Валерый Карбалевіч: Размова Наташы і Дзімы. Некалькі высноў са скандальных “зліваў”

2720
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

У апошнія дні тэлеграм-каналы адзін за адным выкладваюць аўдыязапісы тэлефонных размоў, на якіх гучаць галасы, падобныя да галасоў людзей, набліжаных да Лукашэнкі (нібыта Дзмітрый Баскаў размаўляе з Дзмітрыем Шакутам і Наталляй Эйсмант). Лукашэнка сам быў вымушаны рэагаваць і паабяцаў расказаць праўду на наступным тыдні, піша палітолаг Валерый Карбалевіч.

Змест размоў вельмі непрыемны для ўладаў. Са словаў Лукашэнкі, высветлілася, што ім спатрэбіцца цэлы тыдзень, каб падрыхтаваць нейкую версію, якая б выглядала праўдападобна і абельвала людзей, чые галасы гучаць на аўдыязапісах. Самы просты адказ на гэтыя “злівы” – усё няпраўда, хлусня, гэта мантаж, зроблены заходнімі спецслужбамі. Але каб гэта давесці, не трэба чакаць цэлы тыдзень.

У сучасную эпоху апярэдзіць праціўніка на некалькі дзён – значыць перамагчы ў інфармацыйнай вайне. І версія, агучаная праз тыдзень, будзе мала каму цікавая. Да таго ж рэпутацыя Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэння вельмі нізкая. Таму, што б яны ні сказалі, гэта будзе ўспрымацца большасцю грамадскасці з дакладнасцю да наадварот.

Першае пытанне, якое ўзнікае: хто запісаў і зліў? Беларускія спецслужбы ў піку Лукашэнку? Верагодна, аднак людзі, якія гэта зрабілі, рызыкуюць жыццём. Такое не даруецца. Тым больш іх не так ужо складана вылічыць.

Расійскія спецслужбы? Дырэктар Службы знешняй разведкі Сяргей Нарышкін увесь час выкрывае змовы Захаду супраць Беларусі. Ды і цяжка ўявіць, каб расійскія спецслужбы злівалі інфармацыю тэлеграм-каналу «Нехта», які ў Маскве лічаць галоўным правадніком «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі.

Заходнія спецслужбы? Больш верагодна.

Злітыя тэлефонныя размовы вельмі падобныя да праўды. Гледзячы па ўсім, слухаюць старшыню федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. Менавіта голас, падобны да ягонага, гучыць у абодвух аўдыязапісах.

Пра што мы даведаліся з гэтых запісаў, пры ўмове, што яны праўдзівыя? Што федэрацыя хакея Беларусі, як і хакейная каманда прэзідэнта – гэта не толькі пра хакей. Гэта «дах» для нейкіх баявых груп па расправе з апанентамі Лукашэнкі. На фоне абмеркавання пытання пра перанос чэмпіянату свету па хакеі 2021 года з Беларусі ў іншую краіну гэтая інфармацыя вельмі актуальная.

Яшчэ адна важная выснова. Доўгі час пра беларускую апазіцыю пісалі словамі класіка: вузкае кола гэтых рэвалюцыянераў, страшна далёкія яны ад народа.

Цяпер тое самае можна казаць пра бліжэйшае атачэнне Лукашэнкі. Толькі слова «рэвалюцыянеры» варта замяніць на «рэакцыянеры». Глядзіце, хто наводзіць «парадак» у дварах сталіцы: прэс-сакратар прэзідэнта, адказная за ідэалагічную працу ў дзяржаве, старшыня федэрацыі хакея, намеснік міністра ўнутраных спраў. Пад дахам і кантролем начальніка Службы бяспекі прэзідэнта і самога кіраўніка МУС. Больш няма каму? Не хочуць нагружаць АМАП, даюць яму адпачыць у будзённыя дні? І атрымліваецца, што замяніць амапаўцаў няма каму?

Самі ўдзельнікі гэтай аперацыі разглядаюць яе як прыгоду, прыкол, «развлекуху». Так, паехаць па горадзе пад аховай супрацоўнікаў МУС «пабалдзець» з віном «Масандра». А хто будзе супраціўляцца, то «забіраць» і «пакаваць» у багажнік. Усё гэта з вясёлым смехам. На фоне забойства Рамана Бандарэнкі гэта выглядае асабліва злавесна.


Няма запісаў для адлюстравання