
Падтрымлівае пратэставыя настроі – неафіцыйная прычына, па якой з Міністэрства лясной гаспадаркі была звольненая памочніца міністра Віталя Дрожжы Алеся Гаркуша. Дзяўчына адпрацавала ў міністэрстве амаль два гады, мае трэці клас дзяржслужачага, агульны стаж дзяржслужбы – 17 гадоў. За час працы ў міністэрстве не атрымлівала вымоў. А праблемы ў яе з’явіліся пасля выбараў, у верасні, паведемляе “Еўрарадыё”.
– Я не хачу ачарняць нікога і адбельваць. Канкрэтна за штосьці ў свой адрас я прэтэнзій не чула, але была нейкая агульная незадаволенасць, – расказвае Алеся. – Майму былому кіраўніку [міністру Віталю Дрожжу. – Еўрарадыё] было паведамлена, што “памочніца падтрымлівае пратэставыя настроі”. Як там за намі сочаць – вядома ім адным, але мяркую, што праз сацыяльныя сеткі.
Перад звальненнем шэф выказваў розныя моманты – па працы і не толькі. І адным з пунктаў было: “Дарэчы, мне сказалі, што мой памочнік падтрымлівае пратэставыя настроі. Гэта недапушчальныя рэчы на гэтай пазіцыі!” Я не магла зразумець, пра што наогул ішла размова.

Алеся не хадзіла на мітынгі і не будавала барыкады. Адзіныя “пратэставыя настроі”, якія яна сабе дазваляла, выяўляліся ў… падабайках і рэпостах у “Фэйсбуку”.
– У сацсетках нічога такога не выкладвала. Раней я працавала ў пасольстве Беларусі ў Швейцарыі. Мой былы шэф па Берне Павел Мацукевіч напісаў пост у “Фэйсбуку” ў сярэдзіне жніўня. Пост быў прыгожы, у меру стрыманы, і я паставіла падабайку. Уся мая пратэставая актыўнасць у сацсетках заключалася ў падабайках і рэпостах каментарыяў.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч у негатыўным ключы выказаўся супраць гвалту на вуліцах і неўзабаве быў звольнены з МЗС.

– Наколькі я памятаю, усё, што датычыцца мірных мітынгаў, у міністэрстве моцна асуджалася, аж да звальненняў. Гэта жорстка адсочвалася. Напрыканцы мне было сказана: “Сходзіш хоць на адну дэманстрацыю – пойдзеш па этапе”. Пагроза гэта была ці папярэджанне – я не ведаю. Але нават цяпер я не адчуваю сябе ў бяспецы, – працягвае Алеся.
Гвалт на вуліцах Беларусі выклікаў у дзяўчыны шок. Заплюшчыць на гэта вочы і ўсё забыць яна не змагла:
– Жудасна. Я наогул не думала, што пры маім жыцці заспею тое, што здарылася. Гэта як дрэнны сон, як быццам штосьці нерэальнае. Гэта не XXI стагоддзе, гэта не еўрапейская краіна. У маім разуменні гэтага наогул не магло адбыцца. Павінен быць дыялог, толькі дыялог. Ні кроплі крыві, ні кроплі гвалту. Чалавецтва развівалася з той мэтай, каб любыя шурпатасці і канфлікты вырашаць толькі мірным шляхам, шляхам перамоў.
Да таго як стаць памочніцай міністра, Алеся тры гады працавала консулам у пасольстве Беларусі ў Швейцарыі. Дзяўчыне прапаноўвалі застацца там, але яна адмовілася:
– Калі я была ў Швейцарыі, там мне прапаноўвалі працу, але для сябе гэты варыянт нават і не разглядала: адчувала адказнасць, пачуццё абавязку і Бацькаўшчыны.
У 2015 і 2016 гадах яна была старшынёй камісіі на ўчастку, размешчаным у пасольстве, на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах:
– Старшынёй я стала “па змоўчанні”, мяне ніхто не спытаў. На ўчастак тады прыйшло галасаваць да пяцідзесяці чалавек. Тады, у 2015 годзе, на ўчастку перамог Аляксандр Лукашэнка. Усе бюлетэні мы сумленна дасталі і сумленна палічылі. Наколькі мне вядома, фальсіфікацый не было.
За каго яна галасавала сама, Алеся не кажа:
– Каго я падтрымлівала з кандыдатаў у прэзідэнты – не скажу, але гэта была не дзеючая ўлада. Думаю, гэтага дастаткова.