Адна з найстарэйшых ВНУ Украіны гатовая прыняць адлічаных беларускіх студэнтаў

119
Нацыянальны ўніверсітэт
Нацыянальны ўніверсітэт "Кіева-Магілянская акадэмія" / www.wikipedia.org

Пра гатоўнасць прыняць беларускіх студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах, заявіў Нацыянальны ўніверсітэт “Кіева-Магілянская акадэмія” (НаУКМА), адна з найстарэйшых ВНУ Украіны. Працягнуць навучанне тут змогуць і тыя, хто вучыцца на бакалаўрскіх праграмах, і тыя, хто вучыцца ў магістратуры, паведамляе Еўрарадыё.

Першакурснікі могуць прыступіць да вучобы ў любы час, студэнтам старэйшых курсаў прапануюць далучыцца да патокаў падчас зімовых або летніх вакацый.

ВНУ “гарантуе навучанне і пражыванне ў інтэрнатах НаУКМА па кошце для грамадзян Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы акадэміі ў Facebook.

Яшчэ ў верасні супольнасць НаУКМА заявіла аб падтрымцы беларускіх калег. У прынятай заяве гаварылася, што “кожны чалавек мае права на свабоду і годнасць” і кожны “мае права абараняць і абараняцца, калі гэтыя асноватворныя прынцыпы парушаныя”.

Усю восень з беларускіх ВНУ масава адлічваюць студэнтаў — актыўных удзельнікаў пратэстаў. Толькі ў БНТУ ў канцы кастрычніка ў спісе на адлічэнне было 52 прозвішча. Адлічэнні былі і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ), універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), акадэміі мастацтваў (БДАМ) ды іншых ВНУ.

Аляксандр Лукашэнка ў канцы кастрычніка казаў, што пратэстуючых студэнтаў трэба адлічваць. У выніку да сярэдзіны лістапада, паводле яго слоў, “выкінулі мы гэтых 300 чалавек”. Пры гэтым ён прызнаў, што некаторыя з іх “увогуле вельмі здольныя людзі” і “паспяваюць нармальна”. Таму ён распарадзіўся стварыць камісіі і даць адлічаным студэнтам шанец працягнуць навучанне. Пасля гэтага адлічаным раней маладым людзям сталі прыходзіць SMS з прапановай прыйсці ва ўніверсітэт “для вырашэння пытання аб аднаўленні”.

Між тым пра гатоўнасць прыняць на навучанне адлічаных беларускіх студэнтаў ужо заявілі ВНУ шэрагу еўрапейскіх краін.

Поделиться ссылкой: