Валерый Карбалевіч: Недастатковая лаяльнасць

926
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Юрыя Сянько вызвалілі ад абавязкаў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта. Хоць мытны камітэт і не зусім можна назваць сілавой структурай, тым не менш з пачатку беларускай рэвалюцыі Лукашэнка вызваліў ад сваіх пасад сакратара Савета бяспекі (двойчы), старшыню КДБ, старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю, генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, піша палітолаг Валерый Карбалевіч.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што часта бывае так: спачатку з’яўляецца паведамленне аб прызначэнні чыноўніка на новую пасаду, і толькі потым – аб вызваленні яго ад папярэдняй адказнай пасады.

Так было з ранейшым сакратаром Савета бяспекі Валерыем Вакульчыкам, міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым і яго намеснікам Аляксандрам Барсуковым. І вось цяпер тую ж аперацыю зрабілі з Юрыем Сянько. Чаму так? Лукашэнка цяпер моцна залежыць ад лаяльнасці вышэйшай наменклатуры. Таму інфармацыя пра адстаўку маскіруецца інфармацыяй пра новае прызначэнне. Каб саломкі падаслаць.
Гэтым жа можна патлумачыць, што адказныя ў мінулым чыноўнікі – былы генеральны пракурор Аляксандар Канюк і былы сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў – прызначаныя адпаведна пасламі Беларусі ў Арменіі і Азербайджане. Усё чынавенства павінна бачыць, што Лукашэнка не кідае высокіх начальнікаў. Для Канюка і Раўкова гэтыя прызначэнні – ганаровая адстаўка.

Яшчэ важны момант. Сянько прызначаны паслом у Кітаі. Гэта вельмі адказная пасада. Больш дарэчы было б прызначыць туды чыноўніка трохі вышэйшага рангу. Напрыклад, у беларускай іерархіі генеральны пракурор (Аляксандр Канюк) ці сакратар Савета бяспекі (Андрэй Раўкоў) – больш высокі ранг, чым старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта. Тым не менш Сянько прызначаны паслом у Кітай, а Канюк і Раўкоў — адпаведна пасламі ў Арменію і Азербайджан. То бок у краіны значна менш важныя.
Што гэта азначае? Што лаяльнасьць Аляксандра Канюка і Андрэя Раўкова выклікае ў Лукашэнкі сумненні. І іх вызваленне зусім нядаўна з адказных пасад было зусім не выпадковым.

То бок галоўная прычына ўсіх ператрусаў у вышэйшых эшалонах улады – недастатковая лаяльнасьць. Усе астатнія фактары адыходзяць на другі план.


Няма запісаў для адлюстравання