Валерый Карбалевіч: Чаму першы круглы стол Васкрасенскага скончыўся правалам

892
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Даўно абяцаны круглы стол імя Юрыя Васкрасенскага нарэшце адбыўся. Яго шырока рэкламавалі дзяржаўныя медыя, трактавалі як пачатак шырокага дыялогу ў беларускім грамадстве. Сам Юрый шмат апавядаў, якую вялікую цікавасць выклікае ягоная ідэя, казаў, што з ім шмат хто звязваецца і хацеў бы паўдзельнічаць у гэтым гістарычным мерапрыемстве, піша палітолаг Валерый Карбалевіч.

І вось яно нарэшце адбылося. Вынік, скажам вельмі мякка, аказаўся зусім не пераканаўчы. А калі больш дакладна, то проста кур’ёзны.

У гэтым «гістарычным» круглым стале ўдзельнічалі аж чатыры (!) чалавекі. Разам з самім Юрыем Васкрасенскім. Іншыя ўдзельнікі: былы старшыня назіральнай рады Тэхнабанка Уладзіслаў Кацарэнка, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, былы ўдзельнік кампаніі Валерыя Цапкалы Мікалай Серыкаў.

Каго яны прадстаўлялі, незразумела. Гледзячы па ўсім, самі сябе. Віктар Чайчыц прадставіўся як прыхільнік Лукашэнкі. Але незразумела, ці ўпаўнаважылі яго выступаць ад імя ўлады.

Удзельнікі мерапрыемства казалі пра неабходнасць шукаць згоду. Сам Юрый Васкрасенскі наважыўся нават заклікаць да вызвалення ўсіх палітвязняў.
Васкрасенскі, які арганізаваў круглы стол пасля сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ, заклікаў улады амнісціраваць палітвязняў.

Галоўная выснова: можна канстатаваць грандыёзны правал праекта круглага стала імя Юрыя Васкрасенскага. Высвятляецца, што кіруючы рэжым не здольны нават на нейкую больш-менш уцямную імітацыю. У 9,5-мільённай краіне знайшлі толькі чатырох чалавек, якія адважыліся (ці іх вымусілі) паўдзельнічаць у гэтай не вельмі чыстай справе.

Вядома, сабраць прыхільнікаў Лукашэнкі з БРСМ, ФПБ, «Белай Русі», саюза жанчын і іншых праўладных арганізацый і абвясціць гэта дыялогавай пляцоўкай – не праблема. Але ж увесь фокус у тым, як прыцягнуць туды нейкіх фігур, якіх хоць з нацяжкай можна было б прыпісаць да іншага боку беларускага канфлікту. А вось з гэтым якраз нічога не атрымліваецца. Што і засведчыла гэтае пасяджэнне.

Поделиться ссылкой: