Праваабаронцы выступілі супраць наступлення на Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў

126
Фота з сайта https://spring96.org/
Фота з сайта https://spring96.org/

Шэраг беларускіх праваахоўных арганізацый выступіў з заявай пратэсту супраць рэпрэсій, распачатых беларускімі ўладамі ў адносінах да адной з найстарэйшых маладзёжных арганізацый нашай краіны.

“12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых маладзёжных арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідараў і актывістаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС), у кватэрах членаў студэнцкага аб’яднання ды ў офісе арганізацыі адбыліся вобыскі.

Сярод тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі – былыя і цяперашнія студэнты, прыхільнікі ЗБС: Ксенія Сырамалот, Алана Гебрэмарыям, Ягор Канецкі, Яна Арабейка і Кася Будзько. Затрыманая 12 лістапада ў Мінску актывістка ЗБС і член Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, прадстаўніца экс-кандыдаткі на пасаду прэзідэнта краіны Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай у крымінальнай справе і знаходзіцца ў турме КДБ.

Вылучанае ў якасці падставы для затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні да сябраў ЗБС падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) з’яўляецца відавочна безпадстаўным і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных спраў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму”, – заявілі прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі ды кааліцыйных і парасонавых аб’яднанняў Беларускай грамадзянскай супольнасці.

Яны выказалі рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу ды іншых форм рэпрэсій у дачыненні да лідараў, актывістаў ды прыхільнікаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў і ўсіх іншых НДА, якія падпалі пад палітычны пераслед.

ЗБС – адна з найстарэйшых і найвядомейшых арганізацый беларускай моладзі. Задзіночанне паўстала як антыкамуністычная маладзёжная арганізацыя напрыканцы 1980-х гадоў, у часы ўмацавання дыктатуры Лукашэнкі яднала дэмакратычную моладзь на глебе супраціву аўтарытарнаму рэваншу, за што напачатку 2000-х гадоў было пазбаўленае юрыдычнай рэгістрацыі. Аднак арганізацыя выстаяла перад шматлікімі рэпрэсіямі і захавала здольнасць прыцягваць у свае шэрагі беларускую моладзь, для якой важныя каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека.


Няма запісаў для адлюстравання