«У мяне чацвёра дзяцей, і мне давядзецца з’язджаць з краіны»

1450
Аляксандр Куваннікаў
Здымак: Аляксандр Куваннікаў

Гродзенец Аляксандр Куваннікаў пакуль яшчэ працуе на тытунёвай фабрыцы, але пасля таго, як быў асуджаны за ўдзел у пратэстах, адчуў, як сістэма пачала выціскаць яго. 

«Усё пачалося пасля няўдалай забастоўкі»

Аляксандр сем гадоў працуе на фабрыцы чысцільшчыкам абсталявання. Яму амаль 40 гадоў, ён жанаты і мае чацвёра дзяцей. З іншымі сваімі калегамі спрабаваў арганізаваць на тытунёвай фабрыцы забастоўку. Яны імкнуліся зрабіць гэта законным шляхам, вазілі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне сходу на прадпрыемстве.

Аляксандр вёў стрым са сходу. Большасць рабочых тады – як заўважае Куваннікаў, па зразумелых прычынах – прагаласавалі супраць забастоўкі, і яна не атрымалася. Тым не менш Аляксандр выйшаў на вуліцу і стаяў у ланцуг гродзенцаў, якія прыйшлі падтрымаць работнікаў фабрыкі. За гэта яго асудзілі і пакаралі штрафам, а з працы адправілі ў камандзіроўку: “Мяне накіравалі ў Лагойскі раён спачатку нібыта на тры дні, потым сказалі, што на пяць, а там ужо давялі, што на месяц. Прычым трэба было выконваць работу, не звязаную з маёй спецыяльнасцю, – вязаць металічную сетку”.

Аляксандр адмовіўся і вярнуўся дадому. Яго тут жа выклікалі ў Следчы камітэт. Стандартная ў наш час працэдура: дапыталі, правялі тлумачальную гутарку, узялі падпіску і адпусцілі.

“А яшчэ праз тыдзень паслалі ў падшэфны калгас збіраць на палях каменне, – працягвае Аляксандр. – Гэта таксама не мае ніякага дачынення да маёй працы. Але я зразумеў, што начальства гэта робіць ужо наўмысна”.

Дарэчы, за гэты перыяд з фабрыкі звольнілі яшчэ некалькі работнікаў, якія актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю.

“Той чалавек, які арганізоўваў забастоўку на фабрыцы, адмовіўся ехаць на месяц у такую камандзіроўку, і яго адразу звольнілі. Ён і яшчэ некалькі выдатных спецыялістаў з’ехалі ў Польшчу працаваць на падобных фабрыках”.

Дарэчы, начальства ўжо намякнула Аляксандру наконт звальнення…

«Трымацца няма за што, але і ісці няма куды»

Тытунёвая фабрыка, заўважае Аляксандр, хоць і лічыцца адным з лепшых падаткаплацельшчыкаў Гродна, але заробкі там не ва ўсіх высокія. Сам ён, маючы 3-і разрад, атрымлівае чыстымі каля 900 рублёў. Да гэтага можа дадацца прэмія рублёў у 500, калі ты на добрым рахунку ў начальства.

“Тыя, хто не хоча скакаць пад дудку кіраўніцтва, не атрымліваюць прэмій, а таму частка людзей звальняецца”, – кажа мой суразмоўца.

Аляксандр уздыхае: трымацца на фабрыцы асабліва няма за што, але і знайсці лепшую працу няма дзе, асабліва калі ў цябе сям’я і чацвёра дзяцей.

Вельмі многія, хто з ім працуе, не згодны з тым, што адбываецца, але маўчаць, бо працу знайсці складана, а ў людзей крэдыты ды і шмат іншых прычын, якія заўсёды знаходзяцца, каб трымаць рот на замку.

“У нас на фабрыцы многія працуюць цэлымі сем’ямі. І калі адзін трапляе пад рэпрэсіі, то сярод звольненых рана ці позна аказваецца ўся сям’я”. 

«Сваю пазіцыю я мяняць не хачу»

Сашу і тых, з кім ён працуе, вельмі хвалюе, што ў краіне наогул не дзейнічаюць ніякія законы: ні Працоўны кодэкс, ні Крымінальны, ні Адміністрацыйны, а суды, упэўнены ён, робяць усё што хочуць: “Цяпер нават без санкцыі пракурора могуць уварвацца да цябе ў кватэру і зрабіць што заўгодна”.

Аляксандр не згодны з агалошанымі вынікамі выбараў і не можа змірыцца з насіллем, якое ўжываецца да мірных людзей. Сваю пазіцыю мяняць не хоча. Але і сядзець у хаце і чакаць, калі за ім прыйдуць, таксама не збіраецца.

“Я бачу, што, відаць, і мне давядзецца з’ехаць адсюль, бо могуць проста пасадзіць, як гэта робіцца цяпер штодня, – з горыччу канстатуе Куваннікаў. – Канешне, я не хачу з’язджаць з Беларусі назаўсёды, але ў мяне чацвёра дзетак, і я вельмі хачу, каб яны раслі ў свабоднай, незалежнай краіне”.

Рашэнне аб ад’ездзе Аляксандру і яго жонцы даецца нялёгка – не адну ноч яны правялі ў роздумах і размовах. Але, калі ў краіне ўсё будзе ісці так, як цяпер, усё ж давядзецца з’язджаць.

“Жонка мяне падтрымлівае, бо хоча дабра для дзяцей”, – гаворыць мой суразмоўца.

Днямі Аляксандр вывесіў на балконе бел-чырвона-белы сцяг. Прыехаў АМАП. Праз дамафон загадалі зняць, бо інакш “будзе дрэнна”.

Праз дзень прыйшоў участковы складаць пратакол апытання, пабачыў на акне замест фіранкі сцяг і таксама распарадзіўся зняць. Але Аляксандр яму адказаў, што ў сваёй хаце будзе вешаць на вокны тое, што хоча.

Публікацыя з № 92 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання