Еўрасаюз пракаменціраваў ціск на беларускіх журналістаў

108
Сцягі Еўрасаюза. Фота з адкрытых крыніц
Сцягі Еўрасаюза. Фота з адкрытых крыніц

Беспрэцэдэнтны ціск на журналістаў працягваецца ў Беларусі. На цяперашні момант дзевяць супрацоўнікаў СМІ з’яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, трое з іх узятыя пад варту. Па адміністрацыйных справах былі затрыманы ці аштрафаваны дзясяткі журналістаў. Заблакіраваны шэраг інтэрнэт-сайтаў, супрацоўнікі большасці замежных СМІ пазбаўленыя акрэдытацыі, канстатавалі ў ЕС. Пра гэта паведамляе “Еўрарадыё”.

– Мы асуджаем замахі на свабоду прэсы, напады на журналістаў, у тым ліку шляхам іх затрымання, пазбаўлення акрэдытацыі сродкаў масавай інфармацыі або прымусу да пераакрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў, а таксама абмежаванне работы інтэрнэту беларускімі ўладамі, – заявіў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана.

Прадстаўнік Еўрасаюза падкрэсліў, што “журналістам павінна быць дазволена выконваць сваю працу без запалохванняў і штучных адвольных абмежаванняў з боку ўладаў, такіх як затрыманні або водзыў наяўных акрэдытацый”.

– Такія дзеянні відавочна накіраваныя на абмежаванне свабоды інфармацыі і ўтойванне праўды ад беларускай і міжнароднай грамадскасці. Свабода сродкаў масавай інфармацыі і свабода інфармацыі – гэта ключавая частка любога дэмакратычнага грамадства, – дадаў ён.

Афіцыйны прадстаўнік ЕС мяркуе, што замест запалохвання прадстаўнікоў СМІ і перашкаджання працы журналістаў “улады павінны засяродзіцца на адлюстраванні і задавальненні жаданняў і імкненняў беларускага насельніцтва, выяўленых беспрэцэдэнтным і мірным чынам у апошнія тыдні”.

Поделиться ссылкой: