Андрэй КРАЎЧАНКА: «У СІЗА я падчапіў каранавірус…»

271
Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па дзесяцібор’і распавёў “Народнай Волі” пра наступствы знаходжання ў турэмным ізалятары.

Як вядома, спартсмены Андрэй Краўчанка і Іван Ганін былі затрыманы ў Мінску 8 лістапада на стаянцы каля Нацыянальнай школы прыгажосці.

Затым Андрэй так распавядаў пра сваё затрыманне: “Мы выйшлі з “Макдональдса” на Максіма Танка, селі ў машыну і паспрабавалі ад’ехаць, але тут жа падскочылі сілавікі і выцягнулі нас з аўтамабіля.

Зацягнулі сцяжкі на руках, пачалі пытацца імёны, пасля чаго адвялі ў нейкі падворак. Там стаяў амапавец, які даволі адэкватна са мной гаварыў, але потым аднекуль падбег іншы і з усёй сілы ўдарыў галавой у твар майму сябру Пашу.

Я стаяў і глядзеў у зямлю, ледзь-ледзь падняў галаву і тут жа атрымаў такі ж удар у скронь, пасля чаго ён крыкнуў мне: “Што ты тут робіш, арганізм?”

Усё гэта суправаджалася бруднай лаянкай. Я растлумачыў, што проста выйшаў з “Макдональдса”, і тады гэты амапавец прыгразіў Пашу: “Так хачу цябе ўдарыць, каб ты здох, але не буду рукі пэцкаць”. Нейкая невытлумачальная жорсткасць была. Пасля гэтага мяне зацягнулі ў бус”.

Андрэй Краўчанка і Іван Ганін (шматразовы чэмпіён Беларусі па тайскім боксе і кікбоксінгу) неаднаразова выказвалі сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, падпісалі ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Абодва ўваходзяць у Cвабоднае аб’яднанне спартсменаў.

Відаць, суд улічыў усе заслугі сусветна вядомых спартсменаў і выпісаў кожнаму па 10 сутак адміністрацыйнага арышту, які яны адбывалі ў Жодзіне.

– Пасля выхаду з СІЗА знаходжуся на самаізаляцыі, бо захварэў на каранавірус, – кажа Андрэй. – У першы ж дзень, калі прыехаў дадому з ізалятара, пайшоў у лазню. Памыўся, вырашыў асвяжыцца парфумай і зразумеў, што не адчуваю паху. Прыехаўшы дадому, паставіў эксперымент з часнаком – эфект той жа самы.

– У ізалятары падчапілі хваробу?

– Хутчэй за ўсё. На пяты дзень знаходжання ў Жодзіне адчуў, што вельмі моцна пячэ ў носе. Магчыма, гэта і было пачаткам хваробы.

Таму зараз з жонкай і дачкой стараюся кантактаваць у кватэры як мага менш. У першыя дні вельмі моцна балела галава, перад вачыма нейкая белая заслона стаяла.

Дарэчы, у некаторых, хто знаходзіўся разам са мной у камеры, была тэмпература, таму захварэць можна было лёгка.

– А колькі ў камеры сядзела чалавек?

У першы дзень, калі толькі закінулі ў камеру, – трынаццаць, затым яшчэ семярых падсялілі. А перад самым сном нас раскідалі па камерах па восем чалавек. Затым адзін вызваліўся, а напрыканцы адбыцця арышту пяцёра засталіся.

– Гэта было ваша першае знаёмства з беларускай пенітэнцыярнай сістэмай?

Хіба што ў кіно бачыў, але рэчаіснасць аказалася больш крутая, чым кінематограф. Нават у страшным сне не мог прысніць, што калі-небудзь апынуся ў такім месцы.

Трэба сказаць, што ўражанні, мякка кажучы, не самыя прыемныя. Калі вобразна, ружа, якую вам падарылі, з кожным днём у вазе ўсё больш і больш вяне. Так і чалавек у СІЗА. Камера – два на шэсць метраў, кіслароду не хапае. Пастаянна гарыць яркае святло, харчаванне адпаведнае.

Такім чынам, відаць, людзей хочуць перавыхаваць, але пасля такіх умоў усе становяцца яшчэ больш злымі на ўладу. А зараз жа ў такіх установах знаходзяцца практычна нізашто тысячы чалавек, і гэта проста жудасна! Прычым сядзяць не злачынцы, не бандыты, а вельмі прыстойныя і інтэлігентныя людзі.

– Краса нацыі!

А так і ёсць. За кратамі – інжынеры, выкладчыкі, навуковыя работнікі, праграмісты, менеджары па продажах. З кім толькі не сустракаўся ў СІЗА!..

– Як бавілі вольны час у камеры?

Першыя чатыры дні было не да забаў, бо з шасці раніцы да дзесяці вечара даводзілася стаяць. На ложках сядзець забаранялася, кантралёры ўвесь час прыходзілі і правяралі. А на маленькай лавачцы толькі два чалавекі змяшчаліся

Сцены былі халодныя, таму да іх таксама не прыхіналіся. Я два дні наогул практычна не спаў. Неяк дрымота адолела, да сценкі прыціснуўся, і справа ледзь не скончылася запаленнем лёгкіх. Тым больш што пасля таго, як нас у ізалятары гналі па калідоры і прымушалі прысядаць і падскокваць, майка ў мяне была цалкам мокрая. Я гадзіну патым паўголы сядзеў, пакуль рэчы сушыліся на батарэі.

Наогул не разумею, навошта так здзекавацца з людзей. Мы з Ванем падрыхтаваныя спартсмены, але таксама было складана пераносіць такія фізічныя нагрузкі. А як астатнім даводзілася? Ды нават мне было складана. Тым больш што да гэтага мы шаснаццаць гадзін прастаялі ў РУУС.

– Можа быць, спецыяльна для чэмпіёнаў такія выпрабаванні прыдумалі?

Не ведаю. Але, напэўна, калі б гэта было так, то нас з Іванам у адну камеру не пасялілі б.

У камеры пра тое, што вы спартсмен, не забывалі? Форму нейкім чынам падтрымлівалі?

Камера, як ужо казаў, маленькая, таму практычна не было месца, каб рабіць фізічныя практыкаванні. Асабліва калі ўсе стаяць. Толькі ля прыбіральні было больш месца, але там паветра для лёгкіх не хапала, каб зрабіць сур’ёзную размінку.

Але ў камеры быў адзін хлопец, якому ўсё балела. І я яму параіў рабіць размінку, каб кроў цыркулявала, – гэта дапамагло б хутчэй аднавіцца. Кажу: “Давай разоў трыста адцісніся”. Ён пагадзіўся. Так што мы з Іванам ўсё-такі крыху патрэніравалі сваіх сакамернікаў.

Акрамя іншага, Ваня чытаў нейкую кнігу, я спрабаваў крыжаванкі разгадваць і таксама чытаў. На прагулку за ўвесь час вывелі толькі тры разы.

Дзень цягнуўся марудна?

Вельмі марудна! Хтосьці стаяў, нехта хадзіў… У 6 гадзін раніцы ўстаеш і не ведаеш, чым сябе заняць да дзесяці вечара.

Я шмат думаў пра сям’ю. Тым больш што ў маёй дачкі дзень нараджэння быў 15 лістапада, годзік споўніўся. Было вельмі балюча, што не магу павіншаваць. Але думкі пра сям’ю, пра тое, што хутка сустрэнуся з любімымі жонкай і дачушкай, вельмі падтрымлівалі ў няволі.

Як дачка сустрэла?

Не пазнала! Больш за тое – тры дні прыглядалася да мяне, ці насамрэч я яе тата. Затым усё-такі прызнала.

Пасля выхаду на волю, можа быць, вам тэлефанавалі са словамі падтрымкі з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі?

– Не тэлефанавалі ні з федэрацыі, ні былыя калегі па зборнай, хаця некалькі спартсменаў усё-такі падтрымалі. Пісалі добрыя словы простыя людзі, і гэта было вельмі прыемна. А спартсмены, відаць, займаюцца сваімі справамі, не хочуць “запэцкацца знаёмствам” са мной, каб, барані Бог, не сапсаваць сабе кар’еру.

– Дарэчы, што ў вас у перспектыве са спартыўнай кар’ерай?

Трэніравацца буду ў любым выпадку, хаця зараз пра спорт думаю менш за ўсё. У краіне людзей тысячамі адпраўляюць у турму, у мяне за гэта душа баліць.

А выступаць на спаборніцтвах калі і буду, то, відаць, пад нейтральным сцягам, бо мяне ж, па сутнасці, выгналі са зборнай за грамадзянскую пазіцыю. Хачу на Алімпіяду адбор прайсці, гэта цалкам магчыма…

Публікацыя з № 93 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: