“Камізэлька з надпісам “прэса” з’яўляецца недатыкальнай”: Ціханоўская звярнулася да незалежных беларускіх журналістаў

323

Святлана Ціханоўская, прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі, апублікавала відэазварот да ўсіх незалежных беларускіх журналістаў, у якім назвала героямі тых, хто, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, працягвае аб’ектыўна асвятляць падзеі ў нашай краіне. 

“Учора споўнілася 166 гадоў першай газеце Беларусі – “Нашай Ніве”. Гэты дзень можна лічыць пачаткам беларускай журналістыкі – важным момантам для адраджэння беларускага нацыянальнага руху. Сёння ролю той “Нашай Нівы” выконваюць незалежныя медыя. Закон забараняе перашкаджаць працы журналістаў. Але ў краіне ўжо некалькі месяцаў назіраецца прававы дэфолт. Маштабы рэпрэсій у дачыненні журналістаў жахлівыя”, – так пачала сваю прамову Ціханоўская, характарызуючы сітуацыю, якая склалася ў апошнія месяцы вакол беларускіх СМІ.

Са жніўня журналісты былі затрыманыя больш за 360 разоў, 65 чалавек былі пакараныя арыштам на тэрмін ад трох да 30 сутак. Цяпер за кратамі застаюцца 17 журналістаў, прычым шэсць з іх з’яўляюцца падазраванымі па крымінальных справах, канстатавала Ціханоўская.

“Нават на вайне камізэлька з надпісам “прэса” з’яўляецца недатыкальнай. Журналістаў, як і медыкаў, не чапаюць нават у самых гарачых кропках свету. Але толькі не ў Беларусі, бо існуючай уладзе не патрэбная сумленная журналістыка. Але мірныя беларусы ведаюць: журналісты незалежных медыя – героі. <…> І галоўнае – дзякуючы незалежным медыя ўвесь свет ведае, што беларусы робяць усё, каб жыць у новай свабоднай краіне”, – сказала Святлана Ціханоўская.

Поделиться ссылкой: