Гамяльчаніна асудзілі нібыта за тое, што крычаў, кідаў бутэлькі і падбіў міліцыянеру вока

83
Суд Цэнтральнага раёна. Фота аўтара
Суд Цэнтральнага раёна. Фота аўтара

У Гомелі суд Цэнтральнага раёна асудзіў на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму 30-гадовага жыхара горада Сяргея Верашчагіна. Паводле версіі следства, малады чалавек 12 жніўня кідаў бутэлькі ў бок міліцыі са свайго акна, лаяўся, а пры затрыманні стукнуў міліцыянера нагой у вока, што “не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя”.

Сяргей жыве ў цэнтры на вуліцы Савецкай, дзе ў жніўні праходзіў марш пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Пад вокнамі яго кватэры міліцыянеры жорстка хапалі ўдзельнікаў маршу, у тым ліку і дзяўчат.

Верашчагін тлумачыў у судзе, што не вытрымаў і стаў крычаць з акна. Сілавікі ў адказ уварваліся ў кватэру і моцна збілі маладога мужчыну.

Адвакат заяўляла ў судзе, што Сяргей атрымаў як мінімум 100 удараў у розныя часткі цела, ён не мог ні гаварыць, ні пісаць, ні чытаць. Справа распачата па надуманых падставах, каб апраўдаць дзеянні міліцыянераў.

Маці абвінавачанага не верыць паказанням міліцыянераў наконт таго, што сын у пад’ездзе, калі яго выводзілі з кватэры, біўся галавой аб сцены і прыступкі. Не мог ён ударыць нагой міліцыянера ў вока на цеснай лесвічнай пляцоўцы, бо ляжаў ніцма, ды яшчэ ў наручніках.

Вынесены 26 лістапада прысуд яшчэ можа быць абскарджаны альбо апратэставаны.

Поделиться ссылкой: