціць ЗВР на даўгі, трэба прадаць частку золата, бо золатам даўгі не аддаюць. Калі ўявіць, што грошай Беларусі ніхто не пазычае, а ЗВР ні на што, апроч даўгоў, траціцца не будуць, то рэзерваў хопіць на два гады. Пасля гэтага, пры ўмове адсутнасці новых крэдытаў і ўліванняў, магчымы дэфолт», – кажа Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ЗВР у Беларусі траціцца і на іншыя мэты – на падтрыманне курсу рубля, напрыклад. Калі ЗВР будуць траціцца не толькі на даўгі, а новых пазык не будзе, то дэфолт магчымы раней. Ён магчымы і пазней, калі новыя ўліванні ўсё ж будуць.

Поделиться ссылкой: