Слуцкі збройны чын

224
Слуцкі збройны чын
Фота: Беларускае Радыё Рацыя

За што ваявалі беларусы 100 гадоў таму

Ад рэдакцыі

100 гадоў таму беларусы на Случчыне са зброяй у руках выйшлі на змаганне супраць бальшавіцкай улады. Адны гісторыкі называюць тагачасныя падзеі Слуцкім паўстаннем, другія – Слуцкім збройным чынам Беларускай Народнай Рэспублікі, трэція – стыхійным народным бунтам. Адны падкрэсліваюць нацыянальна-вызваленчы характар вайны на Случчыне, другія звыклым чынам спісваюць усё на знешні ўплыў, на чарговую «польскую інтрыгу»…

Пра тое, што ж насамрэч адбывалася ў лістападзе–снежні 1920 года на Случчыне ды ў яе ваколіцах, можна даведацца з кнігі «Слуцкі збройны чын 1920 года ў дакументах і матэрыялах». Паколькі наклад кнігі проста мізэрны (усяго 200 асобнікаў), мы перадрукоўваем з яе аглядны артыкул вядомага гісторыка Уладзіміра ЛЯХОЎСКАГА «Спозненае рэха антыбальшавіцкага змагання за Беларусь». Каб нашы чытачы ведалі сваю гісторыю і памяталі сваіх герояў, на сцягах якіх беларускія жанчыны вышывалі словы: «Тым, што пайшлі змагацца і паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Мне хочацца засяродзіць увагу найперш на ключавых момантах: перадумовах і рухаючых сілах нацыянальнага і сацыяльнага ўздыму на Случчыне ў 1920 годзе, прычынах паражэння паўстання, месцы і значэнні збройнага чыну случакоў у гісторыі беларускага вызвольнага руху.

У гістарычнай літаратуры ў дачыненні да гэтай падзеі найчасцей выкарыстоўваецца тэрмін «паўстанне», але, на думку многіх даследчыкаў, такое азначэнне не зусім слушнае. Паводле агульнапрынятай тэрміналогіі, паўстанне збройнае выступленне супраць існага ўладнага рэжыму, якому падкантрольна дадзеная тэрыторыя. Арганізацыя беларускіх органаў мясцовае ўлады і збройных сіл на Случчыне пачалася на завяршальным этапе польска-савецкай вайны, у час, калі большая частка павету не падпарадкоўвалася савецкай уладзе, а авангарды 16-й чырвонай арміі знаходзіліся ад Слуцка за некалькі дзясяткаў кіламетраў на ўсход. Аддзелы ж польскай 4-й арміі, паводле прэлімінарнага мірнага пагаднення, пачалі адыход на захад, на вызначаную дэмаркацыйную лінію. З другой паловы лістапада 1920 года цывільная ўлада на Случчыне перайшла ў рукі беларускіх нацыянальных арганізацый і вясковых валасных самаўрадаў. Гісторыкі беларускага замежжа паваеннага часу замест тэрміна «паўстанне» першымі пачалі ўжываць азначэнне «збройны чын». Гэта ўключае ў сябе і партызанскую вайну звычайную тактыку слабейшага супраць больш моцнага праціўніка. Тым не менш абодва тэрміны сёння суіснуюць у гістарычных выданнях і часта ўзаемазамяняюць адно аднаго.

Вытокі пратэсту

Пачаткам паўстання прынята лічыць 14 лістапада 1920 года, калі ў Слуцку распачаў працу Беларускі павятовы з’езд, які пацвердзіў сваю вернасць Акту 25 Сакавіка, што абвяшчаў Беларусь незалежнай і дэмакратычнай рэспублікай. 107 дэлегатаў форуму звярнуліся да сусветнай супольнасці з пратэстам супраць гвалтоўнага падзелу тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй і запатрабавалі вываду замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі.

На з’ездзе была ўтворана Беларуская рада Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам, якая абвясціла сябе адзінай законнай уладай у павеце, чым дэкларавалася непадпарадкаванне мясцовых органаў улады савецкаму ўраду. Гэта азначала непазбежнасць ваеннага канфлікту паміж прыхільнікамі БНР і Саветамі. Арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў усклала на сябе адмысловая «вайсковая тройка» (А.Анцыповіч, А.Бачко і Я.Мацэля), вылучаная са складу Рады.

24 лістапада Беларуская Рада, якая не ў стане была ўтрымаць Слуцк перад наступаючымі рэгулярнымі часткамі расійскага чырвонага войска, адышла разам са сваімі збройнымі сіламі з горада ў мястэчка Семежава. Там было завершана фарміраванне двух беларускіх палкоў Слуцкага і Грозаўскага. Пазней паўстанцы не аднойчы мянялі сваю дыслакацыю, каб пазбегнуць адкрытых баёў з перасяжнымі сіламі праціўніка.

Якім быў баявы патэнцыял

У гістарычнай літаратуры колькасны склад Слуцкай беларускай брыгады ацэньваецца па-рознаму. Удзельнікі збройнага чыну ва ўспамінах падаюць, што колькасць паўстанцаў складала ад 7 да 10 тысяч чалавек. Але гэтая лічба тычыцца ўсіх тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускай рады Случчыны ўступаць у беларускае войска і прыйшоў у Семежава. Адсутнасць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з гэтага мястэчка прымусіў многіх з іх вяртацца ў свае вёскі. Рэальна колькасны склад двух палкоў быў значна меншы.

У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзенага ў 1928 годзе дэфензівай (контрразведкай) Генеральнага штаба польскага войска, узгадваецца лічба 4 тысячы слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З.Карпус і В.Рэзмер паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў разведкі 4-й польскай арміі за снежань 1920 года, прыводзяць значна меншую лічбу 1100–1200 чалавек. Савецкія ваенныя крыніцы вызначаюць колькасны склад паўстанцкага войска прыкладна ў 2 тысячы чалавек, пры гэтым у зводках 16-й арміі за снежань 1920 года паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў не мела ўзбраення (паводле звестак упаўнаважанага ЧК па Слуцкім павеце, з двухтысячнага складу Слуцкай беларускай брыгады толькі 800 жаўнераў былі ўзброены вінтоўкамі і кулямётамі). Такім чынам, і польскія, і савецкія дадзеныя аб рэальным баявым патэнцыяле Слуцкай беларускай брыгады блізкія, і іх можна прызнаць аб’ектыўнымі.

Першы бой

Вядома, што першы бой паміж паўстанцамі і аддзелам 16-й арміі адбыўся 27 лістапада каля вёскі Васільчыцы. Падчас яго чырвонаармейцы былі выбіты з вёскі. За больш як месяц баявых дзеянняў Слуцкая беларуская брыгада ажыццявіла больш за дзесяць вайсковых акцый супраць рэгулярных савецкіх войск. Гэта былі пераважна партызанскія дыверсіі, якія прыносілі праціўніку шмат турбот. Паўстанцы пасля праведзеных вайсковых аперацый, як правіла, адыходзілі ў 30-кіламетровую нейтральную зону, якая падзяляла польскія і савецкія часці.

З прыходам да кіраўніцтва Слуцкай брыгадай капітана Антона Сокал-Кутылоўскага дзеянні паўстанцаў сталі больш рашучымі. Найбольш значная падзея адбылася 17–19 снежня 1920 года, калі 1-ы Слуцкі полк павёў адкрытае наступленне супраць чырвонаармейцаў уздоўж старога Слуцкага тракту і зноў авалодаў мястэчкам Семежава, а праз два дні мястэчкам Вызна. Цягам амаль цэлых сутак паўстанцы стрымлівалі атакі перасяжных сіл савецкіх войск і толькі ўвечары 19 снежня вымушаны былі адступіць, захапіўшы з сабой шмат вайсковай амуніцыі, зброі, а таксама палонных.

Савецкае кіраўніцтва сур’ёзна ўспрымала небяспеку слуцкага агменю супраціўлення, які мог перакінуцца на іншыя паветы Міншчыны і далей на ўсю Беларусь. На паўстанцаў былі кінуты дзве свежыя «надзейныя» дывізіі з суседняй 3-й арміі дзеля правядзення татальнай «зачысткі» нейтральнай зоны. У апошняй дэкадзе снежня аддзелы чырвонаармейцаў актывізавалі карныя аперацыі супраць случакоў. Адначасова савецкае вайсковае кіраўніцтва дамаглося ад польскага камандавання выканання палажэнняў прэлімінарнага пагаднення аб спыненні на той час дзейнасці ў нейтральнай зоне «антызаконных» вайсковых фарміраванняў.

Пасля прад’яўлення польскага ўльтыматуму асноўная частка Слуцкай брыгады 30 снежня 1920 года перайшла раку Лань і ў раёне вёскі Сіняўка была раззброена, а пасля інтэрніравана. Так завяршылася актыўная фаза Слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

На падмурку незалежнай беларускай дзяржавы

Пры ўсёй сціпласці вынікаў і сумных наступствах збройнага чыну трэба прызнаць, што гэта быў адзіны з рэдкіх фактаў у нашай найноўшай гісторыі, калі сацыяльныя памкненні шырокіх народных мас злучыліся з ідэяй беларускага вызвольнага руху. Выяўленыя архіўныя дакументы разбураюць старыя «сведчанні» аб тым, што «сутычак з Чырвонай арміяй не было; ні з аднаго, ні з другога бакоў не было зроблена ніводнага стрэлу», і што «ніякага паўстання ў Слуцку не адбывалася». Аднак і цяпер апалагеты савецкай канцэпцыі гісторыі Беларусі сцвярджаюць, што «слуцкая акцыя» была правакацыяй Пілсудскага і польскага ваеннага генеральнага штаба.

Трэба заўважыць, што такую думку падзялялі ў міжваенны час і некаторыя беларускія нацыянальныя дзеячы. Так, орган беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў «Беларуская Крыніца» ў лістападзе 1931 года (№38) пісаў: «Проціў Слуцкага паўстання, як паўстання беларускага народнага і незалежніцкага, часта можна пачуць закід, што яно было арганізавана палякамі для барацьбы з бальшавікамі і агулам для польскіх палітычных мэтаў на беларускіх землях. Вось жа факт пэўнай (дагэтуль нявыясненай) прыналежнасці да гэтай справы польскага генеральнага штаба і польскай палітыкі агулам застаецца фактам. Факт гэтай польскай прыналежнасці да Слуцкага паўстання сцвярджае таксама і тое, што камандаванне паўстанцкае было ў сціслым кантакце з так званай беларускай Найвышэйшай Радай, якая трымалася польскай арыентацыі…»

«Польскі след»

На «польскім следзе» ў слуцкіх падзеях варта спыніцца больш падрабязна. Пасля таго, як «крэсы ўсходнія» былі захоплены ў 1919 годзе падчас вайны з Савецкай Расіяй, перад польскім кіраўніцтвам стаяла задача даказаць сусветнай супольнасці, што Беларусь ёсць неад’емнай часткай Польшчы і што мясцовыя жыхары жадаюць жыць у складзе «польскай Рэчы Паспалітай». Так званая «федэралісцкая канцэпцыя» польскага кіраўніка Ю.Пілсудскага не ставіла за мэту стварэнне раўнапраўнай федэрацыі Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. У інтарэсах польскай дзяржавы Пілсудскі марыў стварыць міждзяржаўны буфер з лаяльных да палякаў сатэлітаў, каб пазбегнуць небяспечнага суседства з Савецкай Расіяй.

Аб «прывержанасці» ідэі федэралізму Ю.Пілсудскі так заявіў свайму паплечніку Л.Васілеўскаму 8 красавіка 1919 года: «Не хачу быць ні імперыялістам, ні федэралістам, пакуль няма мажлівасці казаць пра гэтыя справы больш-менш сур’ёзна… Дзеля таго, што на Божым свеце пачынае, здаецца, перамагаць балбатня пра братэрства людзей і народаў і амерыканскія дактрынкі, ахвотна схіляюся на бок федэралістаў».

На акупаванай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады імкнуліся ўмацаваць сваю палітычную, эканамічную і культурную прысутнасць, каб прывязаць беларускія тэрыторыі да Польшчы. Разам з акупацыйнай адміністрацыяй дзеля гэтай мэты дзейнічалі і паўграмадскія арганізацыі, якія, дзякуючы шчодрай фінансавай падтрымцы варшаўскага ўрада, праводзілі актыўную ідэалагічную апрацоўку тутэйшых жыхароў. Найбольшай актыўнасцю вызначалася Таварыства стражаў крэсовых (ТСК). Ягонай галоўнай мэтай стала «абарона зямель на крэсах усходніх, па праву належачых Польшчы», адраджэнне тут польскага грамадскага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця. Вянцом чыннасці ТСК на беларускіх землях стала арганізацыя краёвага плебісцыту на пачатку 1920 года, на якім насельніцтва павінна было падтрымаць далучэнне беларускіх тэрыторый да польскай Рэчы Паспалітай.

Але ў Слуцкім павеце польская прапаганда не мела вялікага поспеху, бо тут адсутнічала тая сацыяльная база, на якую «стражы крэсовыя» маглі б абаперціся. На Случчыне антыпольскія настроі мелі даўнія гістарычныя традыцыі, да таго ж гэта рэгіён, дзе пераважала праваслаўе. «Адсюль наносіліся найбольш балючыя ўдары на Польскую Рэч Паспалітую… Грамадства тут жыве праваслаўна-яўрэйскае, дужа варожае, поўнае помсты і нянавісці да ўсяго польскага», – паведамляў на пачатку 1920 года слуцкі рэвідэнт ТСК.

Непрыняцце беларускім сялянствам пальшчызны ў першую чаргу тлумачыцца тымі сацыяльна-эканамічнымі варункамі, якія склаліся ў рэгіёне. Слуцкім абшарнікам, якія былі пераважна каталіцкага веравызнання і вызнавалі сябе за «палякаў», напярэдадні Першай сусветнай вайны належала да 60% сельскагаспадарчых плошчаў. Тутэйшыя праваслаўныя сяляне былі кроўна зацікаўлены ў ліквідацыі абшарніцкага земляўласніцтва, за «польскаю партыяй» ім ісці не было ніякага рэзону.

Разам з тым «крэсовымі» рэвідэнтамі адзначалася слабая «польская свядомасць» і сярод тутэйшых шляхціцаў, якія дрэнна валодалі польскай мовай, «пахаваліся ў засценках і фальварках» і не праяўлялі аніякай грамадскай ініцыятывы.

У апазіцыі да польскай акупацыі стаялі мясцовыя беларускія нацыянальныя арганізацыі. Іхняй мэтай было пашырэнне сярод тутэйшых жыхароў беларускай нацыянальнай свядомасці, садзейнічанне ўмацаванню эканамічных і культурных падстаў незалежнай беларускай дзяржаўнасці. Першыя беларускія нацыянальныя гурткі на Случчыне паўсталі яшчэ ў канцы ХIХ cтагоддзя. Падчас рэвалюцыйных падзей 1905–1906 гадоў у Слуцкім павеце ўзніклі суполкі Беларускай сацыялістычнай грамады, але з прыходам палітычнай рэакцыі пасля 1907-га беларускае палітычнае жыццё тут заціхае.

Шалі хісталіся…

Аднаўленне чыннасці беларускіх нацыянальных арганізацый на Случчыне адбылося пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. У гэты час тут паўстаюць беларускія маладзёжныя і вучнёўскія гурткі: слуцкая «Папараць- кветка», грозаўская «Зарніца», «Кутнёўская навуковая грамада» і іншыя. Значную ролю ў пашырэнні беларускай справы ў павеце адыграў тады Радаслаў Астроўскі, ураджэнец гэтых месцаў, былы выкладчык Мінскага настаўніцкага інстытута, якога Часовы расійскі ўрад прызначыў сваім павятовым камісарам. Яго намаганнямі ў жніўні 1917 года ў Слуцку была створана земская гімназія, навучальная праграма якой уключала выкладанне беларускай мовы і беларусазнаўства. А яшчэ раней, у сакавіку таго ж года, была арганізавана гарадская міліцыя, дзе кіруючыя пасады занялі вядомыя беларускія дзеячы Марк Асвяцімскі, Апанас Анташэўскі і іншыя. Менавіта гэтая паўвайсковая структура, што забяспечвала грамадскі парадак у горадзе, стала асновай Слуцкай беларускай брыгады ў лістападзе 1920 года.

Але, нягледзячы на пэўныя поспехі, беларускі рух не ствараў тады вялікага «поля ўплыву» на тутэйшае сялянства. Чыннасць мясцовых беларускіх гурткоў, якія складаліся пераважна з тутэйшай моладзі, рэдка выходзіла за сцены гэтых арганізацый. Спачатку ўсё абмяжоўвалася правядзеннем культурна-асветных акцый. Большая частка тутэйшай інтэлектуальнай эліты заставалася пад уплывам «заходнерусізму» і негатыўна ставілася да думкі пра самастойнасць Беларусі. Нацыянальна свядомая частка інтэлігенцыі яшчэ не настолькі паверыла ў сваё прызначэнне, каб узяць у свае рукі справу мясцовага самакіравання і вывесці тутэйшага селяніна з-пад чужога ідэалагічнага ўплыву. Уплываў і моцны адміністрацыйны ўхіл у бок «агульнарасійскага патрыятызму» кіраўніцтва павятовага земства, якое трымала ў сваіх руках важныя рычагі эканамічнага і культурнага жыцця вёскі.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі не атрымала тут вялікага рэзанансу. Усё ж ні павятовае земства, якое знаходзілася пад кантролем расійскіх сацыял-рэвалюцыянераў, ні русафільская ліберальная інтэлігенцыя не сталі галоўнымі праціўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння пасля кастрычніка 1917 года. Пад уплывам тагачасных палітычных падзей антыбеларуская сутнасць «старога заходнерусізму» паступова вымывалася ды запаўнялася беларускiм нацыянальным зместам.

Слуцкі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які быў утвораны яшчэ ў 1918 годзе, найбольшую актыўнасць выявіў у часы польскай акупацыі (1919–1920). Скарыстаўшы сваё легальнае становішча, ён скіраваў увагу на развіццё ў павеце беларускага школьніцтва і кааператыўнага руху.

Увесну 1920 года былі зроблены нясмелыя крокі, каб вырваць з-пад польскага кантролю органы мясцовага самакіравання. Але здзейсніць гэта ўдалося толькі напярэдадні збройнага чыну. Акупацыйныя ўлады ў павеце мяняліся, а беларускі селянін намагаўся жыць сваім жыццём. Найперш яго турбавала пытанне аб зямлі. Скасаванне буйнога абшарніцкага земляўласніцтва, перадача зямлі сялянскім гаспадаркам гэта тая «нацыянальная ідэя», якую падтрымлівала абсалютная большасць тутэйшага сялянства. Тая палітычная сіла, якая абяцала вырашыць зямельнае пытанне на карысць сялянскіх мас, і станавілася дамінуючай у краіне.

Гэтую сітуацыю выдатна скарысталі бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады на хвалі папулісцкіх абяцанняў і дзякуючы палітыцы часовага «ўлагоджвання» заможнага і сярэдняга сялянства за кошт абшарніцкай ўласнасці. Але калі ў разгар вайны з Польшчай савецкая ўлада пачала прымусовую мабілізацыю ў войска, а харчовымі вайсковымі аддзеламі праводзілася масавая рэквізіцыя хатняй жывёлы, правіянту і фуражу, сяляне ў адказ узяліся за зброю. Яны не жадалі быць «гарматным мясам» у бальшавіцкіх планах сусветнай рэвалюцыі. Гэта быў той момант, калі сацыяльная і нацыянальная складовыя антыбальшавіцкага супраціву злучыліся ў адзінае цэлае.

Случакі баранілі сваё

Менавіта Слуцкі БНК і іншыя мясцовыя беларускія арганізацыі сталі арганізацыйнымі асяродкамі антысавецкага паўстання ў лістападзе-снежні 1920 года. Нават слуцкае праваслаўнае святарства на чале з будучым слуцкім епіскапам, протаіерэем Мікалаем Шамяцілам падтрымала гэты патрыятычны рух. Досвед, вынесены з ваенных і рэвалюцыйных падзей 1914–1920 гадоў, падказваў беларускаму селяніну, што ніхто звонку не абароніць ягоныя сацыяльныя і эканамічныя правы.

Слуцкі збройны чын
Фота: Вікіпедыя

Варта зазначыць, што сялянскія гаспадаркі Случчыны не былi так моцна пашкоджаны ды разбураны падчас Першай сусветнай вайны, як гэта здарылася на Віленшчыне і Гродзеншчыне. Не закранула моцна гэты рэгіён і ліха масавага бежанства. Дэмаграфічныя страты Слуцкага павета за 1914–1919 гады, паводле польскіх дадзеных, склалі ўсяго 4,6%. У эканамічным плане за рэвалюцыйныя гады слуцкае сялянства палепшыла сваё становішча. Адбылося гэта ў першую чаргу за кошт мясцовых абшарнікаў, якія ў масавым парадку пад уплывам рэвалюцыі за бясцэнак прадавалі сваю зямлю. Нярэдка права на ўласнасць у гэты час вырашалася «рэвалюцыйным шляхам». Заможнаму слуцкаму сялянству было што губляць ад бальшавiцкiх экспрапрыяцый і было што баранiць. Тутэйшы селянін, які падтрымаў паўстанне, не паглыбляўся ў палітыку Беларускае рады Случчыны. Для яго было дастаткова слова «беларуская».

Раскол у беларускім руху

Барацьба за дзяржаўную незалежнасць абцяжарвалася палітычным расколам у беларускім руху. Сілы, што рабілі стаўку на супрацоўніцтва з Польшчай, не мелі падтрымкі ў шырокіх народных масах. У гэты час набірала моц Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), якая вызнавала сялянскі сацыялізм і стаяла на антыпольскіх пазіцыях. Гэта была самая масавая беларуская палітычная арганізацыя, да якой належала некалькі тысяч актывістаў. На Случчыне эсэры складалі касцяк усіх беларускіх арганізацыйных структур, у тым ліку і мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэта. Ідэалагічная роднасць паміж бальшавікамі і эсэрамі прывяла іх да часовага хаўрусу супраць Польшчы ў канцы 1919 года. Пасля заняцця Слуцкага павета Чырвонай арміяй летам 1920-га частка эсэраў на чале з Андрэем Бараноўскім увайшла ў склад павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта і іншых органаў савецкай улады. Антысялянская палітыка «ваеннага камунізму», а таксама заключэнне польска-савецкага пагаднення аб падзеле Беларусі паскорыла палітычнае размежаванне ў шэрагах БПС-Р на тых, хто выступаў за збройнае змаганне супраць бальшавікоў, і тых, хто далей разлічваў на супрацоўніцтва з новай уладай. Гэтая палітычная раздвоенасць беларускіх эсэраў, якія ўзначалілі палітычны цэнтр паўстання ў лістападзе 1920 года, негатыўна адбілася на ходзе і характары слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Войска пад бел-чырвона-белым сцягам

На завяршальным этапе польска-савецкай вайны, месяцам раней за Слуцкі збройны чын, адбылася яшчэ адна вайсковая акцыя супраць чырвоных войскаў – палескі паход генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У кастрычніку 1920 года балахоўцы з баямі дайшлі да Рэчыцы, але пад ударамі перасяжных сіл чырвонаармейцаў мусілі адступіць на захад. Свой паход Балаховіч здзяйсняў пад бел-чырвона-белым сцягам з мэтай утварэння беларускай дзяржавы. Факт яўнай няўзгодненасці і несупадзенне ў часе гэтых антыбальшавіцкіх акцый, якія па логіцы тагачаснай ваенна-палітычнай сітуацыі павінны былі праводзіцца супольна, можна растлумачыць хіба тым, што планаваліся яны рознымі палітычнымі цэнтрамі.

Адносна Станіслава Булак-Балаховіча і дагэтуль не сціхаюць спрэчкі. Адны лічаць яго героем і патрыётам Беларусі, іншыя – злачынцам і бандытам. Постаць генерала сапраўды заслугоўвае больш грунтоўнага вывучэння. Ягоная адданасць беларускай нацыянальнай ідэі выклікае ў многіх даследчыкаў сумненні. Узгадваецца пры гэтым характарыстыка, якую быццам даў Булак-Балаховічу Ю.Пілсудскі: «Так, бандыт, але не толькі бандыт, а яшчэ чалавек, які сёння расіец, заўтра паляк, паслязаўтра беларус, а яшчэ праз дзень – негр». Сапраўднасць такога выказвання многімі сёння аспрэчваецца. Яно выцягнута з паказанняў Б.Савінкава падчас маскоўскага судовага працэсу ў 1925 годзе, дзе былы кіраўнік расійскай антыбальшавіцкай апазіцыі ўсімі сіламі імкнуўся ачарніць імя Булак-Балаховіча.

Лявон Дубейкаўскі, які добра ведаў генерала па Варшаве, сцвярджаў, што «Балаховіч шчыры беларус, хоць і генерал, віхор, вядома, як ваенны», а многія ягоныя заявы – усяго толькі тактычныя манеўры, каб выбіць у расійцаў, палякаў і французаў патрэбныя для забеспячэння сваёй вайсковай акцыі грошы і зброю.

Негатыўнае ўспрыняцце асобы Балаховіча тлумачыцца не ў апошнюю чаргу рысамі характару гэтага чалавека. Паводле ўспамінаў ягоных сучаснікаў, генерал вызначаўся неўраўнаважанасцю, нястрыманасцю ў выказваннях і празмернаю амбіцыйнасцю.

Яшчэ ўвосень 1919 года лідары беларускага руху звязвалі з генералам вялікія надзеі. Бліскучы баявы камандзір, які вызнаваў левыя палітычныя погляды і ў той жа час выдатна праявіў сябе ў баях супраць бальшавікоў у складзе арміі генерала Юдзеніча, даваў папярэднюю згоду перайсці пад кіраўніцтва Беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Лідары БНР, якія сядзелі ў Варшаве і акупаваным палякамі Мінску, спадзяваліся на тое, што збройныя фарміраванні беларускага генерала складуць аснову беларускага войска. Але ў бэнээраўцаў не было ні рэальнай улады ў самой краіне, ні міжнароднай падтрымкі з боку ўплывовых еўрапейскіх краін, ні патрэбных фінансавых сродкаў дзеля таго, каб здзейсніць перадыслакацыю балахоўскіх вайсковых часцей у Беларусь і забяспечыць іх усім неабходным. Да таго ж усё ўскладніў раскол Рады БНР у снежні 1919 года.

Сутнасць палітычных рэалій Булак-Балаховіч хутка зразумеў і без усякіх пасрэднікаў сам дамовіўся з палякамі ў лютым 1920 года аб пераводзе свайго палка ў раён Брэста, дзе распачаў актыўную вярбоўку тутэйшых добраахвотнікаў, праводзіў партызанскія акцыі, нападаючы на вайсковыя штабы і рабуючы абозы чырвонаармейцаў. У кастрычніку 1920 года яго войска ўтварала ўжо сур’ёзную ваенную сілу: 7500 стральцоў, 2500 коннікаў, 150 кулямётаў і 36 гармат. Напярэдадні палескага паходу да балахоўскіх аддзелаў далучыліся расійскія і ўкраінскія фарміраванні, і агульны склад гэтай арміі сягаў 20 тысяч чалавек.

Адносна падтрымкі, аказанай Балаховічу Пілсудскім, ёсць розныя меркаванні. Адны лічаць, што гэта была апошняя спроба начальніка Польскай дзяржавы ажыццявіць сваю «федэралісцкую канцэпцыю». Іншыя даследчыкі тлумачаць гэта толькі імкненнем польскага Генеральнага штаба дэстабілізаваць ўнутрыпалітычнае становішча ў Савецкай Расіі і дамагчыся ад яе большых саступак на мірных перамовах. Ёсць таксама версія, што гэтая акцыя была прымеркавана да віленскага паходу Беларуска-літоўскай дывізіі генерала Люцыяна Жэлігоўскага дзеля таго, каб прыцягнуць у гэты час значныя сілы Чырвонай арміі на ліквідацыю балахоўскага наступлення і не даць магчымасці савецкаму кіраўніцтву ўмяшацца ў польска-літоўскую спрэчку за Віленшчыну.

Як бы там ні было, можна канстатаваць, што польская ваенная дапамога Балаховічу была вельмі сціплай. Палітычная праграма генерала была збольшага запазычана ў Барыса Савінкава, з якім генерал заключыў палітычны хаўрус. «Закон, парадак, зямля народу» – галоўны іх палітычны тэзіс, які пацвярджаў асноўныя сацыяльныя заваёвы працоўных мас падчас рэвалюцыі 1917 года. Набыццё сялянамі зямлі «рэвалюцыйным шляхам» абвяшчалася «справядлівым і гістарычна непазбежным». Прызнаваліся прынцып нацыянальнага самавызначэння і права ўсіх народаў на «самастойнае палітычнае быццё»; тэрытарыяльныя спрэчкі паміж «Вялікарасіяй» і нацыянальнымі ўскраінамі былой царскай імперыі мусілі вырашацца мірным шляхам. 

Чаму Булак-Балаховіч не стаў «начальнікам беларускай дзяржавы»

Сацыяльныя палажэнні дэкларацыі Савінкава–Балаховіча, як бачым, былі высунуты на першае месца з мэтай прыцягнуць на свой бок вёску, якая цярпела ад бальшавіцкіх «продразверсток». Але гэтая праграма не даходзіла да ведама большасці вясковых жыхароў. Затое даходзіла бальшавіцкая прапагандысцкая літаратура, што прадстаўляла ворагамі сялян балахоўцаў і савінкаўцаў, якія жадаюць рэанімацыі старога палітычнага ладу і аднаўлення «паншчыны». Яшчэ не пачаўшы свой паход, Балаховіч прайграў бальшавікам інфармацыйную вайну.

Генерал марыў стаць «начальнікам беларускай дзяржавы». Пасля ўзяцця Мазыра, дзе на цэнтральным гарадскім пляцы быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, Балаховіч заявіў Савінкаву: «Ведаеце, беларускі народ прапануе мне стаць начальнікам беларускай дзяржавы». – «Заўтра вас выганіць Пілсудскі», – было сказана ў адказ. Балаховічу трэба было заручыцца падтрымкай і з боку беларускіх нацыянальных арганізацый. Але супрацоўніцтва Балаховіча з Савінкавым і польскімі спецслужбамі прывяло да канчатковага разрыву паміж генералам і Найвышэйшай радай БНР, кіраўніцтва якой знаходзілася тады ў Варшаве. Адзін з кіраўнікоў Найвышэйшай рады Кузьма Цярэшчанка заявіў тады: «Для беларусаў Балаховіч з’яўляўся прэдстаўніком чорнай расійскай рэакцыі ў «единой-неделимой».

У гэтай сітуацыі генерал робіць стаўку на паланафільскую групу Паўла Алексюка і Вячаслава Адамовіча-старэйшага. Створаны апошнімі Беларускі палітычны камітэт становіцца «цывільным урадам» Булак-Балаховіча падчас палескага паходу 1920 года. Але армія Балаховіча па сваім складзе была далёкай ад таго, каб называцца беларускай народна-вызваленчай. Большая частка яе складалася з украінскіх і расійскіх («белых») аддзелаў, засмечаных рознымі авантурыстамі і маргіналамі, якія вызначыліся ў рабаванні мясцовага насельніцтва і яўрэйскіх пагромах. Пагромы ўзнікалі стыхійна ва ўмовах адсутнасці належнай вайсковай дысцыпліны ў арміі Балаховіча.

З архіўных дакументаў вядомы выпадкі, калі Балаховіч публічна судзіў і расстрэльваў пагромшчыкаў, але нават падобныя меры не спынілі гвалт і анархію. Тутэйшыя яўрэі ўспрымаліся многімі балахоўцамі як прыхільнікі ці спачувальнікі бальшавікоў. Згадкі некаторых аўтараў аб тым, што ў складзе збройных фарміраванняў Булак-Балаховіча быў арганізаваны «яўрэйскі швадрон» на чале з паручнікам Цэтліным, не пацвярджаюцца архіўнымі крыніцамі. Такая задума была ў генерала, але яна не была здзейснена. Тыя нешматлікія яўрэі-добраахвотнікі, якіх збіраў Цэтлін з навакольных мястэчак, праз дзень збягалі дахаты ад зняваг з боку «хрысціянскага воінства».

Рэквізіцыя харчоў і фуражу ва ўмовах «самазабеспячэння» прыводзіла да непазбежных канфліктаў з тутэйшымі сялянамі. У самы адказны момант лагер Балаховіча пакінуў генерал Перамыкін са сваімі аддзеламі. Адмова Найвышэйшай рады БНР падтрымаць Булак-Балаховіча стала падставай для заявы дарадцы Пілсудскага Дашынскага аб тым, што «ў палітыцы лічацца толька з тым, хто разам са словам дэманструе зброю. Вы, беларусы, толькі гаворыце, а чыну ад вас няма». 

Пад лозунгамі «краёвага патрыятызму»

Мажліва, што менавіта гэткія меркаванні падштурхнулі прадстаўнікоў згаданага палітычнага крыла беларускага нацыянальнага руху да планавання ўласнай «вайсковай акцыі», якую меркавалася правесці ў Слуцкім павеце. У хаўруснікі меркавалася ўзяць вядомых польскіх крэсовых палітыкаў, колішніх сяброў Польска-беларускага таварыства (Гардзялкоўскага, Крупскага, Парэмбскага і інш.), якія былі лаяльныя да беларускага руху і выступалі супраць адыходу цэнтральнай і ўсходняй Беларусі пад уладу бальшавікоў.

Перспектыва страціць свае маёнткі, якія апынуліся на савецкім баку Беларусі, узняла хвалю пратэсту мясцовых абшарнікаў супраць папярэдніх ўмоў польска-савецкага мірнага пагаднення. У гэты час дэлегацыі крэсовых «палякаў» прыязджалі ў Варшаву і дабіваліся ад польскага ўраду далучэння ўсіх «крэсаў усходніх» у склад Польшчы. Гэты «краёвы патрыятызм» імкнуліся скарыстаць прадстаўнікі Найвышэйшай рады БНР у сваіх мэтах.

Пасрэднікам у перамовах паміж «польскім колам» і беларусамі павінен быў выступіць тагачасны кіраўнік Варшаўскай місіі БНР Л.Дубейкаўскі. Але заручыцца падтрымкай польскіх краёўцаў так і не ўдалося. Запланаваная ў лістападзе 1920 года ў Баранавічах сумесная нарада па гэтым пытанні не адбылася. Таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гродзеншчыне ў склад нацыянальных збройных аддзелаў.

На Пражскай палітычнай нарадзе ў верасні 1921 года на сцвярджэнне ўдзельніка слуцкіх падзей Арсеня Паўлюкевіча аб тым, што Дубейкаўскі з’яўляўся «каардынатарам» збройнага чыну, апошні абвергнуў гэта: «А паўстанне было зроблена тады, калі адыходзілі бальшавікі. Яно паўстала само сабой». Згадаўшы аб той ролі, якую адыграў у паўстанні Паўлюкевіч, то можна меркаваць, што ягоная заява ў Празе была невыпадковай. Узгадаем, што 1 лістапада 1920 года Паўлюкевіч скарыстаўся бяздзейнасцю старога («эсэраўскага») складу Слуцкага БНК, ініцыяваў скліканне гарадскога сходу Слуцка, дзе правёў у новы склад камітэта сваіх прыхільнікаў. Пры падтрымцы польскіх мясцовых улад на базе гарадской міліцыі пачалося фарміраванне першых збройных аддзелаў. Дагэтуль не высветлена, хто канкрэтна стаяў за асобай Паўлюкевіча: польскае камандаванне, Балаховіч ці нехта іншы. Зусім верагодна, што якраз Дубейкаўскі быў той ключавой фігурай паміж Паўлюкевічам, польскімі коламі і рэшткамі балахоўскіх збройных фарміраванняў у запланаванай антыбальшавіцкай вайсковай акцыі ў Слуцкім павеце.

Але падзеі развіваліся па іншым сцэнарыі. Беларускім эсэрам каштавала вялікіх высілкаў, каб перахапіць у Паўлюкевіча і ягоных прыхільнікаў палітычную ініцыятыву і не дапусціць апошніх да кіравання паўстаннем. Дзеля гэтага яны скарысталі ўвесь свой арганізацыйны патэнцыял і падтрымку Найвышэйшай рады БНР. На Беларускім з’ездзе Слуцкага павета Паўлюкевічу не хапіла ўсяго двух галасоў, каб перамагчы эсэраўскага стаўленіка Уладзіміра Пракулевіча. Такі паварот падзей пацягнуў за сабой фактычнае спыненне ваеннай падтрымкі паўстанцаў з боку польскіх вайскоўцаў. Значная частка прадстаўленых легіянерамі ружжаў была сапсавана, і случакам даводзілася здабываць сабе зброю і боепрыпасы падчас баявых аперацый супраць чырвонаармейцаў.

Беларускія эсэры, узначаліўшы паўстанне, апынуліся перад пытаннем – што рабіць далей? Дапамога ад Найвышэйшай рады БНР абмежавалася нязначнай фінансавай дапамогай і дэлегаваннем некалькіх афіцэраў пад загадам кіраўніка БВК Андрэя Якубецкага. Палітычнае кіраўніцтва БПС-Р – ЦК гэтай партыі, якое яшчэ легальна дзейнічала ў Мінску (Я.Трахімаў, М.Шыла, М.Пашковіч і інш.), фактычна ўхілілася ад шчыльных кантактаў з паўстанцамі.

Роля Антона Сокал-Кутылоўскага

Калі прааналізаваць чыннасць Беларускай рады Случчыны ў гэтых умовах, то можа скласціся ўражанне, што яна імкнулася звесці ўвесь збройны чын толькі да ваеннай дэманстрацыі. Савецкая ўлада для беларускіх сацыялістаў па сваёй ідэалагічнай накіраванасці была больш «родная», чым польская. Нездарма пасля ліквідацыі паўстання частка беларускіх эсэраў (С.Бусел, Я.Гузней, В.Русак і інш.) актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі антыпольскай партызанкі на Віленшчыне і Гродзеншчыне ў 1921–1923 гадах, а ўдзельнік слуцкіх падзей Язэп Лагіновіч (Корчык) стаў адным з кіраўнікоў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Нежаданне прыхільнікаў «сялянскага сацыялізму» весці актыўныя баявыя дзеянні супраць Чырвонай арміі сутыкнулася з рашучымі настроямі большасці афіцэраў і жаўнераў Слуцкай беларускай брыгады. Апошнiя не вельмi разбiралiся ў перыпетыях палiтычнай барацьбы ды кiравалiся жаданнем змагацца супраць бальшавікоў.

На апошняй фазе паўстання на чале збройных сіл случакоў стаў штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, на якога былі ўскладзены дыктатарскія паўнамоцтвы. Менавіта на гэты час прыпадаюць найбольш значныя вайсковыя аперацыі паўстанцаў.

Чаму паўстанне пацярпела паразу

Ліквідацыя збройнага чыну была ўспрынята кіраўніцтвам Найвышэйшай рады БНР і Беларускай рады Случчыны з палёгкай. Галоўнай прычынай хуткага падаўлення сялянскага супраціву была адсутнасць сур’ёзнай палітычнай арганізацыі, якая магла б згуртаваць адасобленыя агмені антыбальшавіцкага супраціву пад сцягам нацыянальнай незалежнасці. Такой арганізацыяй не стала ні партыя беларускіх эсэраў, ні так званая сялянская партыя «Зялёны дуб». Агульная арганізацыя сумесных дзеянняў сялянскіх паўстанцаў у Беларусі не выходзіла за межы аднаго павета. Ідэя беларускай дзяржаўнасці не стала яшчэ галоўным кансалідуючым фактарам у дзейнасці мясцовай палітычнай эліты, якая была схільна да розных формаў калабарацыі. Гэтаму не садзейнічала слабае нацыянальнае ўсведамленне грамадства, перавага левага радыкалізму ў вызваленчым руху, адсутнасць дзейснай падтрымкі з боку міжнароднай дэмакратычнай супольнасці.

Будзем памятаць таксама пра тыя метады, якія скарыстоўвалі бальшавіцкія ўлады для падаўлення сялянскіх паўстанняў, у тым ліку і на Случчыне. Рэпрэсіі ўжываліся не толькі супраць удзельнікаў антысавецкіх збройных фарміраванняў. Карныя аперацыі так званых «ЧОНаў» (частей особого назначения) праводзіліся супраць цэлых вёсак. У Беларусі асаблівай жорсткасцю вызначаўся карны аддзел камісара Стока. Каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі з боку родных і сваякоў, савецкая ўлада ўжывала практыку гвалтоўных высяленняў «бандыцкіх» сем’яў у цэнтральныя рэгіёны Расіі за сотні кіламетраў ад родных месцаў. Канфіскаваную маёмасць «бандыцкіх прыспешнікаў» размяркоўвалі паміж «чэсных грамадзян».

Аднаго з галоўных «ліквідатараў» Слуцкага збройнага чыну Яна Ольскага савецкая ўлада высока адзначыла. «За энергічную і самаадданую працу па барацьбе з ворагамі рэвалюцыі на вонкавым і нутраным франтах Рэспублікі» былы загадчык асобага аддзела 16-й арміі і кіраўнік ЧКБел-ГПУ БССР у 1921–1923 гадах быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У антыбальшавіцкім змаганні беларуская вёска фактычна засталася без масавай падтрымкі горада, што не ў апошнюю чаргу звязана з асаблівасцямі нацыянальнага і сацыяльнага складу гарадскога жыхарства ў Беларусі. Ніжэйшыя і сярэднія слаі яўрэйства, што складала значную частку насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак, у першыя гады савецкай улады захапляліся камунізмам. Калі мясцовыя абшарнікі і прадпрымальнікі пры новай уладзе гублялі свае капіталы, прадпрыемствы і фальваркі, а сялянства стагнала ад рэквізіцый хлеба і хатняй жывёлы, дык сацыяльнае, палітычнае і матэрыяльнае становішча дробных яўрэйскіх гандляроў і рамеснікаў не пагоршылася, а нават трохі палепшылася. Бальшавізм вызваляў апошніх ад нацыянальнай няроўнасці, уздымаў іх сацыяльны статус. Для спрытнай яўрэйскай моладзі, якая вырвалася са свайго кансерватыўнага асяроддзя і атрымала адукацыю ў казённых рускамоўных школах, пры новай уладзе адкрываўся шырокі шлях для кар’ернага росту ў савецкім дзяржаўным апараце. Другая частка тутэйшага яўрэйства – артадоксы і правыя сіяністы – у дачыненні да беларускага руху па-ранейшаму трымаліся пазіцыі неўмяшальніцтва.

Сацыяльна-псіхалагічная стомленасць беларусаў ад наступстваў Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйнага закалоту – не апошні фактар, які тлумачыць прычыну хуткага згасання антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі. Перажыўшы вялікія сацыяльныя ўзрушэнні, разгул бяспраўя і гвалту з боку розных уладных і ваенных рэжымаў, насельніцтва краю прагнула не вайны, а хоць нейкай стабільнасці. Супраціў новай уладзе быў пераважна пасіўны.

Савецкая прапагандысцкая сістэма рабіла ўсё, каб праўда аб слуцкіх падзеях не дайшла да нашчадкаў. Але народ захаваў памяць аб сваіх героях. Яна збераглася нават у сучасным беларускім фальклоры: народных песнях і паданнях. Праўда аб Слуцкім збройным чыне захавалася ў архіўных дакументах, паведамленнях тагачасных газет, ва ўспамінах і паказаннях былых паўстанцаў, «выбітых» у іх следчымі ГПУ-НКВД пасля арыштаў у 1930–1940-я гады.

Публікацыя з № 92 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання