Гамяльчаніну, які замяніў чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, суддзя даў два гады “хіміі”

135
Аб'яўляецца прысуд Георгію Васіленку. Фота аўтара
Аб'яўляецца прысуд Георгію Васіленку

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля пакараў 26-гадовага жыхара абласнога цэнтра Георгія Васіленку абмежаваннем волі на два гады з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу. Васіленка ў жніўні разам з іншымі гараджанамі замяніў на плошчы Леніна афіцыйны чырвона-зялёны дзяржаўны сцяг на гістарычны бел-чырвона-белы.

У апошнім слове перад вынясеннем прысуду Сяргей зазначыў, што ён не юрыст і не ведае, як правільна кваліфікаваць свае дзеянні.

“Ведаю, што крымінальнага хуліганства не ўчыняў. Усвядоміў, што ніякіх дзеянняў з дзяржаўным сцягам здзяйсняць нельга”, – сказаў абвінавачаны малады чалавек і папрасіў суд не прызначаць пакаранне, звязанае з ізаляцыяй ад грамадства.

Замена афіцыйнага сцяга на цэнтральнай плошчы Леніна ў Гомелі адбылася 16 жніўня, калі ў горадзе праходзілі мнагалюдныя маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі пратэстуючымі.

На плошчы ўстаноўлены тры мачты – з афіцыйным дзяржаўным сцягам, а таксама штандарамі горада і вобласці. Тут і быў спушчаны афіцыйны сцяг і ўзняты гістарычны бел-чырвона-белы. Гучалі музыка, воклічы “Жыве Беларусь!”.

“Вакол былі бел-чырвона-белыя сцягі, ва ўсіх людзей, і ў мяне таксама, быў унутраны эмацыйны пад’ём”, – тлумачыў на адным з пасяджэнняў суда Васіленка.

З-за глыбокага эмацыйнага парыву гараджане і замянілі афіцыйны сцяг. Рабілася гэта на працягу 45 хвілін. Пакуль спусцілі палотнішча, бралі інструмент у гамяльчаніна, які быў на плошчы на аўтамашыне, каб адчапіць адно палотнішча і прымацаваць іншае.

Замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы бачылі міліцыянеры – яны ў гэты час нібыта знаходзіліся ў парку па-за агароджай, але па загадзе сваіх камандзіраў не ўмешваліся, каб “не абвастраць абстаноўку”. Прынамсі, так сведчыў адзін з міліцыянераў, які дзяжурыў у тую жнівеньскую нядзелю каля цэнтральнай плошчы.

Гарадскі аддзел Следчага камітэта пасля падзеі распачаў крымінальную справу паводле артыкула 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). З ліку ўдзельнікаў замены ўдалося ідэнтыфікаваць толькі Георгія Васіленку, бо ён з бародкай. Іншых удзельнікаў следству ўстанавіць не ўдалося, нягледзячы на мноства спецыяльных дактыласкапічных і генетычных экспертыз. Былі толькі сведкі.

Маладога гамяльчаніна затрымалі і змясцілі больш як на месяц у ізалятар, а пасля выпусцілі пад паручальніцтва двух сяброў.

У верасні старшы следчы ГАСК Салаўёў перакваліфікаваў крымінальную справу пра здзек з дзяржаўных сімвалаў на злоснае хуліганства. А тут і выключны цынізм, і непавага да грамадства, і супрацьпастаўленне сваёй асобы дзяржаве – усё, як запісана ў артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса. Аднак доказаў супрацьпраўных дзеянняў кагосьці з прысутных следства так і не здабыла.

Адзінай сведкай, якая выступіла на судзе з заявай наконт таго, што “замена дзяржаўнага сцяга абразіла яе асабістыя пачуцці”, стала загадчыца сектара аддзела ідэалогіі, культуры і па працы з моладдзю Гомельскага гарвыканкама Алена Баркова.

Яна казала, быццам ёй тэлефанавалі знаёмыя і скардзіліся, што недапушчальна  замяняць дзяржаўныя сімвалы на незарэгістраваную сімволіку. Аднак канкрэтных асоб, хто тэлефанаваў, ідэолаг назваць так і не змагла.

Тым не менш дзяржаўны абвінаваўца з гарадской пракуратуры Алеся Жураўская падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Георгія Васіленкі як злоснае хуліганства і прапанавала суду пакараць яго двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу, папросту кажучы, на “хімію”.

У зале суда
У зале суда Цэнтральнага раёна Гомеля

Адвакат Ганна Паўлюк, якая прадстаўляла інтарэсы Васіленкі ў судзе, заўважыла ў спрэчках, што “зняцце дзяржаўнага сцяга падпадае не пад артыкул пра хуліганства, а пад дзеянне Закона “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” і фактычна з’яўляецца здзекам з іх. Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, а не хуліганскія дзеянні”.

У суд следства не прадставіла фактаў хуліганства кагосьці з грамады ў час замены афіцыйнага сцяга на гістарычны бел-чырвона-белы.

“Сапраўды, мой падабаронны браў удзел у зняцці дзяржаўнага сцяга і аказваў дапамогу пры ўзняцці бел-чырвона-белага. Пры гэтым трэба адзначыць, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся нацыянальнай сімволікай Рэспублікі Беларусь у 1918–1921 гадах, а таксама ў 1991–1995 гадах. Дадзены факт пацвярджае, што ва ўзняцці бел-чырвона-белага сцяга не можа прысутнічаць нейкая непавага да грамадства. Згаданы сцяг не з’яўляецца экстрэмісцкай сімволікай, якая нейкім чынам забаронена. Ні для каго не сакрэт, што існуе даволі шмат гістарычных фотаздымкаў, на якіх цяперашнія дзяржаўныя дзеячы Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць пад гэтым сцягам”, – зазначыла адвакат Паўлюк.

Яна заўважыла таксама, што падобныя дзеянні ў судовай практыцы ў Брэсце і Магілёўскай вобласці кваліфікуюцца менавіта паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў справу, не ўзяў пад увагу довады адваката, прызнаў Васіленку вінаватым у злосным хуліганстве і пакараў яго двухгадовай “хіміяй”.

Георгій Васіленка слухае прыгавор
Георгій Васіленка слухае прысуд

“Прысуд чаканы, інакш і быць не магло”, – сказаў журналісту “Народнай Волі” пакараны гамяльчанін.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на судзе, адзначыў, што прыгавор суда вельмі жорсткі і палітычна матываваны.

“Прысуд унясе ў грамадства дадатковы раскол. Гаворка ідзе не пра замену афіцыйнага сцяга на нейкае бел-чырвона-белае палотнішча, а пра нацыянальны сцяг. У мяне асабіста прысуд выклікае абурэнне, бо гаворка тут зусім не пра законнасць. Прысуд не адпавядае цяжкасці зробленага. У краіне імкнуцца максімальна задушыць пратэсты і максімальна расправіцца з пратэстуючымі, адсюль і такі прысуд”, – лічыць праваабаронца Адзіночанка.

Разам з адвакатам Георгій Васіленка мае намер абскардзіць сённяшні прысуд.

Поделиться ссылкой: