Стаў у ланцуг – атрымаў штраф. У Мазыры судзяць нафтавікоў

107
Ланцуг пратэсту на MНПЗ. Фота Раlesse.press
Ланцуг пратэсту на MНПЗ. Фота Раlesse.press

У Мазырскім раённым судзе 23 лістапада разглядалі адміністрацыйныя справы супраць шэрагу актывістаў нафтаперапрацоўчага завода. Каля дзесяці з іх затрымалі і адправілі ў ізалятар 19 і 20 лістапада.

Як паведамляе мазырскі філіял незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, 23 лістапада ў мясцовым раённым судзе разглядалі адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве супраць дзесяці працаўнікоў НПЗ. Большасць з іх з дапамогай адміністрацыі НПЗ ідэнтыфікавалі на падставе здымка, зробленага 27 кастрычніка, калі завадчане сталі ў ланцуг пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў) пакаралі Таццяну Казловіч, Аляксандра Ганчара, Міхаіла Каладзянца, Уладзіміра Чурылу, Аляксандра Жыгадла. Георгію Піскуну мясцовы суд адмераў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Справы яшчэ трох чалавек адпраўлены назад у міліцыю на дапрацоўку.

Падставай для адміністрацыйных спраў стаў здымак работнікаў нафтаперапрацоўчага прадпраемства на фоне заводакіравання, які пратэстуючыя самі размясцілі ў сацыяльных сетках.

Поделиться ссылкой: