Мітрапаліт Кандрусевіч: «Беларусь перажывае нябачаны крызіс, які можа завяршыцца грамадзянскай вайной»

653
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

21 лістапада мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч служыў імшу ў віленскім касцёле Святой Тэрэзы (пры Вострай Браме). У пачатку службы ён заклікаў маліцца за Беларусь, якая “перажывае нябачаны грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца больш за тры месяцы, якому не бачна канца і які можа завяршыцца грамадзянскай вайной”, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Мы ведаем, што такое падзеленае грамадства, яно будзе знішчана, як кажа Езус Хрыстус. А мы хочам, каб наша Бацькаўшчына жыла і была шчаслівай. Мы супраць гвалту, супраць няпраўды, супраць несправядлівасці, і ўсё гэта асуджаем. Але мусім з любоўю ставіцца да кожнага чалавека, умець прабачаць тым, хто робіць зло. Гэта нялёгка, але трэба сузіраць крыж Езуса Хрыста, які сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць!” – сказаў каталіцкі іерарх.

Ён лічыць, што трэба прасіць у Бога ласкі, каб у грамадстве панаваў галоўны закон – любові да Бога і бліжняга.

“Які б інакшы быў свет і наша краіна, калі б мы жылі паводле гэтага закону! Мы розныя, але павінны быць адзінымі ў жаданні шчасця для нашай Бацькаўшчыны”, – заклікаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Амаль тры месяцы ён жыве за мяжой, у Польшчы. Беларускія ўлады не пусцілі яго на радзіму, прызнаўшы пашпарт несапраўдным. У Вільні для мітрапаліта была другая імша на роднай беларускай мове – першую ён адслужыў у Польшчы. “Таму я вельмі рады, што, нягледзячы на складаныя абставіны, вас сабралася тут нямала”, – звярнуўся ён да вернікаў.


Няма запісаў для адлюстравання