Герасіменя выказалася пра спартсменаў, якія падтрымалі ўладу

905
Аляксандра Герасіменя
Фото: SPORT.TUT.BY

Аляксандра Герасіменя выказалася пра беларускіх спартсменаў, якія падтрымалі ўладу і ставяць подпісы пад зваротам “да грамадскасці і міжнароднай супольнасці”, перадае Еўрарадыё.

“Відавочна, што гэта нязграбная спроба адказаць на Адкрыты ліст спартсменаў Беларусі, створаны з ініцыятывы SOS BY, які падпісала ўжо больш за 1100 чалавек”, — кажа плыўчыха, прызёрка алімпійскіх гульняў. Яна лічыць, што ў лісце, напісаным спартыўнымі чыноўнікамі ці ідэолагамі, няма “глыбокага сэнсу”, а асобныя пункты “супярэчаць адзін аднаму”.

Герасіменя згадала, што ў лісце праўладных спартсменаў згадваюцца “незаконныя псеўдаспартыўныя структуры”, якія “зневажаюць спартыўны рух краіны”. Спартсменка назвала “псеўдаспартыўнымі” Мінспорта Беларусі і Нацыянальны алімпійскі камітэт. Яна нагадала, што ліст беларускіх спартсменаў, якія падтрымалі пратэсты, добра вядомы ў міжнародных арганізацыях. Там ведаюць і пра сітуацыю ў нашай краіне, дзе шэраг вядомых спартсменаў ужо пабывалі за кратамі, на іх ідзе ціск. А ў гэты час НАК спартсменаў-іншадумцаў ніяк не абараняе, хаця абавязаны гэта рабіць.

“Сёння рэальнай падтрымкай спартсменаў займаецца Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці”, — заявіла Аляксандра Герасіменя. Яна падкрэсліла, што гэтая арганізацыя прызнана “легітымным удзельнікам міжнародных адносін” і з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта, і міжнародных федэрацый, і ўрадавых структур. Герасіменя заклікае спартсменаў не баяцца і не падпісваць зварот у падтрымку ўладаў. Яна заявіла, што тыя, хто прымушае яго падпісваць, апынуцца ў санкцыйных спісах.

Поделиться ссылкой: