«У краіне развязаная бойня супраць усяго жывога», – Марыя Калеснікава з СІЗА

236
Марыя Калеснікава. Фота з адкрытых крыніц
Марыя Калеснікава. Фота з адкрытых крыніц

“Радыё Свабода” са спасылкай на журналістку тэлеканала “Настоящее время” Ірыну Рамалійскую, якая змагла задаць пытанні Марыі Калеснікавай – аднаму з лідараў беларускага пратэсту, што ўжо два з паловай месяцы сядзіць у СІЗА, – распавядае, пра што Калеснікава напісала ў зваротным лісце з ізалятара.

«Тое, што адбываецца, я ўспрымаю як навучанне, новы досвед». Ліст ад Калеснікавай

– Што чытаеце, магчыма, пішаце?

– Перачытала «Калымскія апавяданні» Шаламава. Шмат што змянілася з тых часоў, але галоўнае не памянялася. Пазбаўленне чалавека волі – гэта ўжо дастатковае пакаранне. А гэтая сістэма, як і раней, спрабуе пазбавіць чалавечай годнасці. Але як бы ні было цяжка, чалавек заўсёды можа знайсці ў сабе сілы заставацца чалавекам.

Чытаю Харарэ («21 урок для XXI стагодздзя»). Пачала чытаць летам і толькі цяпер змагла працягнуць. Гэтая кніга абавязковая да чытання і вывучэння ўсім, асабліва палітыкам. Выклікі, з якімі наша цывілізацыя сутыкаецца і яшчэ сутыкнецца, немагчыма вырашаць лакальна, у адным горадзе, у адной краіне, на адным кантыненце. Мы ўсе – часткі адзінага свету, і яшчэ больш абсурдным выглядае з гэтага пункту гледжання тое, што адбываецца ў Беларусі: цяперашняе сутыкненне двух светаў (архаічнага і свету будучыні).

– Чаго не хапае?

– Больш за ўсё не хапае сям’і, сяброў і блізкіх, хоць я адчуваю іх падтрымку фізічна. Вельмі не хапае жывой музыкі, мастацтва.

– Якія складанасці?

– Складанасцяў няма, усё тое, што адбываецца, я ўспрымаю як навучанне, новы досвед: і побыту, і зносін, і ізаляцыі.

– Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца?

– У краіне развязаная бойня супраць усяго жывога, чалавечага, таленавітага і прафесійнага.

– Пра што марыце?

– Мару пра той дзень, калі ўбачу сваіх блізкіх і калег, мы будзем абдымацца, шмат-шмат смяяцца і размаўляць. І, вядома, мару аб свабоднай і новай Беларусі.

– Пра што перажываеце?

– Перажываю, што гвалт працягваецца, улада не можа знайсці ў сабе сілы і смеласць пачуць волю народа і спыніць гэтае абсалютнае зло. Я баюся, што чым далей улада зойдзе ў гвалце, тым складаней нам будзе вярнуцца да міру. Бо рэжым падзе, а нам усім тут жыць: і тым, хто біў і садзіў, і тым, каго білі і саджалі.

«Цяжка зразумець логіку адміністрацыі турмы». Каментарый адваката Людмілы Казак

Марыю Калеснікаву праваабаронцы прызналі палітзняволенай. З 9 верасня яна знаходзіцца пад арыштам у ізалятары ў Жодзіна ў статусе абвінавачанай па крымінальным артыкуле пра заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны.

Яе адвакат Людміла Казак у эфіры тэлеканала “Настоящее время” распавяла, як у Калеснікавай канфіскавалі кнігі, пра якія яна распавядала ў лісце, чаму Марыя не змагла адказаць на ўсе зададзеныя ёй пытанні і якім чынам працуе турэмная цэнзура.

– Сёння канфіскавалі кнігі, пра якія пісала Марыя. Як, чаму?

– Складана зразумець логіку адміністрацыі турмы. Там сістэма такая: наўпрост Марыі кнігі паслаць немагчыма. Кнігі паступаюць спачатку ў бібліятэку, а потым ужо па яе замове ёй у камеру прыносяць гэтыя кнігі. І тыя кнігі, якія ў яе ўчора былі канфіскаваныя, а менавіта Стывена Хокінга яна чытала, Харарэ дзве кнігі, яны ёй былі даўно ўручаны, яна іх паступова чытала, вывучала. Учора нейкім чынам адміністрацыі раптам не спадабалася гэта, і яны вырашылі іх забраць – з прычыны таго, што нібыта гэтыя кнігі паступілі да яе праз бібліятэку, хоць такога ў прынцыпе быць не можа.

– І не абяцаюць вярнуць?

– Пакуль незразумела. На ўчорашні дзень, калі я з Марыяй размаўляла, яна гэтае пытанне спрабавала высветліць праз адміністрацыю. Чым гэта там скончылася, пакуль невядома.

– Яна можа весці перапіску? На якіх умовах?

– Можа, вядома, весці перапіску. І, у прынцыпе, нават з тымі асобамі, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, гэта магчыма. Ёсць такі сервіс – «Письмо. бел», праз яго вельмі паспяхова можна праводзіць перапіску. Ёй прыходзіла да пачатку каранціну велізарная колькасць лістоў з усяго свету – з ЗША, Аўстраліі. Яна была вельмі радая гэтаму.

– Як працуе турэмная цэнзура? Чытаюць гэтыя лісты, нешта выразаюць? Як гэта адбываецца?

– Вядома. На цэнзуру карэспандэнцыі адводзіцца трое сутак. Што яны там спрабуюць элімінаваць – гэта ўжо, як той казаў, у іх кампетэнцыі. Але тыя лісты, якія Марыя паказвала мне, якія ёй прыходзілі, якія яна асабліва шануе, яны цэнзуры не падвяргаліся. Нейкія лісты знікаюць, відаць, іх змест не задавальняе адміністрацыю. Але большая частка лістоў прыходзіла. Толькі ў апошні час мы адчуваем складанасці з перапіскай, нейкі перыяд часу ўвогуле яна была абмежаваная. Зараз пачало паступаць літаральна па 5–7 лістоў. Гэтае пытанне мы цяпер высвятляем і кантралюем.

– Які настрой у Марыі, як яе здароўе?

– Пакуль, на шчасце, з ёй усё ў парадку, са здароўем таксама ўсё ў парадку. Яна поўная аптымізму, поўная бадзёрасці, і кожны раз, калі я яе бачу, мне здаецца, што яна становіцца яшчэ больш энергічнай, яшчэ больш накіраванай на перамогу.

– Чаму Марыя адказала не на ўсе пытанні? Там быў шэраг пытанняў, які яна прапусціла: напрыклад, чаму яе не было на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі, калі ён прыехаў у СІЗА КДБ, пра стаўленне адміністрацыі да яе, пра сукамернікаў. Не ўсё можна казаць?

– Я не думаю. Магчыма, яна не паспела адказаць на ўсе пытанні. І калі паўтарыць іх, то цалкам магчыма, што мы атрымаем адказы. Магчыма, у дадзены момант яна не палічыла патрэбным гэта казаць. Але я ведаю, што на такога кшталту пытанні яна ўжо адказвала, дзесьці яны апублікаваныя. Таму, у прынцыпе, інфармацыя пра гэта ад яе паступала ўжо.

Поделиться ссылкой: