Ці пакараюць гамяльчаніна за замену афіцыйнага сцяга на бел-чырвона-белы? Суд пакуль не вырашыў

252
Георгій Васіленка. Фота аўтара
Георгій Васіленка. Фота аўтара

На два гады “хіміі” прапанавала асудзіць гамяльчаніна Георгія Васіленку дзяржаўны абвінаваўца з гарадской пракуратуры Жураўская за замену афіцыйнага дзяржаўнага сцяга на плошчы Леніна на гістарычны бел-чырвона-белы. Адвакат абвінавачанага прапануе апраўдаць Васіленку паводле артыкула 339 Крымінальнга кодэкса.

Замена афіцыйнага сцяга здарылася ў Гомелі 16 жніўня, калі ў горадзе праходзілі мнагалюдныя пратэстныя маршы супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі пратэстуючымі. На плошчы Леніна, дзе ўстаноўлены тры мачты – з афіцыйным дзяржаўным сцягам, а таксама са штандарамі горада і вобласці, – пратэстуючыя спусцілі афіцыйны чырвона-зялёны сцяг і ўзнялі гістарычны бел-чырвона-белы. Гучала музыка, чуліся воклічы “Жыве Беларусь!”. Відэа з адпаведнай назвай было размешчана на YouTube.

Гарадскі аддзел Следчага камітэта пасля падзеі распачаў крымінальную справу паводле артыкула 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). З ліку ўдзельнікаў замены афіцыйнага сцяга на гістарычны ўдалося ідэнтыфікаваць маладога гамяльчаніна з бародкай – ім аказаўся 26-гадовы прадпрымальнік Георгій Васіленка. Ён сапраўды спрычыніўся да гэтай падзеі. Яго затрымалі і больш як месяц трымалі ў ізалятары, а пасля выпусцілі пад паручальніцтва двух сяброў. Іншых удзельнікаў следству ўстанавіць не ўдалося, нягледзячы на мноства спецыяльных дактыласкапічных і генетычных эспертыз. Былі толькі сведкі.

У верасні старшы следчы ГАСК Салаўёў перакваліфікаваў крымінальную справу пра здзек з дзяржаўных сімвалаў на злоснае хуліганства. Аднак доказаў супрацьпраўных дзеянняў следства так і не здабыла.

Адзінай сведкай, якая выступіла на судзе з заявай наконт таго, што “замена дзяржаўнага сцяга абразіла яе асабістыя пачуцці”, стала загадчыца сектара ідэалагічнай працы аддзела ідэалогіі, культуры і па працы з моладдзю Гомельскага гарвыканкама Алена Баркова.

У судзе яна тлумачыла, што дзяржаўны сцяг вельмі важны, ён з’яўляецца дзяржаўным сімвалам. Яго выкарыстанне і прызначэнне рэгулююцца законам, дзе прапісана, калі і дзе сцяг выкарыстоўваецца, і трэба забяспечваць паважлівае стаўленне да яго.

Баркова распавядала, быццам ёй тэлефанавалі знаёмыя і скардзіліся, што недапушчальна замяняць дзяржаўныя сімвалы на незарэгістраваную сімволіку. Аднак канкрэтных асоб, хто тэлефанаваў, ідэолаг назваць так і не змагла.

У зале суда Цэнтральнага раёна Гомеля
У зале суда Цэнтральнага раёна Гомеля

Адвакат Ганна Паўлюк, якая прадстаўляе інтарэсы Васіленкі ў судзе, заўважыла ў спрэчках, што зняцце дзяржаўнага сцяга падпадае не пад артыкул пра хуліганства, а пад Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” і фактычна з’яўляецца здзекам з іх. Але гэта не хуліганскія дзеянні.

“Сапраўды, мой падабаронны браў удзел у зняцці дзяржаўнага сцяга і аказваў дапамогу пры ўзняцці бел-чырвона-белага. Пры гэтым трэба адзначыць, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся нацыянальнай сімволікай Рэспублікі Беларусь у 1918–1921 гадах, а таксама ў 1991–1995 гадах. Дадзены факт пацвярджвае, што ва ўзняцці бел-чырвона-белага сцяга не можа прысутнічаць нейкая непавага да грамадства. Згаданы сцяг не з’яўляецца экстрэмісцкай сімволікай, якая нейкім чынам забаронена. Ні для каго не сакрэт, што існуе даволі шмат гістарычных фотаздымкаў, на якіх дзяржаўныя дзеячы Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць пад гэтым сцягам”, – зазначыла адвакат Паўлюк.

Адвакат падсумавала, што дзеянні Васіленкі падпадаюць менавіта пад адміністрацыйнае правапарушэнне, а не пад крымінальную адказнасць.

Паказальна, што дзяржаўны абвінаваўца Жураўская адмовілася ад рэплік, якія прадастаўляў суддзя Сяргей Салоўскі пасля выступлення адваката Георгія Васіленкі.

Палітык і грамадскі актывіст Васіль Палякоў, які прысутнічаў у судзе, адзначыў, што Васіленка на плошчы зрабіў тое, чаго жадала большасць прысутных пратэстуючых.
Апошняе слова падсуднаму Васіленку і агалошванне прыгавору ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прызначана на 26 лістапада.

Васіленка з паплечнікамі каля суда
Васіленка з паплечнікамі каля суда

Поделиться ссылкой: