Еўрадэпутаты рэзка асудзілі сітуацыю ў Беларусі і заклікалі да пашырэння санкцый

177
Сесія Еўрапарламента. Фота з адкрытых крыніц
Сесія Еўрапарламента. Фота з адкрытых крыніц

На сесіі Еўрапарламента 26 лістапада прайшлі тэрміновыя дэбаты на тэму “Няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі”, у час якіх дэпутаты рэзка асудзілі рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў і заклікалі да пашырэння пакета санкцый, паведамляе “Радыё Свабода”.

Пазней сёння па выніках дэбатаў будзе прынята спецыяльная рэзалюцыя ў гэтым пытанні.

У час дэбатаў некаторыя еўрадэпутаты пачыналі сваю прамову словамі “Я выходжу” (апошняе паведамленне Рамана Бандарэнкі ў дваровым чаце) і сканчвалі лозунгам “Жыве Беларусь!”.

Выступаючы ад імя фракцыі Еўрапейскай народнай партыі, еўрадэпутат Андрус Кубілюс заявіў: “Тое, што чыніць рэжым Лукашэнкі ў адносінах да беларускіх грамадзян, мы называем унутраным тэрарызмам. Што мы павінны рабіць з рэжымам Лукашэнкі? Тое самае, што і з іншымі тэрарыстычнымі рэжымамі: жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных і прыватных кампаній, важных для рэжыму, санкцыі на аперацыі ў сістэме SWIFT, правядзенне міжнароднага трыбуналу і гэтак далей”.

Кубілюс падкрэсліў, што санкцыі павінны закрануць “не толькі тэрарыстычны рэжым як такі, але і тых, хто гэты тэрарызм падтрымлівае”. “Крэмль павінен ведаць, што калі будзе працягваць падтрымліваць тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі, санкцыі закрануць таксама і Крэмль”, – сказаў ён.

“Раман Бандарэнка памёр маладым і ўжо ніколі не ўбачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, – сказаў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань. – Усё гэта адбываецца не ў нейкім далёкім месцы. Гэта адбываецца проста цяпер у нас на парозе, у апошняй дыктатуры Еўропы. Усё гэта рэальныя жыцці рэальных людзей, гэта рэальная бітва за свабоду і годнасць. У мяне ёсць пачуццё, што з боку ЕС пакуль размоў больш, чым дзеянняў”.

Еўрадэпутат Мірыям Лексман заклікала стварыць місію Еўрапарламента высокага ўзроўню, якая “будзе садзейнічаць спыненню гвалту, вызваленню палітвязняў і пачатку нацыянальнага дыялогу ў справе выхаду з крызісу”.

Камісар ЕС па антыкрызісным кіраванні Янэз Ленарчыч, які прысутнічаў на пасяджэнні, адзначыў, што ў апошнія тры месяцы ў Беларусі назіраецца “беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій”. Ён нагадаў, што Еўрасаюз не прызнаў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і больш не лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам.

Разам з тым Ленарчыч падкрэсліў, што афіцыйны Мінск не прыняў прапаноў у справе міжнароднай дапамогі для ўрэгулявання палітычнага канфлікту ў краіне і пачатку дыялогу з грамадствам.

Ленарчыч адзначыў, што ЕС падтрымлівае і будзе надалей падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і СМІ.

Ён таксама паведаміў, што вядзецца актыўная работа па падрыхтоўцы трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі. “Еўракамісія ўжо накіравала свае прапановы Савету ЕС”, – падкрэсліў Ленарчыч.

Поделиться ссылкой: