У гомельскіх актывістаў праводзяць вобыскі. Прысутнасць дома гаспадара не абавязковая

702
Святлана Нарскіна. Фота аўтара
Святлана Нарскіна. Фота аўтара

Раніцай 22 лістапада міліцыя правяла вобыск у гомельскай грамадскай актывісткі, члена Сацыял-дэмакратычнай партыі Святланы Нарскінай. Самой Святланы дома не было, дзверы адчыніў яе сын. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Магчымай прычынай такіх дзеянняў сілавікоў называюць аднаўленне пратэстных маршаў, якія пасля шэрагу нядзельных “гулянняў” зноў пачаліся ў Гомелі. Прынамсі, 15 лістапада прахожыя на вуліцы Савецкай зноў арганізаваліся ў калону. Каля двух дзясяткаў чалавек былі затрыманы і асуджаны ў пачатку бягучага тыдня на “суткі” і штрафы. Асобным пенсіянерам вынеслі папярэджанні.

Святлана Нарскіна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, псіхолаг. Увесну яна даглядала інваліда. За ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах яе каралі сёлета штрафамі і “суткамі”. Сваякі інваліда, даведаўшыся пра актыўную пазіцыю Нарскінай, адмовіліся ў чэрвені ад яе паслуг. Нягледзячы на дзве адукацыі, працу па спецыяльнасці Святлана знайсці ў горадзе не магла.

На адным з судоў у Чыгуначным раёне горада суддзя спытаў у Святланы, ці звярталася яна афіцыйна па дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства.

“Я не ведала, што дзеля абуджэння цікавасці ў людзей трэба прыбягаць да нейкіх дазволаў ці партызанскіх метадаў! Я люблю сваю Радзіму, і мне не ўсё роўна, якія працэсы тут адбываюцца. У мяне сын прызыўнога ўзросту. Мяне хвалюе, што яго забяруць у армію. Закон у нас дае толькі адну адтэрміноўку для атрымання адукацыі. Хвалюе, што ідзе “дэбілізацыя” моладзі. Мне цікава, што пра гэта думаюць людзі. Мяне цікавяць выбары. Засмучае, што ў людзей часам апатычная пазіцыя, яны застаюцца абыякавымі”, – адказала Нарскіна.

Таксама стала вядома, што сёння міліцыя правяла вобыск і ў гомельскага актывіста Аляксандра Гехта, які жыве ў цэнтры горада.


Няма запісаў для адлюстравання