Мінскі суд аштрафаваў брата Дар’і Домрачавай за ўдзел у акцыі пратэсту

336
Мікіта Домрачаў. Фота з адкрытых крыніц
Мікіта Домрачаў. Фота з адкрытых крыніц

Збітага падчас затрымання ў кастрычніку брата Героя Беларусі Дар’і Домрачавай яшчэ і аштрафавалі – на 540 рублёў (20 базавых). 23 лістапада справа Мікіты Домрачава разглядалася ў судзе Фрунзенскага раёна. Суддзя Аляксандр Брычкоў палічыў архітэктара вінаватым у “парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”, паведамляе “Еўрарадыё”.

Домрачаў быў затрыманы ў час “Маршу годнасці” 11 кастрычніка. Ён ехаў на веласіпедзе па набярэжнай Свіслачы – па яго словах, каб адведаць маці. Маладога чалавека сілавікі сцягнулі з веласіпеда і моцна збілі. З РУУС яго забрала хуткая дапамога. Пазней СМІ апублікавалі здымкі збітага Мікіты. Ён расказваў, што яму на галаву наклалі тры швы. “Таксама пабоі на ўсім целе ад дубінак”, – казаў брат Домрачавай.

Разбітая падчас затрымання ў кастрычніку галава Мікіты Домрачава
Разбітая падчас затрымання ў кастрычніку галава Мікіты Домрачава

Домрачава тады вельмі асцярожна пракаментавала збіццё брата: усе бакі не маюць рацыі, а яна не хацела б сваімі выказваннямі павышаць градус напружання ў грамадстве.

“Мы хочам справядлівасці, гарантый бяспекі і павагі да сябе, – пісаў Мікіта Домрачаў у Facebook. – Мы хочам жыць у цывілізаваным свеце. Мы хочам жыць у Новай Беларусі 21 стагоддзя”.

Пра тое, што ён прысуджаны да штрафу ў 540 рублёў, Мікіта Домрачаў даведаўся ад журналіста “Еўрарадыё”. Ён вельмі ўзрадаваўся, што яго не пасадзілі.

Архітэктар перадумаў падаваць скаргу на дзеянні сілавікоў, якія яго затрымлівалі. Дарэчы, адзін з іх у судзе заявіў, што Домрачаў паводзіў сябе агрэсіўна.

Поделиться ссылкой: