«Мяне, напэўна, звольняць, але інакш я не мог – так выхавалі бацькі»

1112
Андрэй Баканаўскас
Андрэй Баканаўскас

Андрэй Баканаўскас адзіны ў цэху “Капралактам-2” прадпрыемства “Гродна Азот” далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Ён пісьмова паведаміў пра гэта адміністрацыі. Цяпер прыходзіць на змену, але да працы не прыступае.

«Апошняй кропляй стала смерць Рамана Бандарэнкі»

Андрэй Баканаўскас адпрацаваў на прадпрыемстве “Гродна Азот” 13 гадоў пасля заканчэння каледжа хімічнай прамысловасці. Ён любіць сваю работу і кажа, што яму няпроста далося рашэнне далучыцца да забастоўкі: у душы адбыўся цэлы эвалюцыйны працэс.

За падзеямі ў краіне пасля 9 жніўня Андрэй сачыў пастаянна, бачыў, як бурляць настроі працоўных на яго прадпрыемстве. Але 26 кастрычніка, калі рабочыя выйшлі пратэставаць на прахадную, да іх не далучыўся, хаця прыйшоў паглядзець, што будзе адбывацца.

Чакаў, што прыйдзе кіраўніцтва прадпрыемства і нешта скажа рабочым. Але, як згадвае, прыйшоў АМАП і дручкамі паказаў пратэстуючым, “дзе іх месца”.

“Я тады, напэўна, трохі спалохаўся і пайшоў працаваць, – згадвае хлопец. – А потым чытаў, што некаторыя засталіся, напісалі заявы, што будуць баставаць, кагосьці звольнілі”.

Некаторых з тых, каго звольнілі і судзілі, Андрэй ведаў асабіста, а таму думкі аб пратэсце ўсё глыбей прарасталі ў галаве. Але некаторы час узважваў “за” і “супраць” і прыходзіў да высновы, што баставаць не варта.

Усё змяніла смерць Рамана Бандарэнкі, а потым разгон людзей каля мемарыяла на месцы былой Фары Вітаўта ў Гродне, які ўбачыў на свае вочы. Так выспела рашэнне далучыцца да забастоўкі.

“Глядзець, як людзей затрымліваюць, збіваюць, судзяць, а мы ў той самы час будзем працаваць, нібыта нічога не адбываецца, – я так больш не змагу, – кажа Баканаўскас. – Мяне так мае бацькі выхавалі, што я не магу быць абыякавым”.

«Ты малайчына, а я вось так зрабіць не магу»

Андрэй напісаў ліст генеральнаму дырэктару прадпрыемства аб тым, што далучаецца да агульнанацыянальнай забастоўкі. З панядзелка ён прыходзіць на змену, але не прыступае да працы. Кажа, што не хоча даваць нагоду банальна звольніць яго за прагул.

Дарэчы, ужо ў першы дзень яго забастоўкі ўсе ведалі, што ён не прыступіць да працы. Начальнік цэха паразмаўляў з ім, а потым пачалі складаць акт, што Баканаўскас адмаўляецца працаваць. Ён у сваю чаргу напісаў тлумачальную запіску, выклаўшы прычыну.

“Ціску на мяне не было ніякага, – кажа Андрэй. – Праўда, начальнік пытаўся, ці не перадумаю. Некаторыя работнікі раілі змяніць рашэнне. А некаторыя падтрымлівалі. Адзін сказаў: малайчына, а я вось так зрабіць не магу”.

«Завод працуе, але атмасфера нервовая»

Наогул атмасферу на прадпрыемстве Андрэй характарызуе як не вельмі спакойную і нават нервовую. На гэта ўплывае і сітуацыя ў краіне, і каранавірус.

“Так, завод наш працуе, але ўсе штодня абмяркоўваюць падзеі ў краіне, – кажа хлопец. – І ўжо ніхто не можа пра гэта маўчаць, бо кожнага датычыцца”.

Андрэй кажа, што іх тэлеграм-канал падае звесткі, што зараз на прадпрыемстве бастуюць 34 чалавекі. Наколькі яны дакладныя, ён сказаць не можа. Таксама ведае, што на завод прыехалі спецыялісты з іншых прадпрыемстваў краіны. У іх цэху ёсць два такія чалавекі, але кантактаў з імі Андрэй не меў, паколькі яны ўвесь час заняты ў навучальным працэсе.

“Цяжка сказаць, як хутка іх дапусцяць да працы, бо ў нас заўсёды было так, што на перавучванне спецыяліста, які прыйшоў з іншага прадпрыемства, давалася паўгода, – распавядае Андрэй. – Ды і проста інструкцыі чытаць – гэтага мала. Трэба практыкавацца непасрэдна ў цэху”. 

«Планаў – ніякіх»

Я пацікавіўся ў Андрэя, чым ён збіраецца займацца далей, калі на прадпрыемстве падпішуць загад аб яго звальненні. Ён сур’ёзна кажа: думаў пра гэта з самага пачатку, і, хутчэй за ўсё, яго звольняць, але сваё рашэнне, якое прымаў зусім не спантанна, не зменіць.

“Планаў пакуль ніякіх не маю. Жыццё зараз так усё перавярнула, што нейкія канкрэтныя крокі буду прымаць толькі па факце”.

У гэтым годзе ў маладзёна было шмат розных цікавых планаў, але лёс распарадзіўся па-свойму. У маі, калі Андрэ збіраўся рабіць нейкія рашучыя крокі, ад каранавіруса памерла мама…

Трэба адзначыць, што Андрэй размаўляе на добрай, нязмушанай беларускай мове. Аказалася, у 1990-х скончыў адзіны беларускамоўны клас у школе №26, і гэта засталося з ім назаўсёды.

“Канешне, я не заўсёды размаўляю па-беларуску, бо нават на працы некаторыя не разумеюць беларускіх слоў, – канстатуе Андрэй. – Але калі трапляецца чалавек, які гаворыць на нашай мове, то я вельмі рады”.

А літоўскае прозвішча дасталася яму ў спадчыну ад дзеда і таты.

Публікацыя з № 93 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: