Алена АНІСІМ: «У шэсць гадзін раніцы страціла прытомнасць…»

2122
Алена Анісім
Алена Анісім

Старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы” распавяла “Народнай Волі” пра тое, як апынулася ў бальніцы і як сёння сябе пачувае.

“Трэці дзень знаходжуся ў Бальніцы хуткай дапамогі, – паведаміла Алена Анісім на мінулым тыдні. – Стандартны дыягназ – каранавірус. Як ні асцерагайся, але калі пандэмія разгулялася, то зачэпіць як піць даць.

Маю надзею, што выкараскаюся. Наперадзе шмат розных неабходных спраў. Усім жадаю здароўя. Беражыце адзін аднаго!”

Я ўжо дома, бо не бачу вялікага сэнсу ляжаць у бальніцы, – кажа Алена Мікалаеўна. – Дзякуй Богу, запалення лёгкіх няма, але хоць дыягностыку зрабілі. Многія людзі сёння наогул не ведаюць, ці хворыя яны, бо трэба прыкласці досыць вялікія намаганні, каб прайсці тэсціраванне ці зрабіць камп’ютарную тамаграфію.

– Калі ў вас з’явіліся першыя сімптомы?

На мінулым тыдні неяк адчула сябе не вельмі добра, думала, што гэта звычайная прастуда. Але ўжо на наступны дзень прачнулася ў 6 гадзін раніцы і страціла прытомнасць. Дзеці выклікалі хуткую, медыкі, што прыехалі, высветлілі, што ў мяне нізкі ўзровень кіслароду ў крыві.

Была тэмпература больш за 37 градусаў, павезлі ў бальніцу. Урачы сказалі: інфекцыя ёсць, але лёгкія чыстыя. Адным словам, хвароба працякае не ў цяжкай форме.

У той жа час экспрэс-аналіз паказаў, што ў мяне ўжо ёсць антыцелы, хаця мазок на COVID-19 даў станоўчы вынік.

– Як праходзіла лячэнне ў бальніцы?

Наколькі я зразумела, зараз у бальніцах пры лячэнні каранавіруса ўжо перасталі даваць антыбіётыкі. Прынамсі мне толькі прызначалі ўколы для разрэджвання крыві, трэба было шмат піць вады, каб не было сухасці, і прасілі спаць на жываце.

Увогуле, зараз, калі трапляеш у бальніцу ў цяжкім стане (напрыклад, пацвярджаецца пнеўманія), то 10 дзён лечаць у адной бальніцы, а далечвацца адпраўляюць у іншую. Я была ў Бальніцы хуткай дапамогі, і адтуль некаторых хворых накіроўвалі ў 11-ю бальніцу, калі там былі месцы. Калі не было – прапаноўвалі шпіталь для ветэранаў.

Але калі пнеўманіі няма, то недзе тыдзень чалавека трымаюць пад назіраннем у бальніцы (правяраюць тэмпературу, кантралююць кісларод), а затым можна працягваць лячэнне дома.

– Зараз у бальніцах ёсць праблема з размяшчэннем хворых на каранавірус?

Думаю, што для кожнай бальніцы вызначана строгая колькасць месцаў для хворых на COVID-19, але відавочна, што наплыў захварэлых ёсць. Не ўсе нават і трапляюць у бальніцы, але многія з тых, у каго лёгкая форма, і самі туды не імкнуцца.

Заўважыла таксама, што многія трапляюць у лякарні пасля таго, як выклікаюць хуткую, бо з паліклінік туды рэдка адпраўляюць.

Дома таксама працягваеце лячэнне?

Так, мне выпісалі пэўныя лекі для разрэджвання крыві, іх патрэбна піць каля паўтара месяца.

– Ці прымалі вы ўсе меры перасцярогі да таго, як захварэлі на каранавірус?

Безумоўна. На працы, у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, стараліся дыстанцыравацца, не перасякацца адзін з адным. Былі, натуральна, захварэлыя і ў нашай установе, але я з імі не кантактавала.

Памяшканне пастаянна праветрывалі, маску я заўсёды насіла ў магазінах і грамадскім транспарце, але захварэць можна абсалютна ў любым месцы. Сам не будзеш ведаць, дзе гэта здарыцца.

– Як зараз сябе адчуваеце?

Слабасць у арганізме, таму нейкай актыўнай працай стараюся не займацца. І па вечарах спіну вельмі круціць, таму, відаць, трэба рабіць уколы, каб зняць боль. Інакш спаць проста немагчыма.

Публікацыя з № 93 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: